Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Кроў ад усяго гэтага была, як шампанскае. Здавалася, што ў ёй віруюць, кіпяць і з ціхім звонам знікаюць серабрыстыя, маленькія бурбалкі радасці.
…Пачалося. Два аўчары на лыжах сталi паводдаль ад вываратня. Прашчы ў руках, каменнi ў сумках. Круцяць… Раз… Два… Дакладна, чэрцi… Ну вядома, з дваццацёх сажняў могуць трапiць у скронь. Б'юць па вываратню, каб каменнi падалi ў мярло.
Махрова цвіце намаразь на галінках крушыны.
Так і ёсць. Выскачыў. Не дужа вялікі. Хоць адсюль дрэнна відаць. Пакідаючы ў снезе разору, імчыць на людзей. Чорта з два дагоніш на лыжах. Так сыпанулі ад яго — відаць, толькі вецер свішча.
Мядзведзь пабег у пушчу, на загоншчыкаў. І амаль адразу пасля свісту сока між дрэў узняўся вэрхал і згэлк. Цакаталі ляскоткі, дробна і гулка выбухалі бубны. Пачулася некалькі стрэлаў. Ішлі хвіліны, і людзям на нумарах здавалася ўжо, што звер прарваўся. Але гамарня набліжалася — значыць, гналі.
Мядзведзь выскачыў з пушчы лявей, чым знік, таптануў разы тры на месцы снег…
Гэх, каб сюды. Стрэліць. Звер, убачыўшы, абавязкова стане на заднія лапы і пойдзе так. І тады лязо рацішча пад левую верхнюю, дзе жаўцейшая поўсць.
…Мядзведзь, урэшце, кінуўся, але значна лявей, на сёмы нумар, на Юлляна Раткевіча.
Чорт… Чорт… От шанцуе!
Трухаючы задам і перавальваючыся, звер бег усё хутчэй проста на Юлляна. Вось ён пакінуў убаку даязджачага, і Карп, выпрастаўшыся, кінуўся на лыжах у бок сёмага нумара, на дапамогу… Ах, чорт-чорт!
Пан Юры адставiў стрэльбу. I тут не пашанцавала.
Такі звер! Бадзяга. Праўда, меншы, чым можна было меркаваць па расказах, але ў страха вялікія вочы. Калі так лёгка валіў коней — значыць, спрытнюга.
Буры, ён здаваўся на снезе амаль чорным. І таму, што ён бег на суседа, расчараванне ахапіла пана Юрыя. Сапраўды, той, відаць, меў рацыю, калі казаў:
— Вось бы двухногага Мiшку гэтак.
Злева прагучаў стрэл. Другі. Звер устаў на заднія лапы, зрабіў некалькі крокаў і зноў, відаць, без змогі ўжо, зваліўся на ўсе чатыры. Чорт, як жа яны яго? Ага, яшчэ стрэл. Відаць, Карп.
Гэты стрэл нібы зноў ускінуў мядзведзя старчма. Дзве фігуркі кінуліся ледзь не пад яго. Тонкая рысачка рацішча стала наўскос і нібы злучыла чорную тушу з зямлёй. Цяпер стрэлы з восьмага і з дзевятага нумароў. Страляюць з радасці, угору. Сыплецца снег з галін.
На ўсіх нумарах людзі ўзнялі крык: з радасці. Крычаў нават сок на вяршыні дуба. Ну, вось і канец. Крычаць, чэрці, як рэзаныя. Чаго і х разабрала?
Нешта мільганула ў баку ад яго. Пан Юры зурнуў у той бок. За нейкіх дзесяць сажняў ад яго…
І толькі тады ён зразумеў, што людзі крычалі яму. Забіты быў не той. Два берлагі былі на адной галявіне. Адзін пад вываратнем, і ў ім, відаць, спала мядзведзіца, і нездарма так доўга не маглі абудзіць яе аўчары. А другі быў тут, побач, яны заўважылі б яго, каб не начны снег. І ў ім, менавіта ў ім, ляжаў, пакутуючы ад бяссонніцы і голаду, той, каго шукалі яны.
Мядзведзь вылез з-пад высокай, сажня на паўтара, занесенай снегам гурбы, якую ўсе яны, і пан Юры ў тым ліку, палічылі за мурашнік. І гэта быў, безумоўна, той: тут памыліцца не мог ніхто. Вялізны, ледзь не з дробнага кіргізскага коніка, буры і лямцаваты, з трохкутнай, цяжкай, як валун, галавою, ён бясшумна з'явіўся з мярла і глядзеў на пана Юрыя.
У вузкіх дрымучых вачах звера было нешта пячорнае. Стары, але яшчэ ў поўнай сіле волат. Дзесяць сажняў… Не паспееш перазарадзіць.
Нож… Рацішча… Няма на свеце мядзведзя, які перад нападам не стаў бы на заднія лапы. Добра… Але як блізка і які вялікі! Які пачварна вялікі!.. Пан Юры на імгненне адчуў, як ледзянымі іголкамі асыпалася ўсё ў целе… А потым гэта знікла, і ён узняў стрэльбу. І твар стаў драпежны і строгі, ён сам адчуваў гэта. І ў сэрцы спакойна ўзнікла вялікае, спакойнае захапленне барацьбы.
Усё гэта адбылося за якую долю секунды. Яшчэ раней, чым пан Юры ўзняў стрэльбу, звер кінуўся на яго. Узараная бурым целам снежная баразна плыла за ім.
Мядзведзь бег з нечаканай хуткасцю, нiбы кацiўся. Калыхаўся ў паветры горб, куцапыя лапы выкiдалiся наперад — спачатку абедзве левыя, потым абедзве правыя — i мякка пляскалi ў снег. Лабастая галава, як трохкутны шчыт, была пагрозлiва апушчана.
Вочы глядзелі ў вочы.
Галодны, у роспачы, не разумеючы, што гэта такое робіцца, пакутуючы ад болю ў застуджаных, падмарожаных босых пятках, злосны ад усяго гэтага, ён імчаўся, як страшны крапасны таран, без усякай надзеі на паратунак — бо ён хацеў жыць.
І сіні агонь у вачах звера звязаў яго з вачыма чалавека разуменнем еднасці ўсяго жывога. Каб мядзведзь збочыў у гэты момант — пан Юры не стрэліў бы… Жывое, жывое сапло і задыхалася ў снезе, жывое, адным болем звязанае з усім жывым.