Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Узаемныя інтарэсы, кантакты і дачыненьні ў міжваенную пару
Яшчэ восеньню 1918 г. Куршман прадбачыў, што беларусы калі-небудзь не без падстаў будуць з удзячнасьцю ўспамінаць нямецкую акупацыю. Натуральна, ён меў на ўвазе яе палітычныя аспэкты. Праз восем гадоў яго калега з Бэрлінскага ўнівэрсытэту, прафэсар М. Фасмэр адзначыў на акадэмічнай канфэрэнцыі ў Менску, што на Беларусі «нямецкая акупацыя была разумнейшай, чым акупацыя ў іншых месцах», і што для Беларусі «нямецкі парод сваёй акупацыяй зрабіў менш шкоды, чым другія народы». Гэта была алюзія наконт падзелу Беларусі, зробленага ў 1920 г. паміж Польшчай і Расеяй, чаго, аднак, у публічным выступленьні ў сталіцы савецкай Беларусі Фасмэр ня выказаў даслоўна.
Балянс нямецкай акупацыі на Беларусі ў часе Першай сусьветнай вайны на справе выявіў шэраг важных актываў. Асабліва — прызнаньне Нямеччынай, упершыню сярод дзяржаваў сьвету, нацыянальнага адрозьненьня беларусаў і раўнапраўя іх мовы, стварэньне беларускага школьніцтва і фактычная падтрымка ў 1918 г. незалежніцкіх імкненьняў. Здавалася б, што такія актывы былі дастатковыя для выпрацоўкі ў беларускай палітычнай сьвядомасьці міжваеннага пэрыяду пэўных германафільскіх традыцыяў. У сапраўднасьці яны не атрымалі значнага разьвіцьця ня толькі ў савецкай Беларусі, але і ў заходняй частцы краю, якая, паводле Рыскага трактату, апынулася ў межах польскай дзяржавы. У сьвядомасьці народных масаў нямецкая акупацыя перш за ўсё была зьвязана зь бязьлітаснай эканамічнай эксплуатацыяй і затрымкай працэсу рэвалюцыйных пераўтварэньняў, у колах нацыянальных дзеячаў яе ацэньвалі ня толькі праз прызму актываў, але з гледзішча ўсяго балянсу нямецкай палітыкі, які ў рэшце рэшт аказаўся адмоўным.
У гэтых ацэнках асабліва выдзялялася адмова нямецкага ўраду ад прызнаньня Беларускай Народнай Рэспублікі, што ўжо ў часе акупацыі выклікала востры палітычныя крызіс у Радзе БНР і Народным сакратарыяце, а пасьля вайны стварала перакананьне сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў у незацікаўленасьці Нямеччыны справай беларускай дзяржаўнасьці. Інцыдэнт ад 25.2.1918 г. з штандарам і касай вырас да памераў сымбалю і засланіў сабой дадатныя захады Фалькенгайна. У параўнаньні з гэтымі нэгатыўнымі пачуцьцямі не такім значным выглядаў характар нацыянальнай палітыкі на тэрыторыі старой акупацыі, якая займала адносна невялікую частку беларускіх земляў і эфэкт якой у дужай ступені аслаблялі вынікі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў. Беларускія пасьляваенныя ацэнкі вынікаў нямецкай акупацыі рашуча не пацьвярджалі прагнозаў Куршмана і не супадалі з поглядамі Фасмэра.
Значна ўплывалі на гэта і пасьляваенныя рэаліі. Узьніклая пасьля паразы Райху Ваймарская рэспубліка на працягу 14-гадовага існаваньня не стварыла грунту для супрацоўніцтва зь беларускімі нацыянальнымі згуртаваньнямі, якія на той час засяроджваліся ў Вільні і на эміграцыі. Праўда, у Бэрліне дзейнічала група відных дзеячаў БНР (1919–1925 г.), аднак гэта не абудзіла ў немцаў зацікаўленьня беларускім пытаньнем. Спазналася пацяпленьне ў савецка-нямецкіх стасунках. Пасьля падпісаньня 5.11.1922 г. дамовы паміж Нямеччынай і РСФСР аб пашырэньні ўмоў Рапальскага трактату[38] на іншыя савецкія рэспублікі ў Бэрліне быў акрэдытаваны пасол Беларускай ССР. Працаваў ён, аднак, толькі пару тыдняў, бо пасьля ўтварэньня СССР (30.12.1922 г.) яго функцыі пачала выконваць агульнасаюзная амбасада. Адначасова былі цэнтралізаваны прадугледжаныя ў гэтай умове беларуска-нямецкія гаспадарчыя кантакты. Затое ў 1926 г. пачалі завязвацца беспасярэднія навуковыя сувязі, у рамках якіх Нямеччыну наведаў шэраг беларускіх навукоўцаў. Першым нямецкім вучоным, які ў лістападзе 1926 г. прыехаў у Менск, быў ужо прыгаданы Фасмэр.
Кантакты гэтыя, аднак, працягваліся вельмі нядоўга і не пасьпелі аказаць уплыву на павелічэньне нямецкага зацікаўленьня Беларусьсю. Пасьля першых сьціплых, хоць і даволі цікавых, спробаў навуковага супрацоўніцтва ў часе нямецкай акупацыі,[39] у пасьляваенныя гады ў гэтай галіне наступіў амаль поўны застой. Бадай адзіным выняткам была кніжка Я. Карскага «Geschichte der weissrussischen Volksdichtungund Literatur» (Бэрлін, 1925), выдадзеная з ініцыятывы Фасмэра ў перакладзе з расейскай на нямецкую мову.
38
Рапальская дамова паміж РСФСР і Нямеччынай была падпісана 16 красавіка 1922 г. і прадугледжвала аднаўленьне дыпляматычных стасункаў паміж дзьвюма краінамі, бакі адмаўляліся ад узаемных фінансавых прэтэнзіяў, надаваўся статус найбольшага спрыяньня двухбаковым гандлёва-эканамічным зносінам, а таксама прадугледжвалася супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. На іншыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і БССР, дзеяньне дамовы пашырылася 5 лістапада 1922 г.
39
Апрача кнігі В. Егера «Weissruthenien…», у 1918 г. ува Ўроцлаве (Брэслаў) быў выдадзены падручнік беларускай мовы, апрацаваны немцам Рудольфам Абіхтам і беларусам Янам Станкевічам, пад назваю «Просты спосаб у кароткім часе стацца граматным».