Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Тады мы з братам, па сутнасці, былі хлапчукамі, час дазволіў паглядзець на многае па-іншаму, нешта зразумець, а ў нечым канчаткова заблытацца (гэта ў большай ступені тычыцца маёй асобы).
Праз пяцьдзесят мінут палёту я апынуўся ў Масквс, у горадзе, дзе вось ужо многа гадоў жыве і працуе бацька. Я часцей чую ў тэлефоннай трубцы ягоны голас, чым бачу яго самога. Ён пастаянна знаходзіць мяне ў спартыўнай гасцініцы, калі мы прыязджаем на матчы, у час гульні зборнай (калі мяне ў яе запрашаюць), ён падрабязна распытвае пра маё жыццё, пра брата Андрэя, з якім у бацькі адносіны больш складаныя, бо лёс увесь час кідае Андрэя па самых далёкіх гарнізонах. Бацька ўвесь час кліча зайсці ў госці, але я заходжу даволі рэдка,— і не таму, што мне непрыемна бачыць сівога бацьку, паважанага члена-карэспандэнта побач з маладой жонкай Ларысай (яна мне здаецца неразумнай, шэрай у параўнанні з маці) і дзвюх дачок васьмі і пяці гадоў. Трэба ж — ад першага шлюбу два сыны, ад другога — дзве дачкі! Справа не ў гэтым. Я даўно ўжо бачу перад сабой чалавека, які жыве толькі ў маіх успамінах, а сённяшні амаль не існуе. Я часта лаўлю сябе на думцы — не мне судзіць бацьку (як, напрыклад, лічыць Андрэй), мне проста напляваць на яго сённяшняга, мая скамянеласць з моманту мацерынай смерці не знікае. Час ад часу з паездак за мяжу я прывожу падарункі для сваіх сясцёр, у такія мінуты бацька бывае вельмі ўдзячны мне, на яго вачах нават з яўляюцца слёзы (усё ж такі ён вельмі састарэў). Аднак мяне не цягне ў бацькаў дом. А можа, мне проста здаецца, што я абыякавы да бацькі, гэтаксама як ён да мяне.
Футболам бацька не цікавіцца, я казаў пра гэта раней. Яшчэ тады, у даўнія гады, калі мяне на школьнай футбольнай пляцоўцы прыкмеціў трэнер і запрасіў у секцыю, ён быў праціўнікам майго захаплення, спрабаваў перамяніць секцыю, аднак з ягоных спроб нічога не атрымалася. Па сем-восем разоў у тыдзень я хадзіў на трэніроўкі ў футбольную школу моладзі, амаль кожную вольную хвіліну ганяў мяч па двары. Бацька ўздыхаў: «Мабыць, сур ёзна і надоўга!» Цяпер ён таксама ўздыхае: «Мяне ведаюць, дзякуючы табе. Літаральна на ўсіх узроўнях, нават самых высокіх, што для мяне з’яўляецца сапраўдным сакрэтам, пытаюцца, ці сапраўды ты з’яўляешся маім сынам. Потым пачынаюцца віншаванні. Пра маю работу быццам забываюць».
2
Вось і фініш — мяккая пасадка. Мне ўсміхаецца сцюардэса:
— Я вас, здаецца, пазнала!
Я спрабую выціснуць з сябе ўсмешку.
— Дзіва што! Я — новы вядучы тэлевізійнай перадачы «У свеце жывёл».
У Маскве навальніца, сыры, пранізлівы вецер, быццам раптоўна надышла позняя восень. Дзіўна, што мы даляцелі нармальна, а не прызямліліся дзе-небудзь у Рызе ці Вільнюсе (з чым можна параўнаць пакутлівае, шматгадзіннае чаканне ў бясконцых аэрапортах?!). Я бягу міма стаянкі таксі, на якой не менш тысячы чалавек, туды, дзе звычайна таўкуцца «левакі» на машынах розных марак у чаканні заробку. Гэтак і ёсць, яны на месцы, высоўваюцца з вокнаў машын, аглядаюць мяне, ці не маю я нічога агульнага з прадстаўнікамі ўлады, пытаюцца: «Куды?» Я нічога не адказваю, саджуся ў кабіну, называю маршрут. Шафёр са здзіўленнем глядзіць на мяне:
— На сямідзесяты кіламетр Мінскай шашы? Гэта ж далёка...
— А — што?
— А ведаеш, колькі будзе каштаваць?
— Мінулы раз плаціў два чырвонцы. Між іншым, мяне гэта не цікавіць. Стаўка можа быць большай.
Ягоныя вочы цяплеюць.
— Тады паехалі. Дастаўлю як мае быць.
Я маўчу. Люблю ехаць у машыне, асабліва ў такое надвор’е. На душы робіцца спакойна, нішто цябе не хвалюе. Дарэчы, можна было б паехаць сюды на машыне, нейкіх шэсць-сем гадзін добрага ходу, але напружанне нерваў і без таго вялікае. У такім стане лепш, каб цябе везлі. Гэта я добра ведаю... Я зірнуў на гадзіннік. Праз некалькі мінут Фалалееў выведзе каманду на трэніроўку. Словы: «Яго няма. Зноў спазняецца... Пачакаем!» Кароткі крос, распасоўка мячоў, адпрацоўка ўдараў, камбінацыі, гульня... Колькі разоў гэта паўтаралася ў маім жыцці?! Тысячы разоў? Падлічыць немагчыма, ды і каго можа цікавіць такая лічба? Можа, толькі стрыечнага брата бацькі Станіслава Пятровіча. Нават побач з самымі заўзятымі фанатамі футбола ён бы заняў месца сярод прызёраў. У Станіслава Пятровіча цэлая бібліятэка з газетнымі і часопіснымі артыкуламі, кніжкамі на ўсіх мовах, справаздачамі пра самыя розныя матчы, дасье на асобных ігракоў — дзе і калі нарадзіўся, калі пачаў займацца футболам, колькі забіў альбо прапусціў, колькі разоў выступаў за той ці іншы клуб... Ён вядзе асобныя, як гаворыць мой бацька, «амбарныя кнігі» на лепшыя прафесійныя клубы свету і можа ў любы момант даць падрабязную даведку пра іх поспехі і няўдачы. Дзеля футбола ён траціць вялікія грошы на замежныя падпісныя выданні. Я неяк сказаў яму (без адцення жарту), што ён можа спакойна кідаць свой дом адпачынку пад Масквой, дзе здаўна працуе галоўным урачом, і жыць на вольным хлебе. Ён амаль што прафесійны футбольны статыстык.