БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Падобна, як Вэрсальскі трактат, і Рыскі трактат таксама забесьпячаў асобам беларускай і іншых нацыянальнасьцяў у Польскай дзяржаве ўсе правы, што гарантуюць свабоднае разьвіцьцё іхнае культуры, мовы і арганізацыі. Польшча, забавязваючыся даць гэтыя магчымасьці разьвіцьця беларускаму народу, адначасна забавязалася ня ўмешвацца ў царкоўныя справы і даць царкве права на аўтаномію.
У польскай канстытуцыі, прынятай устаўным соймам 20 сакавіка 1921 г., блізу ўсе правы, прадбачаныя для нацыянальных мяншыняў Вэрсальскім і Рыскім трактатамi, былі паўтораныя ўжо як нутраны польскі закон. Так, прыкладам, у артыкуле 95 гаварылася, «што Польская Рэчпаспалітая запэўняе на сваім абшары поўную ахову жыцьця, свабоды і маемасьці ўсім, бяз розьніцы паходжаньня, нацыянальнасьці, мовы, расы або рэлігіі». Арт. 105 забесьпячаў свабоду прэсы і права краёвым газэтам карыстацца поштай і што «яны ня могуць быць абмежаваныя ў магчымасьцях распаўсюджаньня». Артыкулы 108 і 109 казалі, што нацыянальным мяншыням забесьпячаецца права сходаў, закладаньня таварыстваў, арганізацыяў і «права захаваньня свае нацыянальнасьці і аховы свае мовы і нацыянальных асаблівасьцяў». У артыкуле 110 было сказана: «Польскія грамадзяне, што належаць да мяншыняў нацыянальных, рэлігійных ці моўных, маюць роўнае з іншымі грамадзянамі права закладаньня, нагляду і кіраваньня сваім собскім коштам дабрачынных, рэлігійных і грамадзкіх установаў, школаў і іншых узгадавальных інстытуцыяў, а таксама свабоднага ўжываньня ў іх мовы і выкананьня правілаў свае рэлігіі». У артыкуле 111 гаварылася. што «ўсім грамадзянам забясьпечваецца свабода сумленьня І веры».
Гэтак выглядала праўнае палажэньне беларусаў у Польскай дзяржаве, якая ў дадатак кідала вуснамі сваіх афіцыйных прадстаўнікоў клічы аб братэрстве палякоў з беларусамі ды абяцанкі правясьці справядлівую зямельную рэформу, у часе якое мелі быць надзеленыя з дворных панскіх земляў і беларускія сяляне. Усё гэта, аднак, было і засталося толькі на паперы. Запраўднасьць пасьля выглядала зусім іначай, зусім наадварот. Беларускі народ, відаць, прадчуваў гэта, і яго не цягнулі гэныя клічы. Беларускі народ імкнуўся да стварэньня свайго собскага нацыянальнага жыцьця. У шмат якіх мясьцінах Заходняе Беларусі адбываліся бунты і паўстаньні, скіраваныя супроць Польшчы. Так, прыкладам, толькі на працягу 1922 г., як афіцыйна сьцьвердзіў у польскім сойме старшыня польскага ўраду Ул. Грабскі, на Заходняй Беларусі і Украіне было зарганізавана 878 проціпольскіх бунтаў, паўстаньняў, нападаў і тэрарыстычных актаў, а ў 1923 г.— 503.
Імкненьне да стварэньня свайго собскага жыцьця і захаваньня свайго беларускага аблічча выявіў беларускі народ і праз галасаваньне і выбары сваіх прадстаўнікоў у польскі сойм і сэнат, якія адбываліся 5 лістапада 1922 году. На выбары гэныя беларусы ішлі ў паразуменьні, у супольным блёку з немцамі, украінцамі, жыдамі і іншымі гэтак званымі нацыянальнымі мяншынямі Польскае дзяржавы. I ў выбарах ужо выявіліся несправядлівыя дачыненьні польскага ўраду да беларусаў, бо быў выдадзены закон, паводле якога ў Польшчы выбіралі аднаго прадстаўніка-пасла 40—50 тысячаў жыхароў, а ў Заходняй Беларусі такога-ж прадстаўніка маглі выбраць толькі 100 гысячаў жыхароў, Апрача таго, у выбарах гэтым жыхаром Заходняй Беларусі (беларусам) паліцыя рабіла розныя перашкоды. Беларусы ўсё-ж-ткі патрапілі правесьці ў сойм і сэнат 14 сваіх прадстаўнікоў: 11 паслоў у сойм і 3-х сэнатараў у сэнат. Былі гэта ведамыя беларускія дзеячы: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, кс. Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, Пётра Мятла, С. Якавюк, С. Баран, Б. Рагуля, В. Каліноўскі, М. Кахановіч, А. Аўсянік — паслы, В. Багдановіч, А. Уласаў і Назарэўскі — сэнатары. Беларускія паслы і сэнатары зараз-жа стварылі Беларускі Пасольскі Клюб, які быў першым парлямэнтарным беларускім прадстаўніцтвам у Польшчы. У васабовым складзе Пасольскага Клюбу пасьля адбыліся зьмены. Пасол С. Якавюк выехаў у Летуву, а паслы Каліноўскі, Кахановіч і Баран — у БССР. На іхнае месца ўвайшлі: Ю. Сабалеўскі і П. Валошын.