Вялікія дарогі [пра мінулае]
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:
23. ВЯЛІКІЯ СПАДЗЯВАНЬНІ
І ў шпіталі, і ў лягерох для перамешчаных асобаў усіх хвалявала ў тыя дні адно пытаньне: што Аб'яднаныя Нацыі пастановяць адносна лёсу тых, якія не пажадалі вярнуцца на радзіму. Савецкі прадстаўнік Вышынскі патрабаваў усіх вярнуць прымусова. Амэрыканская прадстаўніца ў Аб'яднаных Нацыях, спадарыня Рузвэльт выступала за свабоду выбару для перамешчаных асобаў, хочуць - няхай вяртаюцца, ня хочуць - няхай едуць у краіну іх выбару. Яна грунтоўна й пераканаўча даводзіла, што міжнароднае права патрабуе гэтае свабоды, калі мы хочам паважаць правы чалавека. І калі Гэнэральная Асамблея Аб'яднаных Нацыяў у канцы 1945 году вынесла пастанову аб забароне прымусовае рэпатрыяцыі, усе перамешчаныя асобы ўздыхнулі з палёгкай. Пачутая навіна праз радыё «Бі-бі-сі» і іншыя радыёстанцыі перадавалася з вуснаў у вусны. Многія людзі ізноў пачалі называцца тымі, кім яны былі, не хаваючы свайго сапраўднага імя й нацыянальнасьці.
Кастусь паверыў такому важнаму міжнароднаму форуму, як Аб'яднаныя Нацыі. Ён цяпер не хаваў таго, што ён былы савецкі падданы. Гэтая адкрытасьць пазьней яшчэ папсуе яму шмат нэрваў і затрымае выезд у Амэрыку. Але гаворачы праўду, ён пачуваў сябе куды лепш, чымся тады, калі мусіў хавацца пад маскай паляка.
Мусіць многім, хто быў тады ў шпіталі, запомніўся малады паэт Пётра Яворскі. Яшчэ напярэдадні таго радыйнага паведамленьня ніхто не сумняваўся ў ягоным польскім паходжаньні. Але пасьля гэтай навіны Пётра пачаў сьмялей чытаць свае вершы перад усімі й адкрыта называць сябе былым савецкім подданым. Ён хадзіў з аднае палаты ў другую, радаваўся з усімі, што пагроза прымусовае рэпатрыяцыі мінавала. Тады ён чытаў колькі сваіх вершаў, не пытаючыся, ці хочуць людзі яго слухаць, бо вершы яго былі адно перапевамі Сяргея Ясеніна, - прыгожыя гучныя словы аб рамантычным каханьні. Праўда, многія тут ужо добра ведалі Пётру і ўжо былі прывыклі да ягонае вершаванае балбатні.
Другой важнейшай падзеяй у жыцьці гэтага шпіталя быў пераезд у мястэчка Кольгруб за колькі сот кілямэтраў на злучэньне з другім шпіталем, таксама створаным для ўцекачоў. У адзін дзень уся шпітальная маёмасьць ды самі пацыенты былі пагружаны на машыны. Неўзабаве яны паехалі. Сонца ярка сьвяціла ўсю дарогу і ў падарожнікаў быў добры настрой. Кастусь ехаў разам з працаўнікамі шпіталя. Тыя дарогай жартавалі, апавядалі цікавыя розныя здарэньні.
Сустракаць хворых у Кольгрубе выйшаў увесь штат мясцовага шпіталю. І якое-ж зьдзіўленьне для Кастуся было ўбачыць зьнянацку тую дзяўчыну, якую ўжо й з галавы выкінуў пасьля разьвітаньня ў Менску. Каля адной машыны стаяла мэдсястра ў белай шпітальнай сукенцы і памагала людзям выходзіць. «Няўжо Галіна? - забілася Кастусёва сэрца. - Тварам - дык літая яна. Ня можа быць гэтага. Не магла яна тут апынуцца, ды яшчэ ў гэтым шпіталі». Але й Галіна ўжо ўтарапілася вачыма ў Кастусёву постаць, нібыта разважаючы, ці ён гэта. І тут Кастусь ужо ня здолеў стрымацца.
- Галя! Гэта я, Кастусь. Я рады цябе бачыць. Дарагая Галя!
І ён кінуўся да яе й абняў яе на вачох перад усімі.
- Як ты тут апынулася? Дзе ты жыла ўвесь гэты час? І чаму не падавала голасу? - пасыпаліся ягоныя пытаньні.
- Ой, гэта доўга апавядаць. Пойдзем у памешканьне. Там раскажу ўсё па парадку.
Яна ўзяла яго за руку і, як хворага, павяла ў шпітальны будынак. Уладкаваўшы Кастуся ў палаце, Галіна ізноў пабегла за іншымі пацыентамі, каб дапамагчы разьмясьціць і іх. Кастусь ляжаў на ложку й чакаў Галю. «Гэта-ж трэба, - думаў ён, - выязджаючы зь Менску, разьвітаўся зь ёй назаўсёды. Увесь гэты час і ня думаў пра яе, ня згадваў нават пра яе існаваньне. Займалі іншыя клопаты. А тут раптам бачу яе ізноў, ды яшчэ ў шпіталі, у якім сам апынуўся. Цікава, як наладзяцца цяпер нашыя дачыненьні?»
Невядома колькі прайшло часу, пакуль ізноў прыйшла Галя. Яна села на крэсьле каля ложка й пачала сваё апавяданьне.
- Бачыш, Кастусь, не кілімам-самалётам я сюды прыляцела. Праз вялікую сумятню прышлося прайсьці. Бяда пачалася на другі дзень пасьля твайго адыходу. Бомба трапіла ў наш дом, і мае бацькі там разьвіталіся з жыцьцём. Іх абгарэлыя целы я сама пахавала. Засталася адна. Ні хаты, ні бацькоў. А фронт ужо стаяў за Менскам. Немцы падпальвалі вялікія будынкі, а з малых людзі беглі, куды вочы глядзелі. Пайшла я раніцай трэцяга дня пасьля гэтага здарэньня пехатой на Захад. На дарогах скрозь ішлі й ехалі на падводах людзі. Усе ўцякалі далей ад агню й выбухаў. Не пазнаць было, што рабілася. Мяне падабрала адна сям'я на падводзе. Зь імі даехала да Баранавіч. А там неяк цудам удалося ўлезьці ў цягнік. Добры чалавек падаў руку й бадай-што праз галовы й скрыні ўцягнуў мяне ў сярэдзіну вагону. Людзей там было процьма, стаялі ня толькі на падлозе, але й на клумках ды чамаданах. На руках трымалі дзяцей. Цягнік рухаўся бесперапынна, ня спыняючыся нават на вялікіх станцыях. Толькі ў Беластоку мелі спынак. Вышлі з вагонаў, як учадзелыя. Накінуліся піць ваду ды абмывацца, як пасьля чумы. Балазе стаяў там цягнік доўга. Усё пасьпелі зрабіць. Вымянялі рэчы на хлеб. Набралі вады. Ізноў паехалі, але ўжо зь лепшым настроем. Як мінулі дзяржаўную мяжу, дык лягчэй стала на душы. Дзякуй Богу, на міну ня трапілі. Я чула пазьней, што траплялі на міны. Нам-жа ўдалося даехаць цэлымі. А ў Нямеччыне ўсюды пыталася, ці чулі пра цябе. Ніхто нідзе і ня чуў, і ня бачыў. Дабралася да баварскага Кэмптэна, пайшла на працу ў шпіталь. А неўзабаве перабралася ў гэты Кольгруб. Вось тут нечакана мы й сустрэліся. Ты-ж такі самы, які быў тады, анічуць не зьмяніўся. І добра выглядаеш. Відаць, Бог мілуе.