БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Браты!.. Вы — носьбіты справядлівасьці чалавецтва, Вы — змагары за правы ўсіх пакрыўджаных і паніжаных, Вы — прадвесьнікі лепшае будучыні... На Вашых вачох робіцца вялізарнае злачынства і яно кліча Вас узьняць свой моцны і справядлівы голас у вабароне Беларусі...»
Глухімі былі і нашы суседзі, да якіх гэныя-ж уцекачы гэтак зварочваліся: «Браты! Вялікая Расейская рэвалюцыя вызваліла народы Расеі ад гнёту царскага самаўладзтва і кажнаму з іх дала магчымасьць па-свойму наладжваць сваё жыцьцё. Яшчэ нядаўна вы былі нявольнікамі: вашая мова, школа, вера, звычаі, уся вашая культура, грамадзкасьць і эканоміка перасьледваліся, зьневажаліся. Вы стараліся бараніцца, але ня мелі фізычнае сілы, што ў цяперашнім грамадзянсьцьве зьяўляецца адзіным правам на існаваньне. Вы разумелі, што найлепшай абаронай вашай зьяўляецца палітычнае і тэрытарыяльнае самаазначэньне, вашая нацыянальная гаспадарсьцьвенасьць, з ейнаю канстытуцыяй, уладай, войскам і правам, і вы дамагаліся гэтага самаазначэньня... Да вас зварачаецца беларускі працоўны народ з пытаньнем: ці добра вы памятаеце вашую нядаўную няволю і ці ня думаеце вы з прыгнечаных стацца прыгнятальнікамі? Вы, украінцы, хочаце свае паўночныя межы пашыраць коштам беларускіх паветаў Чарнігаўшчыны, Меншчыны і Гарадзеншчыны. Вы, летувісы, стараецеся далучыць сабе беларускія паветы Ковеншчыны, Гарадзеншчыны і Віленшчыны, а вашыя імпэрыялістыя гатовыя захапіць усю паўночна -заходнюю частку Беларусі. Вы, палякі, карыстаючыся тым, што Беларусь разам з Летувай калісь былі ўсходняй часткай вашага караля і ягоных прыслужнікаў, усю Беларусь, ад Беластоку да Дняпра, стараецеся ўлучыць у межы свайго новапаўстаючага каралеўства...
Пераканайце нас, што вы яшчэ не забыліся таго гнёту, што пераносілі вы самі...
Іначай — беларускі народ навекі пракляне новага пераможца, пана і прыгнятальніка і па-старому будзе змагацца за сваё шчасьце, аж пакуль у яго стане сілаў...»
Усе заклікі і просьбы беларусаў пра дапамогу, справядлівасьць, роўнасьць, братэрства прайшлі бяз рэха. Бальшавіцкая Расея і панская Польшча, падзяліўшы Беларусь, гаспадарылі ў ёй так, як ім падабалася, і так, як ім было карысна і выгодна. Беларускі-ж народ далей вёў змаганьне за свае правы, за волю, шчасьце і долю, верачы ў перамогу.
XXVIІ
Праўнае палажэньне беларускага народу пад Польшчай.— Беларускае парлямэнтарнае прадстаўніцтва ў польскім сойме.— Беларускія палітычныя партыі і арганізацыі. — Беларускія культурна-асьветныя, навуковыя і гаспадарскія арганізацыі і таварыствы. — Рэлігійныя справы. — Беларускія школы, тэатр, каапэратывы, выдавецтва, прэса. — Польская асыміляцыйная палітыка ў дачыненьні да беларусаў.
Згодна з Рыскім трактатам, які падзяліў Беларусь, да Польшчы была далучаная вялікая тэрыторыя, населеная ў бальшыні беларусамі. Былі гэта паветы: Берасьцейскі, Беластоцкі, Сакольскі, Гарадзенскі, Ваўкавыскі, Пружанскі, Кобрынскі, Слонімскі, Баранавіцкі, Косаўскі, Пінскі, Стаўпецкі, Наваградзкі, Нясьвіжскі, Лідзкі, Шчучынскі, Ашмянскі, Маладэчанскі, Вялейскі, Браслаўскі, Пастаўскі, Дзісненскі і Глыбоцкі. Тэрыторыя гэтая налічвала больш за 100 тысячаў кв. кілёмэтраў і каля 4 мільёнаў жыхарства. Беларусаў на ёй было каля 3,5 мільёнаў, у бальшыні сялян, стала жывучых на адным і тым самым месцы. Не зважаючы на гэта, беларусаў у Польскай дзяржаве палякі залічылі да гэтак званых нацыянальных мяншыняў.
Паводле Вэрсальскага трактату, ці, дакладней кажучы, дадатковага пратаколу да ягонага 93 параграфу, падпісанага 28 чэрвеня 1919 году між Польшчай і дзяржавамі Антанты (Францыяй, Ангельшчынай, Італіяй, Японіяй і Злучанымі Штатамі Паўночнай Амэрыкі) у справе нацыянальных мяншыняў, беларусам у межах Польскае дзяржавы забесьпячалася абарона жыцьця, свабоды, маемасьці, рэлігійных перакананьняў, абрадкаў, ужываньня роднае мовы ў судох, навучаньня ў роднай мове, справа арганізацыі грамадзкіх, дабрачынных і ўзгадавальных устаноў, а таксама прыватных школаў. У IX параграфе гэнага дадатку гаварылася, што Польшча павінна рабіць адпаведныя палёгкі, каб у гарадох і ў вакругах, заселеных у ладнай частцы жыхарствам з няпольскай мовай, навука ў школах выкладалася ў роднай мове і каб усялякія ўстановы гэтае нацыянальнасьці (школы, асьветныя, дабрачынныя і інш.) мелі аднолькавыя правы карыстацца дапамогай з дзяржаўнага бюджэту. Трактат цьвердзіў, што «кажны закон, кажнае распараджэньне, кажная ўрадавая дзейнасьць у Польшчы, якія пойдуць супроць пералічаных прынцыповых пастановаў, ня будуць мець сілы». Нагляд за выкананьнем гэтага трактату быў ускладзены на Лігу Нацыяў, створаную згодна з Вэрсальскім трактатам, якая мела рэгуляваць міжнародныя дачыненьні.