Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
З радоў вырвалася ўпэўненае і пагрознае:
— До-о-йдзем!.. Дабярэмся! Да Берліна!
— Да фашысцкага гнязда!
Быстроў хацеў яшчэ штосьці сказаць, але знянацку ўскінуў сціснуты кулак і грозна патрос ім у бок ворага...
Забітых загарнулі ў шынелі, у брызент і пачалі па адным апускаць у зямлю.
Салдаты, афіцэры ўзнялі ўгару аўтаматы і пісталеты — прагучаў развітальны салют. Проста і строга хаваюць салдат салдаты.
У яму жменя за жменяй пасыпаліся грудкі вільготнага пяску...
— Гвардыі лейтэнант Колышаў!
Колышаў хутка падышоў да Аляксея і, казырнуўшы, запытальна зірнуў на камбата, чакаючы загаду.
«Як ён пасталеў!»— заўважыў упершыню Аляксей.
— Якавенка загінуў... Пакуль прышлюць новага камандзіра, будзеце пакуль... — прамовіў Лагуновіч і на хвіліну запыніўся.
Яму раптам успомнілася зялёнае поле на Смаленшчыне, непадалёк ад фронта, блакітны майскі дзень, калі на тактычных занятках гэты ружовашчокі юнак першы раз «замяніў» Якавенку. «Якое трагічнае супадзенне!»
Аляксей мімаволі нахмурыўся, адганяючы ўспамін. Хто тады мог ведаць, што яно так здарыцца!
— Часова за камандзіра ўзвода...
Колышаў стрымана адказаў:
— Ёсць!
6...
Магільны ўзгорак знік за паваротам дарогі. Над ім цяпер хіліліся ў горы, журыліся адны ціхія бярозы.
Вось і Якавенкі няма. Колькі таварышаў пахаваў Аляксей за вайну. За снежным Донам, на Украіне, пад Курскам. І тут, на роднай зямлі, ёсць магілы сяброў...
Ён прыгадаў, як сам ледзь не загінуў учора, — як нечакана вынырнуў з-за страхі нахабны «месершміт», як блізка грымнуў выбух і кінуў яго на зямлю.
Лежачы на зямлі, Аляксей чуў, што на яго ападаюць камякі зямлі.
Камбат паспрабаваў падняцца. З «трыццацьчацвёркі» саскочыў Быстроў і ўстрывожана падбег да яго:
— Што з вамі?
— Нічога, здаецца... — Аляксей адвёў руку сержанта, які хацеў падтрымаць яго, і, хістаючыся, ступіў да машыны. Каля каткоў — кінулася ў вочы — ляжала ссечаная асколкам бярозавая галіна...
Адганяючы яшчэ вострыя, даўкія ўспаміны пра ўчарашняе здарэнне, Аляксей сказаў сержанту, які сядзеў побач:
— Ты ведаеш, Быстроў, што гэта за зямля перад намі?..
Быстроў зірнуў на Аляксея, потым перавёў позірк туды, куды глядзеў старшы лейтэнант. Непадалёк пачынаўся невялічкі, звычайны лясок, да якога падступала такое ж звычайнае поле. Пры ўзлессі віднелася некалькі кінутых немцамі аўтамашын.
— Вось думаю — колькі крыві братняй праліта за яе? За нашу зямлю... За гэтую дарогу, за поле, за бярозу... За Мінск.
Быстроў не адказаў, узрушаны хваляваннем Аляксея. «За Якавенку, відаць, перажывае», — падумаў ён.
— Многа, Быстроў. Што там гаварыць пра кутузаўскіх салдат, гэта здаецца далёкім мінулым. Дваццаць чатыры гады назад тут біліся нашы бацькі з белапалякамі. Мой бацька тут ваяваў з імі! А яшчэ крыху раней — з кайзераўцамі... І вось цяпер — тры гады нашай вялікай бітвы!..
— Развялося пошасці ўсякай! — паварушыў жаўлакамі Быстроў.— Увесь час лезуць, як саранча!
— І каго сюды ні прыносіла: Карл-швед і той нават прыпёрся быў, — сказаў Аляксей.
— Ну, нічога. Погані такой цяпер паменшае. Думаю, што тут, на Беларусі, кроў больш не будзе ліцца. І так колькі разоў перашкаджала людзям жыць усякая замежная навалач!.. Адвучым хадзіць сюды!..
— Адвучым назаўсёды.
Аляксей з нейкім асаблівым пачуццём любові і пашаны пазіраў у гэты час на пыльную дарогу, на запусцелыя палі, якія толькі зрэдку радавалі вока палоскамі спеючых кволых жытоў, на невысокія адхонныя ўзгоркі, пералескі, зацягнутыя сіняватай смугой, што, мяняючыся, праходзілі абапал дарогі.
Беларусь ты мая, Беларусь!
Раздзел ІІ
1...
28 чэрвеня адгрымелі баі ў Магілёве, на высокім, перакапаным снарадамі і бомбамі дняпроўскім беразе. Натоўпы магілёўчан, выбраўшыся са сховішчаў, абдымалі на дымных вуліцах родных салдат. Войскі ішлі ды ішлі з боку Лупалава, па пантонах на Дняпры, міма вежы старажытнай ратушы, па зялёнай Першамайскай, з сярэдзіны якой зварочвалі на Мінскае шасэ, на Мінск!
Бурлілі ў той жа дзень радасцю перамогі, шчасцем вызвалення Асіповічы, Шклоў, Быхаў, Клічаў і многія — ужо не дзесяткі, а сотні пасёлкаў і вёсак.