Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
— Прычын, вядома, многа, і я не збіраюся сёння рабіць перад вамі навуковы даклад. Гэтым ёсць каму займацца...
— Трэба больш даваць нам гуляць з мячом, а не марнаваць сілы на ўсё астатняе,— выпаліў нехта, перабіўшы Ярэмчанку.
Усе мы цярпець не маглі цяжкіх заняткаў па агульнафізічнай падрыхтоўцы, бясконцых кросаў, цягання штангі.
Гладыятар заўсміхаўся ва ўвесь свой шырокі твар, матнуў галавой і павярнуўся да таго, хто выказаўся.
— Ты не зусім дакладна адказаў, але сэнс у тваіх словах ёсць немалы. Сапраўды, многія нашы спецы забываюць, што галоўнае ў футболе — сам футбол, тое, як мы валодаем мячом, як можам трымаць яго, гонім яго да варот альбо гуляем з ім, як з жывой істотай. За многія гады да таго я пераканаўся, што мы часта не бачым у футболе галоўнага, таго, чым ён з’яўляецца, калі хочаце, адным з відаў мастацтва. А мастацтва не можа быць сапраўдным без філіграннай тэхнікі...
Ён доўга гутарыў з намі ў тую першую сустрэчу, а назаўтра на трэніроўцы мы ўбачылі стацыянарны магнітафон з дзвюма вялікімі калонкамі. Ярэмчанка расказваў пра лацінаамерыканскі футбол, асабліва бразільскі і аргенцінскі. «Вы заўважылі, яны быццам выконваюць танец з мячом, і ты не ведаеш, куды ён паляціць у наступнае імгненне!» Гаварыў, што трэба прывучаць сябе адчуваць мелодыю гульні. Гладыятар націснуў клавішу, і пачаўся танец, якому не было назвы. Мы павінны былі пераадолець пэўныя кавалкі поля з мячом і пры гэтым вырабляць несусветныя фартэлі.
— Вы павінны дабіцца галоўнага — адчуць, што мяч быццам прывязаны да вашай нагі,— крычаў нам Ярэмчанка, які таксама (хоць і даволі марудна) вёў мяч.
Праз некалькі месяцаў ён запрасіў мяне да сябе ў госці.
Сказаў:
— Мне хочацца пагутарыць з табой.
Я здзівіўся — здаецца, не зрабіў нічога такога... Апошнім часам у мяне ніводнай пасрэднай адзнакі! А можа, ён вырашыў пашкадаваць мяне, выдатна ж ведае, што замест дома ў мяне пустая кватэра, дзе прапісана яшчэ мая цётка, аднак яна забягае вельмі рэдка, у яе свая сям’я.
Я здзіўлена паглядзеў на яго.
Ён усміхнуўся.
— Усё нармальна. Проста пасядзім з табой удвух, вып’ем добрага чаю, пагаворым пра жыццё, футбол.
Вечарам я апынуўся ў ягонай надзвычай вялікай кватэры. Яна нагадвала спартыўны музей — кубкі, прызы, медалі, вымпелы на ўсіх мовах свету. Жонка Ярэмчанкі, якая выглядала сапраўднай бабуляй у параўнанні з ім, прыгатавала добрую вячэру. Злавіў сябе на думцы, што празмерна многа ем (інтэрнатаўская ежа, хоць і неблагая, надакучыла), і сарамліва паглядзеў на Ярэмчанку. Той зразумеў мяне.
— Не саромейся... Успамінаю сябе ў тваім узросце — апетыт быў проста воўчы. Харошая машына (ён паляпаў мяне па плячах) патрабуе адпаведнай запраўкі.
Потым мы пілі чай. Ярэмчанка ўспамінаў былыя футбольныя гады, сяброў, розныя эпізоды свайго няпростага трэнерскага жыцця.
— Ты, вядома, здзівіўся, Кастусь, што я запрасіў цябе ў госці.
— Дзіва што...
— Справа вось у чым. Сам разумееш, я крыху ведаю футбол, шмат чаго пабачыў у ім. I магу разгледзець сапраўдны талент адразу... Заўсёды бывае шкада, калі чалавек з такім талентам гіне для футбола, калі ў яго не атрымліваецца тое, што закладзена самой прыродай. Я не хачу, каб гэта здарылася з табой.
Я не верыў пачутаму. Збянтэжана спытаў:
— Вы лічыце...
— Упэўнены, што з цябе можа атрымацца выдатны ігрок. Думаю, нападаючы. Я ўважліва сачыў за табой на ўсіх трэніроўках, гульнях і перакананы ў тваім выдатным будучым. Запомні адно — усё залежыць ад цябе. Ты павінен ведаць, што спорт дасць табе, мусіць, усё ў жыцці, аднак і многага цябе пазбавіць. Патрэбны твая адданасць, гатоўнасць ісці на шматлікія ахвяры. Днямі я сустракаюся з кіраўніцтвам нашай футбольнай каманды і скажу ім, што адзін чалавек можа выступаць за дубліруючы састаў.
Праз некалькі месяцаў я і сапраўды выйшаў на гульню ў складзе дубля і забіў свой першы гол у чэмпіянаце краіны. Яшчэ праз паўгода — гульня ў асноўным саставе. Прайшло яшчэ два гады — першая гульня ў складзе зборнай, удзел у турнэ па Злучаных Штатах, галы амаль што ў кожным матчы. Усё адбывалася так імкліва, што я не мог усвядоміць, як і што.
Ярэмчанка часта са мной сустракаўся і задаволена гаварыў, што ён не памыліўся.
Але па сутнасці памыліўся я...
3
Нехта магутным рухам перакрывае заслону дажджу. 3-за павароту вынырвае Масква-рака. Я люблю гэтыя прасторныя мясціны, з прыгожымі, быццам намаляванымі пералескамі, старым, чырвонага колеру, замкам, пабудаваным малавядомым графам на месцы дома бацькі Герцэна. Мясцовыя жыхары расказваюць, што апошні з графскага роду з’явіўся на тым беразе ракі ў складзе нямецкай арміі ў 41-м (тут якраз знаходзілася лінія абароны Масквы). Ён аддаў загад не страляць па замку, спадзяваўся апынуцца на тым баку, каб зноў гаспадарыць у сваім замку. Але не давялося; замак застаўся цэлым, цяпер у ім дом адпачынку.