Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
— Дур-на-я, дур-нень-ка-я, ціха!..
I Ася сціхла. Яна толькі ўсхліпвала i цяжка, глыбока ўздыхала.
— Лезь туды i сядзі,— сказала бабуля, падсаджваючы яе на печ. — Толькі ж глядзі — не плач, каб ніхто не пачуў. I не бойся, я зараз прыйду.
Ася паслухала i сціхла. Каб ніхто не ўбачыў, яна залезла ў самы цёплы куток на печы i з галавой накрылася дзяругай, а каб ніхто не пачуў — заціснула зубамі руку. Калі малая зусім сціхла i, адкрыўшы галоўку, пачынала прыслухоўвацца, — на камінку мурлыкаў шэры кот, а далёка-далёка за сценамі хаты чуваць былі стрэлы… Дзяўчынцы зноў рабілася страшна; яна забылася на суровы загад i голасна плакала.
— Ма-мэ! — клікала яна тую, хто самы найлепшы на свеце. А потым, згадаўшы таго, хто здаваўся ёй дагэтуль самым дужым, крычала: — Та-т-алэ! Та-тэ!
Ніхто не адказваў, ніхто не нрыходзіў. Стомленая ад плачу i разамлелая ад цяпла, дзяўчынка нарэшце сціхла зусім, заснула.
Прачнуўшыся, яна адразу не пазнала, хто сядзіць побач з ёй, хто глядзіць на яе. Бабуля яе не такая, — яна сівая, i галава яе вечна трасецца, нібы згаджаючыся з усімі: «гут, гут, гут». А гэтая, што глядзіць на Асю, не сівая.
— А дзе мама? — спыталася малая, не ўстаючы.
— На вось, выпі, пагрэйся, — падала ёй бабуля конаўку.
Ася паслухала, села i абхапіла пальчыкамі вялікую цёплую конаўку з малаком.
— А дзе мама? — перапытала яна, глытнуўшы некалькі разоў.
— Пі, пі яшчэ.
Ася выпіла яшчэ трохі i заявіла:
— Я хачу дахаты.
Бабуля паглядзела на яе, падумала нешта i спыталася:
— Ты чыя? Відаць, Айзікава?
— У-гу.
— А як жа ты завешся?
— Ася.
— Маленькая яшчэ зусім. Глядзі, што які-небудзь трэці гадок.
— Не-е, мне ўжо, мама казала, пяты.
— Пяты. Заморак ты. Жменя касцей…
I Ася ўспомніла раптам, — гэта ж тая бабуля, што насіла ваду на каромысле. I заўсёды, калі яна ішла па ваду, малыя бегалі навокал яе i крычалі: «Зось, Зось, не зловіш нябось!» Яна то злосна маўчала, то, паставіўшы вёдры, трасла на дзяцей каромыслам i крычала: «Эх, неахвота толькі займацца!» Тады яна была вельмі страшная, а цяпер вось сядзела, глядзела на Асю, i Асі было зусім-зусім не боязна.
— А я ведаю, хто вы, — сказала дзяўчынка. — Вы — Зось. Вы насілі ваду на каромысле.
— Дурная ты, — адказала бабуля. — Зось — гэта каб быў мужчына, а я ж не мужчына. Я Зося, a дурні кажуць Зось. Ды што табе казаць — малая. Ляж ды cпi.
«Зось» ступіла на лаву, з лавы — на падлогу i адышлася ад акна.
— Бабуля, — паклікала з печы дзяўчынка.
— Ну?
— А я дахаты хачу. Хачу да мамы.
— Твая мама сказала, каб ты пабыла ў мяне.
— А таталэ?
— I ён таксама казаў.
Дзяўчынка памаўчала трохі i спыталася зноў:
— Бабуля?..
— Ну?
— А мама прыйдзе сюды?
— Прыйдзе, — глуха адказала старая. Яна глядзела, прыгнуўшыся, у акно — на сырое, халоднае поле.
У хатцы ціха. Чуваць толькі было — на камінку мурлыкаў шэры кот.
— I тата прыйдзе, бабуля?
— I тата прыйдзе таксама, — адказала старая. Яшчэ цішэй.
Неяк зімой «Зось» разбудзіла дзяўчынку да свету. Каб Ася не здзіўлялася — чаму так рана, яна сказала, што пойдуць сёння далека-далека.
— Туды, дзе мама i тата? — спытала дзяўчынка. — Дзе бабуля? Дзе ўсе? Туды?
— А што ты думаеш, можа, i туды…
Яна не спала сёння ўсю ноч, — сядзела i думала, што ёй рабіць. Дагэтуль усё было добра. Хатка яе стаіць на ўскраіне мястэчка, дзе канчаецца доўгі Балотны завулак i пачынаюцца глінішчы. Хатка маленькая, з адным акном i бляшаным комінам, што вельмі падобны на старую халяву. Ніхто, можна сказаць, не заходзіў сюды, ніхто не жыў паблізу, апроч суседа Якава Мароза. Ніхто не ведаў, што ў Зосінай хаце хаваецца яўрэйскае дзіця. I яна не казала, здаецца, нікому. Праўда, калі яна куды-небудзь ішла — насіць ваду ці пашукаць харчу казе, — Ася заставалася дома адна, пад замком. I вось нехта, відаць, падгледзеў.
Учора, калі яна зайшла да Марозавых, стары Якаў сказаў: «Асцерагайся, Зося. Баюся, што нехта пранюхаў…» Дома старая думала доўга i многа, а потым вырашыла так: «Скулу ім, злыдням, — не на такую натрапілі!..»
Яна дачакалася, што пачало шарэць, i разбудзіла дзяўчынку. Што будзе, то будзе, а чакаць далей нельга. Зося падаіла казу, напаіла Асю цёплым малаком i, закутаўшы яе як найцяплей, панесла прэч з мястэчка — далей ад гэтых нелюдзяў у чорных шынялях!..
«Сабакі, сабакі шалёныя», — думала яна ідучы. Цяжка ступала па рыхлым адліжным снезе, горбілася пад цяжарам, што варушыўся за спіной, i ўпарта ішла, ішла… Калі нямелі рукі i дзяўчынка аб'язджала ўніз, Зося спушчала малую на снег, i Ася тэпала сама. Ды ісці было вельмі далека, i гэтак страшна станавілася ад думкі, што вось развіднее зусім i на бяду спаткаешся з якім-небудзь сабакам… Старая зноў брала дзяўчынку на плечы, «на барана», i толькі пыталася: