Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Падвялі белага жарабца. Пан Юры лёгка ўскінуўся ў высокае сядло. Пашукаў нагою пятлю і ўставіў у яе дзяржальна рацішча. Цяпер, са стрэльбаю за плячыма, з рацішчам, падобным на старадаўнюю дзіду, загоршчынскі пан вельмі нагадваў сярэдневяковага воіна. Падабраны, спрытны, лёгкі ў сядле — залюбавацца можна было.
— А хто гэта там тэльбухамі трасе? Вядома хто, Раткевіч. Сваячок малодшанькага роду, каб ужо гізунты з цябе, каб…
Падскакаў да санак, у якіх сямёра з малодшых сядзелі спінамі адзін да аднаго.
— Што вы, на суд едзеце?
І паляцеў да брамы, вытаргнуў на скаку з рога марозную серабрыстую трэль.
…Паўз яго праязджалі коннікі, і конь гарачыўся пад ім. І халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі.
Убачыўшы Алеся на ганку, пан Юры ўсміхнуўся:
— Заставайся шчасліва! Наступны — твой!
Пошчак капытоў. Ясныя гукі рога. Снежны пыл.
Галявіна ляжала на спадзістым схіле, уся ўкрытая веснім ужо, але ўсё яшчэ глыбокія, па грудзі, снегам. Вакол стаялі заснежаныя дрэвы пушчы, марылі, узносячы галовы ў няяркае неба. У начы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі, але сокі[37] казалі, што мядзведзь не пакідаў пратаптанага іхнімі лыжамі кола. Кола было нешта сажняў трыста ў радыусе.
Звер, зваліўшы чарговага каня, спаў ужо другія суткі.
Проста перад сабою ў далёкім канцы галявіны пан Юры бачыў выварацень вялізнай яліны.
Яліну зваліла даўно: пад ёю паспеў вырасці кусцік крушыны. І якраз пад гэтым кусцікам быў лаз у мярло і, збоку, невялікая адтуліна для дыхання: на вяршыньцы кусціка махрова цвіла намаразь.
Паляна не была роўная і чыстая. Раслі на ёй тры ці чатыры сяменнікі, а пад імі былі ці то гурбы, ці заснежаныя мурашнікі. Здзіўляцца, што мярло на такім амаль чыстым месцы, не даводзілася: глушыня і нетры тут былі страшэнныя — вока выкалеш, дый балаты летам не давалі змогі прайсці.
Загонныя з бубнамi i ляскоткамi, абмiнаючы лесам паляну, даўно прайшлi ў пушчу, па той бок ад берлагу. Сок на верхавiне магутнага дуба павiнен быў свiстам даць iм сiгнал, калi звер пабяжыць на iх. Аб гэтым можна было меркаваць напэўна: логвiшча было ў парасцi ля самага таго краю паляны. Але стаць там было нельга: не было належнай адлегласцi ад нетраў да мярла. Паляўнiчыя не паспелi б стрэлiць, маглi ў гушчары паранiць адзiн аднаго.
Трэба было пакінуць між мядзведзем і стралкамі прыблізна тую адлегласць, на якой знаходзіўся цяпер ад берлагу пан Юры: сажняў трыццаць.
План быў такі: звер пабяжыць на загоншчыкаў, і тады, па сігналу сока на дубе, ланцуг загонных падыме згэлк і грукат, будзе біць у бубны, крычаць, ляскаць ляскоткамі і страляць у паветра. І тады зверу нічога не астанецца, як бегчы проста на пасты.
Паляўнічыя кінулі жэрабя і разышліся па нумарах.
Пан Юры, як гаспадар палявання, мог выбраць тое месца, якое хацеў. І ён узяў гэтае. Трохі схітраваў.
Ён быў амаль упэўнены, што звер пабяжыць на яго, таму што якраз за ягоным нумарам да галявіны падыходзіў вялікі яр, так густа зарослы дрэвамі і хмызамі, што і зараз цяжка было нешта ўгледзець у ім. Звер ратавацца пабяжыць, вядома, толькі сюды.
Справа, сажнях у дваццаці, стаяў на пятым нумары Януш Біскуповіч, злева, на такой жа адлегласці, сёмы нумар займаў Юллян Раткевіч. Праз рэдкія хмызы відаць было яго даўжэзную, як калядная свяча, постаць.
Юллян нібы "рос у зямлю": прытоптваў снег вакол сябе і заглыбляўся ў яго. Урэшце на паверхні асталіся толькі тулава ды галава. Юллян зірнуў на Загорскага, і той падумаў, што Раткевіч нервуецца.
Пану Юрыю чамусьці стала шкада Юлляна. Усё да сэрца бярэ, дзівак.
Сок "пугакнуў" з дуба: відаць, падалі сігнал, што першы і дзесяты, крайнія нумары, убачылі краі загоннага ланцуга, і той вось-вось самкнецца, і тады ў коле астанецца амаль уся лыжня.
Карп, сівавусы і пахмуры, ішоў да пана Юрыя на шырокіх лыжах: правяраў усіх. Слізгаў лёгка, калматы, як лясны дух.
— Троль, — ціха сказаў пан Юры і засмяяўся дню, Карпу, заснежаным дрэвам і лёгкасці ў сабе.
— Пане, — сіплым і адначасова звонкім голасам сказаў Карп, — я стану між вамі і Юллянам. І туды і сюды здолею падскочыць.
Ён ведаў, што пан Юры не любіць памагатых, і маскаваў магчымую дапамогу. А што яна спатрэбіцца, ведаў па месцы, на якім стаялі шосты і сёмы нумары.
— Як хочаш. Толькі трымайся бліжэй да Юлляна.
Карп адышоў трохі бліжэй да Раткевіча і прысеў на кукішкі.
Пан Юры паспеў падумаць: "Квактуха", — і зноў ціха засмяяўся. Снягі, родная пушча, цені людзей, махровы квецень намаразі на крушыне, свежы халадок.
37
Сок — чалавек, які сочыць, каб звер не ўцёк.