Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 164
Перейти на страницу:

У Выбіцкага былі ў вачах слёзы.

— Княжа, — сказаў ён, — гэтага мы вам ніколі на забудзем. Не трэба было евангелля, княжа.

— Ну, а маладой жонцы? — усміхнуўся Алесь.

Усе зарагаталі, зразумеўшы, што малады князь мае рацыю.

— Праўда, — сказаў Адам. — Калі нешта прасочыцца — мы ўсе адмаўляемся. І я кажу вам усім: таго, хто звякне, я заб'ю самачынна. Хто пойдзе са мной?

Людзі схілілі галовы на знак згоды.

Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга.

Алесь вырашыў перабудаваць пры першай магчымасці цукроўні, каб былі каменныя. Ён, урэшце, зрабіў тое, на што ніяк не мог адважыцца пан Юры: застрахаваць усе будынкі. І няхай навакольныя святошы лямантуюць, што гэта нібы змаганне з воляю пана бога.

Ля Азярышча заклалі на стапелях восем барлін: на кіеўскім кантрактовым кірмашы заўсёды вялікім попытам карысталася паўночная бульба для бровараў.

"Паклалі рад" з аршанскімі вапеннымі капальнямі і залажылі вышэй Оршы яшчэ шэсць лайбаў: паўднёвым заводам трэба была вапна.

Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку.

Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыццё. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія.

У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну.

Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў.

Не на таго напаў.

— Пане Аляксандр… Вось вам вартасць карчмы, а вось падманныя распіскі карчмара на ўпяцёра большую суму. Я не патрабую яе ад казны. І дазвольце мне самому ведаць, што я магу і чаго не магу рабіць у сваіх уладаннях. Спойваць народ я не дам. Раю таксама ўспомніць, што губернская казна дагэтуль вінна нашаму роду за пабудову школ і шлюзаванне Друці. Я не думаю, што мне было б прыемна спагнаць гэтыя грошы сёлета, усяго праз год пасля сканчэння тэрміну…

— Супакойцеся, — сумеўся губернатар. — Чорт з ім, з карчмаром.

— Гэта прайдзісвет. Капейку ў скарб і рубель сабе. Ціхенька прапоўз па наваколлю, а там — як Мамай прайшоў! Вы далі яму месца ў Доўску?

— Скарбу патрэбны грошы, — сказаў губернатар. — Скарб — справа святая.

— І вы казалі мне пра разбой, — з дакорам сказаў Алесь. — Я не раіў бы вам трымаць такіх людзей…

— Я падумаю, — губернатар сапраўды вырашыў не сварыцца, бо помніў, чым усё гэта скончылася для Жэгуліна, фон Берга і яшчэ некаторых, што заеліся з Вежам і таму не праседзелі на пасадзе і года. І губернатар сказаў: — У беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, а не мы. Аддалі гандаль у рукі стараверам ды жыдам.

Алесь засмяяўся, але так, што губернатару стала ніякава.

— Пры чым тут яны? — сказаў Загорскі. — У гэтым вінаваты мы з вамі, пан губернатар, наша нецярпімасць, наша гнілая прадажнасць… І тых і другіх гоняць за веру… У нас яны калісьць знайшлі прытулак. І мы жылі з імі добра. Нам было дзікавата, што моляцца не так, што адны трымаюць для нас асобныя кубкі, а другія чамусьці раз на год будуюць буданы і ядуць там… Ну і чорт з імі, кожны вар'яцее па-свойму… Але іх знайшлі. За тое, што ксцяцца двума пальцамі, тройчы рабілі з Веткі пустыню, забівалі, палілі жыўцом. За адзін палец здымалі галаву, а яна ў чалавека — адна. А раскольнікі — харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй — мову, звычаі — збераглі, не растрэслі… То іх у падзяку, забываючы словы Пятра, што абы падаткі плаціў, а маліся, як хочаш, мёртвых кастрамі складалі ды дзяўчат гвалціла салдатня… І іншыя дасталі… Полацкіх усіх жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі… Апрычнік у расе, пёс шалёны — Грозны, кацюга. Зрабілі ім зямлю гэтую — чужой. То чаго здзіўляцца?! З чужога — грабі!

— Князь… князь… Супакойцеся.

— Вось так, — саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. — Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці — няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)