Вялікія дарогі [пра мінулае]
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:
Абнадзеіўся й Кастусь атрымаўшы ліст ад сэнатара. На блянку Сэнату Злучаных Штатаў Амэрыкі сам Мак Каран паведамляў, што Сэнат перагледзеў закон пра эміграцыю й зьмяніў колькі пунктаў у ім. Ён дзякаваў Кастусю за дапамогу ў гэтай справе. Цяпер сэнатар спадзяваўся, ня будзе перашкодаў для Кастусёвай эміграцыі ў Амэрыку. Кастусь ведаў, што й Палата прадстаўнікоў ухваліла папраўкі да закону Мак Карана й яны ўжо падпісаны Прэзыдэнтам Труманам.
Але, на гэтым Кастусёвы пакуты чаканьня яшчэ ня скончыліся. Калі ўсе маглі ехаць без перашкодаў, яму было нельга. Ён мусіў чакаць вынікаў свае апэляцыі ў Вашынгтон. Яшчэ з два месяцы прайшло, пакуль бюракратычная машына пераслала з Вашынгтону дазвол. Толькі ў верасьні Кастусь дачакаўся выкліку да консула для новага афармленьня дакумантаў. Ізноў праходзіў камісыі па праверцы здароўя. Нарэшце, выехалі ў Брэмэнгафэн, каб адтуль кіравацца ў далёкую, нязнаную Амэрыку.
25. ДАБРАНАЧ, ЭЎРОПА!
У Брэмэнгафэне Кастусь чакаючы свае чаргі на выезд, стаў выкладаць ангельскую мову такім-жа, як і ён. Пры працы лягчэй было чакаць тае жаданае часіны. А людзі адплывалі штодня, замест іх прыязджалі ў гэты перасыльны лягер новыя перасяленцы, дапушчаныя да эміграцыі ў Злучаныя Штаты. Тут часам сустракаліся людзі, якія ня бачыліся цэлае дзесяцігодзьдзе. Яны абменьваліся адрасамі, абяцалі пісаць, дапамагаць адзін аднаму ў выпадку патрэбы. Ня ведалі яшчэ, што гэты энтузіязм зусім не даўгатрывалы й разьвеецца ён, як той ранішні туман пад угрэвам сонца, у шырокім акіяне жыцьця. Найбольш напішуць раз ці два, а пасьля замоўкнуць, як вады ў рот набраўшы. Новыя клопаты выціснуць старыя ўражаньні, і іншыя людзі зоймуць мейсца ў іх сэрцах. Толькі старэйшыя векам людзі будуць даўжэй помніць тых, з кім прыходзілася на ўцякацкіх дарогах дзяліць хлеб і ваду. Моладзь хутка нырне ў вір новага жыцьця і ў асалодзе новае рэчаіснасьці забудзе аб старых сувязях і колішніх дачыненьнях.
Кастусь сустрэў тут паэта-случчака Янку Зотава, зь якім яны былі суседзямі ў доме ў Рэгэнзбурзе. Тады ягоная жонка не палюбіла маладзейшай за яе Галіны і, прыраўнаваўшы свайго чалавека, трымала яго на адлегласьці, а з Галяй без дай прычыны перастала гаварыць. Гэтая адчужанасьць, на жаль, адчувалася цяпер і тут...
І вось настаў дзень, калі Кастусёву сям'ю паклікалі на параплаў. Рэчы былі ўжо здадзеныя, людзі з чамаданамі выстраіліся ў чарзе на каменнай набярэжнай. Перад імі стаяў прышвартаваны вялізны параплаў Блэчборд. Людзей пускалі на яго паводле сьпісу.
Кастусь адразу запісаўся на працу друкаваць на машынцы розныя параплаўныя навіны. Запісваліся людзі на працу на кухню, у параплаўную паліцыю. Кажны ўладкоўваўся, як мог.
На другі дзень, як толькі выплылі з Брытанскага праліву, параплаў пачало гойдаць. Яго ўздымала на вяршыліну хвалі і адтуль кідала ў прадоньне, нібы трэску. То нос заглыбляўся ў салёную белапенную ваду, а зад узносіла ўгору, то нос ішоў ўверх, а зад абмываўся прыбоем пеністых хваляў. Калі ў першы дзень палуба з раньня да вечара была поўная натоўпам цікавых гледачоў, дык цяпер ні адзін не паказваўся на ёй.
Людзі пачалі хварэць морскай хваробай. Яны бездапаможна ляжалі на ніжэйшых уступах, прамежных пляцоўках і ў каютах.
Кастусь цярпеў, як і іншыя. Дачушцы Зосі было вельмі дрэнна. Адна Галіна глытала таблеткі, што далі на параплаве, і пачувала сябе параўнаўча ня блага. Дзякуючы гэтаму яна ўвесь час была пры Зосі й дапамагала ёй пераносіць нядугу. Дні тры доўжыўся гэты шторм.
Апошнія дні перад прыездам ізноў было поўна народу на палубе. Усе пачувалі сябе добра. Людзі поўніліся новымі надзеямі. Толькі перад самым Нью-Ёркам сталася вядомым, што порт ня можа прыняць людзей гэтага транспарту, бо там забастоўка партовых грузчыкаў. Павярнулі ў бок порту ў Бостан. На наступны дзень высадзіліся на вялікай пляцоўцы, дзе перачакалі да вечара, і толькі ўжо ўначы прыехалі на Пэнсыльванскі вакзал у Нью-Ёрку.
Тут на вакзале людзей сустракалі спонсары, забіралі іх у машыны й адвозілі па прызначэньні.
Кастусь з Галінай і Зосяй доўга сядзелі на вакзале, чакаючы свайго спонсара. Прайшло паўгадзіны, і на вакзале паказалася знаёмая ім постаць пісьменьніка Юльяна Сьвіслацкага. Ён адразу заўважыў іх у парадзелым да тога часу натоўпе і скіраваўся вітаць сям'ю Кастуся на амэрыканскай зямлі. Юльян кінуўся ў абдымкі сваіх знаёмых, нібы да сваіх блізкіх родзічаў, забраў іх чамаданы й павёў за сабою. У машыне іх чакаў шофэр, які памог сесьці, паклаў у багажнік рэчы й хутка павёз іх уздоўж даўгіх роўных вуліц Нью-Ёрку.