Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Мы пад’язджаем да варот. Я лезу ў кішэню па грошы, разлічваюся з леваком, які паглядае на мяне са здзіўленнем (усю дарогу я маўчаў), і іду па цяністай алеі да замка. Ніводнага чалавека, пах кветак і дажджу. Кабінет галоўнага ўрача зачынены, стукаюся ў суседні пакой. Насустрач мне падымаецца хударлявая жанчына ў акулярах (яна заўсёды нагадвала мне гераіню з аднаго англійскага фільма).
— Вы?! — у яе голасе здзіўленне.— Станіслаў Пятровіч гаварыў, што праз некалькі дзён збіраецца на матч у Маскву, дзе абавязкова ўбачыць вас.
Я не магу ўспомніць яе імя. Пытаюся:
— Дзе ён?
— Галоўны ўрач будзе позна вечарам. Паехаў па неадкладных справах у Маскву.
— Прабачце, але я вельмі стаміўся,— кажу я.
— Разумею, разумею... У нас ёсць толькі адзін свабодны пакой, збіраемся рамантаваць яго. Замку далёка за сто гадоў, перакрыцці гніюць.
Я супакойваю яе, кажу, што прыехаў літаральна на тыдзень, а можа, і таго менш і магу начаваць хоць на даху. Яна корпаецца ў шуфлядзе ў пошуку ключа, гаворыць, што Станіслаў Пятровіч распачаў дома рамонт, жонка з дачкой і двума ўнукамі паехалі адпачываць на поўдзень. Гэта мяне, шчыра кажучы, радуе. Сам не ведаю чаму, але яго жонку цярпець не магу. Станіслаў Пятровіч, выдатна разумеючы гэта, спрабуе нераканаць мяне, што чалавек яна ў цэлым добры, вось толькі характар у яе дзіўнаваты, і я павінен гэта разумець, бо ўспрымае яна мяне як вельмі блізкага і роднага чалавека. Я з ім згаджаюся, але, кажучы па шчырасці, радуюся, што яе няма. У гэтым сэнсе мяне немагчыма перарабіць, у мяне заўсёды пануе ўражанне пра чалавека, якое склалася пасля першай сустрэчы з ім.
Па дубовай лесвіцы (з усіх бакоў на мяне маўкліва глядзяць пустыя ўнутраныя вокны другога паверха) падымаюся ў свой пакой. Вялізная паўкруглая зала, балкон выходзіць на газон, які па колеры кветак нагадвае англійскі сцяг. Яго старанна захоўваюць. Зноў пах кветак, іх тут, пад вокнамі, мусібыць, дзесяткі тысяч. Мяне ахінае страшэнная стомленасць, павекі закрываюцца самі па сабе, я ледзьве знаходжу сілы, каб аддзячыць намесніка галоўнага ўрача (я так і не ўспомніў яе імя), і, скінуўшы куртку, валюся на ложак. Сну няма, я знаходжуся ў паўзабыцці.
Я разганяюся і б’ю па мячы — штанга!
Уважлівыя вочы Фалалеева: «Што адбываецца, як ты думаеш, чаму каманда прайграе...»
Святло фар, вочы старога, я націскаю на тармазы...
Маці ідзе здалёк насустрач у сваім любімым касцюме, яна працягвае да мяне рукі...
Я адкрываю вочы і нічога не разумею — я не спаў, адкуль жа магло з’явіцца гэтае відовішча. Зноў закрываю вочы і зноў бачу самыя розныя, кароткія сюжэты са свайго жыцця. Галава мая робіцца цяжкай...
Нарэшце рашуча адкрываю вочы, падымаю з ложка сваё незнаёмае, чыгуннае цела, гляджу на гадзіннік — палова дзевятай. Колькі я праспаў? Хоць не, я ўпэўнены што не спаў... Прайшло больш дзвюх гадзін. На стале ежа!
Без асаблівага жадання ем, потым доўга гляджу на англійскі газон. Некалі я прыязджаў сюды разам з маці, раніцой мы беглі з гэтага самага пакоя сярод мора кветак да рэчкі, пераходзілі яе па падвесным мосце (ён хістаўся пры кожным кроку, і спачатку мне было жахліва глядзець уніз, на раку), потым беглі па вузенькай мяккай дарожцы міма старых вязаў, разбуранай царквы... Кожную раніцу мы плавалі ў сцюдзёнай рачной вадзе, вочы ў маці ажывалі, яна гаварыла, што тут, у гэтых мясцінах, яна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай.
У калідоры — нечыя цяжкія крокі. Плыве ў пакой знаёмы твар.
— Мне сказалі, што ты прыехаў, а я не паверыў — без званка, ды і наогул чаму цяпер, у разгар сезона? Кажу сваёй намесніцы: «Не, гэта не ён, а нейкі самазванец, вы ўсё на свеце пераблыталі!»
Станіслаў Пятровіч моцна прыціскае мяне да сваіх шырокіх мяккіх грудзей.
— Нічога не разумею,— гаворыць ён, сеўшы ў крэсла насупраць.— У мяне ў кішэні білет на ваш матч з «Тарпеда», а ты тут, нічога не разумею.
— Невялікі адпачынак,— крыва ўсміхаюся я.— Траўма, Станіслаў Пятровіч. Так, чарговая траўма.
Ён з усіх бакоў аглядае мяне, быццам збіраецца ўбачыць маю траўму. Потым раптам гаворыць:
— Ты гэта кінь, якая яшчэ траўма?! У мінулым матчы ты правёў на полі роўна дзевяноста мінут. Я ні на імгненне не адыходзіў ад тэлевізара, хоць гэта было даволі цяжка для мяне. Не магу зразумець, што з вамі здарылася, у мінулым сезоне — другое месца ў чэмпіянаце, а цяпер сядзіцё, як прыкаваныя ў небяспечнай зоне, побач з адпетымі калунамі.