Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Я ўздыхаю, разумею, што яго цяжка падмануць.
— Траўму атрымаў на трэніроўцы. А каманда? Лепш за мяне разумееце — рознае бывае. Прычын можна называць шмат, але няма сэнсу — ідзе гульня, і ўсё тут.
Станіслаў Пятровіч напружана ўглядаецца ў мяне.
— Паслухай, а можа, зноў?.. Зноў у цябе якая-небудзь непрыемная гісторыя. Сам разумееш, як тады... Пабудзеш у мяне ці тут?
— Мне тут больш падабаецца, чым у цябе. Сярод даўніны адпачываю душой.
— Колькі прабудзеш?
— 3 тыдзень.
— Трэба будзе аплаціць.
— Няма праблем,— я дастаю з кішэні скрутак грошай.— Колькі трэба?
Станіслаў Пятровіч усміхаецца.
— Ты, я гляджу, гэтак і не навучыўся абыходзіцца з грашыма.
Я паціскаю плячыма і нічога не адказваю. Мы п’ём чай і размаўляем пра футбол. У яго, як і заўсёды, шмат незвычайных пытанняў. Мяне зноў ахінае слабасць. Ён гэта заўважае. Гаворыць:
— Прабач, Кастусь, табе, відаць, хочацца адпачыць. Я пайшоў. Да заўтра. Спадзяюся, ты дапаможаш мне...
— Дапамагу. Я нядрэнны майстар, ты ж ведаеш...
Ён пайшоў. Я пераапранаюся ў спартыўны касцюм, стаўлю касету ў партатыўны магнітафон.
Станіслаў Пятровіч ведае, я не люблю ўспамінаць тую даўнюю гісторыю, пасля якой многія людзі (і я сам у тым ліку) амаль пахавалі мяне.
Той непрадбачаны пераезд у Маскву... Зборная тады ў асноўным складалася з маскоўскага «Дынама». У яе ўваходзілі яшчэ некалькі сталічных ігракоў, а я адзіны быў прадстаўніком з правінцыі. Вось мне і прапанавалі перайсці ў базавую каманду, каб увесь час трэніравацца і гуляць разам з партнёрамі па зборнай. У глыбіні душы я радаваўся, асабліва па той прычыне, што пераеду ў Маскву. Усё ж там бацька, няхай ён яшчэ раз зразумее, што я не такі ўжо ідыёт і нечага дабіўся ў жыцці без ягонай дапамогі. Старшы трэнер каманды лічыўся сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе, слоў на вецер не кідаў і абяцанні — службовая аднапакаёвая кватэра ў цэнтры Масквы (пакінуць сваю ў Мінску я не мог — у ёй усё было звязана з маці), аўтамашына «Волга» (упершыню ў жыцці я з жахам пачаў пералічваць грошы, якія трымаў у шуфлядзе і з палёгкай уздыхнуў — хапае) — трэнер стрымаў. Праз месяц у блакітным касцюме (я прывёз яго з Італіі) за рулём «Волгі» я з’явіўся ля бацькавай дачы, уключыў на поўную магутнасць магнітафон, адчыніў дзверцы і крыкнуў бацькавай жонцы Ларысе, якая корпалася ля кветак:
— Я вас шчыра вітаю, мадам!
— Божухна, Аляксей, паглядзі хутчэй, хто да нас прыехаў?!
Бацька выйшаў з веранды ў шортах і дынамаускай майцы (мой падарунак) і пакруціў галавой:
- Нічога не скажаш, вось ён, герой нашага часу, ідэал сучаснай моладзі!
Ён падышоў да машыны, паляпаў па капоце.
— А вось я, уяві сабе, пакуль што не магу сабе такога дазволіць і многія мае калегі таксама.
Я сказаў:
— Магу толькі выказаць спачуванне. Відаць, справа ў тым, што вас, прафесараў, намнога больш, чым ігракоў зборнай. Да таго ж у цябе вялікая сям’я, а мне намнога прасцей, я жыву адзін. Даўно ўжо...
Бацька, відаць, зразумеў, што я магу нагаварыць зараз многа лішняга, ён хуценька павіншаваў мяне з пераездам у Маскву, сказаў, што гэта сур’ёзнае прызнанне майго таленту, проста так людзей у Маскву не пераводзяць (тут ён меў на ўвазе і, безумоўна, сябе). Ларыса запрасіла нас да стала. Я прабыў у іх нядоўга. Бацька неаднойчы падкрэсліваў — тое, што адбываецца са мной, зусім нядрэнна, усе мы, хочам таго альбо не, шмат думаем пра сваё матэрыяльнае становішча, а я, паводле ягоных слоў, здабываю ўсё сваёй нялёгкай працай, за кошт свайго ўласнага здароўя, нерваў, і гэта не бясконца. Паводле яго слоў, мне трэба вучыцца.
Я зрабіў выгляд, што ягоныя словы мяне не тычацца. Ведаючы захапленні Ларысы, як той дурань пачаў расказваць пра апошнюю паездку за мяжу, і асабліва пра фантастычныя ратэрдамскія крамы (у яе вачах пачалі свяціцца агеньчыкі), а потым гэтак жа нечакана развітаўся. Ехаў ад бацькі злосны на сябе самога, мой трыумф перад ім не адбыўся.
Нагрузкі тым часам былі проста страшэнныя. Я сам здзіўляўся, як вытрымліваю, адкуль бяруцца сілы. Тры, чатыры трэніроўкі на дзень, бясконцыя, рознай працягласці зборы, змены гарадоў, супернікаў... Рэдка я аказваўся ў сваёй паўпустой кватэры, дзе з усіх бакоў на мяне глядзелі голыя сцены. Там, дома, засталіся нямногія родныя людзі, сябры, а тут, у Маскве, я, па сутнасці, адзін.
I раптам у маім жыцці з’явіўся цэнтральны абаронца Юрка Булдык. Яму было гадоў пад трыццаць, ён, паводле ягоных уласных слоў, падыходзіў да апошняй рысы — сезон-два, не больш, а потым, калі застануцца сілы, турнэ па першай лізе, яшчэ крыху пазней вечныя сто дваццаць рэ за трэніроўку хлапчукоў, як любіў казаць Юрка, будучай змены савецкага футбола.