Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Успомнім, чым заняты мележаўскі Міканор, вярнуўшыся з войска ў свае Курані. Не грэбляю — «лазню, лазню будаваць трэба!»
У «Новай зямлі» Якуба Коласа, якая справядліва лічыцца энцыклапедыяй беларускага жыцця прамінулага стагоддзя, можна знайсці ўсё, што душы заўгодна, не забыты драбнюткія побытавыя дэталі, у тым ліку ёсць і цудоўныя радкі пра грыбы:
Але калі вы адшукаеце там хоць згадку пра лазню, першы вас павіншую і пастаўлю сто грамаў. Здавалася б, такі рытуал, такая ўдзячная тэма, такі размах для коласаўскага пяра, столькі гэта магло б даць «дум і натхнення паэту»! Аднак жа лазні месца ў геніяльным творы не знайшлося. (Увогуле, калі не памыляюся, гэтая тэма прыйшла ў нашую літаратуру толькі разам з Максімам Гарэцкім.)
Тут не варта ні здзіўляцца, ні засмучацца, ні тым больш саромецца. Як не засмучаюцца і не саромеюцца французы, чаму не апеў лазню Расін, альбо англічане — чаму не зрабілі таго самага Шэкспір з Байранам. У адсутнасці «лазневай» традыцыі няма ні кепскага, ні добрага; проста як ёсць, так ёсць. І, можа, дарэмна наш Міканор так ужо ўбіваўся па той лазні. Напэўна, не горш за яго ведалі продкі, што ім трэба ў першую чаргу рабіць, як мімімум, былі не дурнейшыя за нас — хоць бы таму, што спарадзілі нас, такіх разумных.
З беларускімі — асабліва на поўдні — сапраўды, не такімі ужо доўгімі і не такімі суровымі зімамі, з працяглай цёплай парою, калі паўсюль поўна рэчак, азёр, копанак — ці была ў тых лазнях вялікая патрэба? І наадварот: калі б прыродныя, кліматычныя, этычныя, ментальныя, якія хочаце іншыя патрэбы паставілі б перад неабходнасцю збудавання хаткі без вокан, з гарачымі камянямі, на якія трэба ліць ваду, — ніякага сумнення, што каля кожнай, нават самай занядбанай беларускай хаты з незапомных часоў тулілася б акуратная лазнечка.
Абяцаў пра «грибки под водочку», а перакінуўся на лазні… Аднак тут прамая сувязь. Раз не ў нашай традыцыі было заводзіць лазні, дык, натуральна, адсутнічалі і спадарожныя атрыбуты гэтага: г. зн., не было патрэбы ў востра-салёных закусках, ды і самой «водочки», калі на тое пайшло, не было — была самагонка, удвая, а то і ўтрая за гарэлку мацнейшая, і яе «грибочками» не надта закусіш, тут трэба сала, мяса, каўбаса…
Нашы продкі яўна не належалі да грыбных гурманаў. Большасць блюд, што мы чытаем у раздзелах кулінарных кніг па беларускай кухні, звязаных з грыбамі, — плод фантазіі складальнікаў, прашу паверыць. Ну, у суп пакласці некалькі сухіх баравікоў… Ну, мачанка грыбная пару раз на год… Булён з ранніх сыраежак… Патэльня смажаных, таксама першых, лісіц… У лепшым выпадку на Каляды адкрыць слоік марынаваных малюсенькіх белых грыбкоў, або зялёнак, або масьлякоў… Усё. Уся беларуская нацыянальная «грыбная кухня». І ніякіх далікатэсаў, ніякіх фаршырованых грыбамі яек (прыдумаць жа такое!), ніякай грыбной ікры, ніякіх мачэнняў і саленняў — ды і ў чым саліць? Бочкі, дзежкі, вываркі, ражкі, цэбры — усё занята пад важнае, сапраўды неабходнае, ад чаго большы, чым ад грыба, наедак: сала, мяса, гуркі, капуста, квас бярозавы… Слоікі — пад памідоры, яблыкі, грушы, слівы, розныя варэнні…
«Яшчэ не хапала на забаўку тару пераводзіць!»
Канечне, узнікне вядомы скепсіс, калі, напрыклад, паслухаць таго ж У.А. Салавухіна, што, маўляў, трэба казаць не рыжыкі, а ласкальна-памяншальна — рыжычкі…
Ды ў нас не тое што «рыжычкі», проста «рыжыкі» ніхто не скажа — рудоўкамі іх у нас завуць! Вось вам яшчэ штрых, які падкрэслівае паблажлівасць беларуса да мочана-салёных, лёгкіх, «закусачных» грыбоў. Дастаткова параўнаць пяшчотна-саладжавыя рускія «груздь», «волнушка», «рыжик» з нашымі — грузд, ваўнянка, рудоўка…
І зноў неверагоднае да невыпадковасці супадзенне: пішу зараз гэтыя радкі, а па радыё даўняя песня, здаецца, П’ехі, з прыпевам:
Памятаеце заўвагу Васілеўскага пра двух грыбовікаў, адзін з якіх, выслухаўшы другога, абавязкова запярэчыць: «А вось у мяне інакш было…»? Так і я — расказваю, і далей збіраюся расказваць толькі пра звычаі сваёй роднай мясцовасці. Цалкам дапускаючы, што ў іншых, нават у суседнім з маім раёне, зусім «не так было». Патрапіў я аднойчы да сябра на Астравеччыну. І калі ўбачыў, як гэтыя рыжыкі-рудоўкі растуць, якія яны прыгожыя, як з імі пашанотна абыходзяцца, калі паспытаў іх — я, «лясны» чалавек, упершыню за 38 гадоў жыцця — смажынымі на патэльні, а потым, у Мінску, салёнымі… Ды што тут многа гаварыць! Зразумеў, словам, колькі было страчана ў вечнай пагоні толькі за грыбам белым, як ён, гэты белы, засланяў сабою белы свет.