БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Беларускі Пасольскі Клюб, спачатку бачачы агульнае цяжкое палажэньне беларускага народу і падзел яго ды чуючы прыгожыя польскія заявы аб імкненьні да брацкага сужыцьця з беларусамі, хацеў верыць ім і ў дачыненьні да польскае дзяржаўнасьці заняў пазытыўнае становішча. Выявілася яно насамперш у тым, што беларускія паслы ўзялі ўдзел у выбарах першага прэзыдэнта Польскае дзяржавы і галасавалі за Габрыеля Нарутовіча, які і быў абраны. Пасьля беларускія паслы падтрымвалі адзін з польскіх урадаў, каторы суліў беларусам прыгожыя абяцанкі. З гэтага, аднак, на беларускую карысьць нічога ня выйшла. Прэзыдэнта Нарутовіча польскія шавіністыя забілі за тое, між іншага, што яго выбралі прадстаўнікі нацыянальных мяншыняў, а гэны ўрад, што багата абяцаў і на чале якога стаяў гэнэрал Сікорскі, нічога не зрабіў і пад прымусам тых-жа шавіністых падаўся ў вадставу.
Беларускія вайсковыя аддзелы, што былі створаныя пры польскай арміі, польскія ўлады разьвязалі, а беларускую афіцэрскую школу зьліквідавалі. Калі-ж умацавалася польская ўлада на Віленшчыне, дзе была раней створана гэтак званая «Сярэдняя Літва», у якой існавалі беларускія школы, дык блізу ўсе яны таксама былі зьліквідаваныя.
Мала таго, 31 ліпеня 1924 году ўрад Ст. Грабскага выдаў гэтак званы «моўны закон», які зусім абмежаваў магчымасьці адчыненьня беларускіх школаў. На паперы закон гэны не выглядаў страшна. Паводле яго, беларускія школы маглі паўставаць у тых мясцовасьцях, дзе беларускага жыхарства было больш за 25%. Ініцыятыва адчыненьня школы магла выйсьці з боку самога мясцовага жыхарства. Бацькі ня менш як 40 дзяцей павінны былі падаць адпаведныя заявы, пасьведчаныя адміністрацыйнай уладай аб тым, што яны жадаюць беларускае школы і што яны беларусы. У законе, аднак, была засьцярога, дзе гаварылася, што калі апрача 40 беларусаў у дадзенай мясцовасьці знаходзілася яшчэ 25 бацькоў, жадаючых вучыць дзяцей папольску, дык тады школа мусіла быць двумоўнай (утраквістычнай) беларуска-польскай. Але гэта ўсё яшчэ ня было-б такім страшным, каб ня тое, што польскія ўлады ў практыцы і ў часе перапісу жыхарства ўсялякімі спосабамі стараліся давесьці, што беларусаў наагул няма і ня можа быць, а за падаваньне дэклярацыяў на адчыненьне беларускіх школаў сыпаліся розныя кары: штрафы, арышты, біцьцё і падобныя перасьледваньні.
Але на гэтым ня скончылася абмежаваньне правоў для беларусаў. У 1925 годзе сойм прыняў закон аб зямельнай рэформе, на аснове якога адбывалася пачатая яшчэ да выданьня гэтага закону польская калёнізацыя беларускіх земляў. Зямлю на Беларусі атрымвалі толькі польскія вайсковыя калёністыя і розныя прыежджыя з Польшчы палякі.
Мала таго, пры дапамозе школаў, польскіх калёністых, прэсы, касьцёлаў, духавенства, паліцыі, урадаўцаў праводзілася палёнізацыйная акцыя сярод беларусаў. З усіх касьцёлаў, дзе адбываліся казаньні і дадатковыя набажэнствы пабеларуску, беларускую мову выгналі, а ксяндзоў-беларусаў павысялялі ў парахвіі польскія. Прыгожыя пачаткі беларускае каапэрацыі былі зьліквідаваныя. Адбывалася таксама эканамічная эксплёатацыя беларускіх земляў і беларускага жыхарства, коштам якога прамысловасьць разбудоўвалася толькі ў цэнтральнай Польшчы. Беларускія землі не называліся нават сваім імём. Іх проста называлі «Крэсы Всходне». Словам, дачыненьні польскіх уладаў да беларусаў рабіліся штораз больш крыўднымі, несправядлівымі і бяспраўнымі. Некаторыя нават палякі прызнавалі, што польскія ўлады адносіліся да беларусаў несправядліва. Так, прыкладам, ведамы польскі публіцысты Константы Сроковскі ў сваёй кніжцы «Нацыянальная справа на Крэсах Усходніх», выдадзенай у Кракаве ў 1924 годзе, між іншага, пісаў гэтак:
«У часе, калі адступалі немцы, а ў глыб беларускае тэрыторыі пасоўваліся палякі, існавала там 350 беларускіх пачаткавых школаў. З гэтага ў ваднэй Гарадзеншчыне было гэтых школаў 153, пры тым настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы. Польскія ўлады ўсе гэныя школы і сэмінарыю зьліквідавалі скандальным спосабам. У Наваградзкім ваяводзтве ўсе наяўныя там за часоў нямецкіх беларускія школы ў ліку 50 зачыненыя, загадам-жа ад 15 лістапада 1921 году наагул забаронена ўжываць у школах беларускую мову ня толькі як мову навучальную, але нават як дапаможную».
Беларусы на такую польскую палітыку, на такія дачыненьні адказалі войстрай апазыцыяй. Беларускія прадстаўнікі ў сойме і сэнаце выступалі супроць усіх польскіх варожых для беларусаў імкненьняў, былі ў апазыцыі да ўсіх польскіх урадаў, складалі інтэрпэляцыі ў сойме і сэнаце, пасылалі мэмарыялы ў Лігу Нацыяў і кіраўніком польскае палітыкі, а народ і моладзь змагаліся з палякамі, часта нават фізычна. Гэтая войстрая і тэрарыстычная акцыя была выкліканая імкненьнем да абароны беларускай зямлі, да абароны правоў беларускага народу, да абароны беларускіх паслоў, на якіх польскія асаднікі арганізавалі пагромы ў часе беларускіх пасольскіх мітынгаў.