Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Удалося выратавацца толькі Рыбакову. Зразумеўшы, што здарылася, ён спрытна вынырнуў з люка і прабег згарача метраў пяцьдзесят да рэчкі. Тут, зачапіўшыся за прыгнутую лазіну, Рыбакоў спатыкнуўся і ўпаў.
Твар яго і асабліва рукі былі абпалены, вопратка на ім тлела, але Рыбакоў не заўважаў гэтага, ён бачыў, як з вежы, круцячыся, валіць чорны дым.
Ля машыны нікога не было відаць. Выскачыў яшчэ хто-небудзь ці толькі ён адзін?
Можа, там дапамагчы трэба каму-небудзь? Рыбакоў напружана ўзняўся на руках. Не, таму, хто не выскачыў, дапамагчы цяпер нельга...
Зямлю ўраз страсянуў грымотны выбух. У паветра паляцелі важкія кавалкі разарванай брані, адзін з якіх грымнуўся недалёка ад Рыбакова. Гэта ўзарваліся снарады — у машыне быў яшчэ амаль не расходаваны боекамплект.
Угару ўзнялося белае высокае воблака.
Неўзабаве выбухнулі паліўныя бакі...
Рыбакоў у роспачы азірнуўся назад і ўбачыў, як па захопленым мосце імчыць сюды танк. Адзін танк і чалавек шэсць аўтаматчыкаў былі ўжо на гэтым баку. Танк сек з гарматы і кулямётаў у бок бяроз, што раслі непадалёк, за прыбярэжнымі кустамі. Некалькі «трыццацьчацвёрак» падтрымлівалі яго з таго боку. Рыбакоў пачуў, як свішчуць нізка іх балванкі і асколачныя... Гэта як бы абудзіла Рыбакова.
Ён зноў павярнуўся да машыны, над якой уздымаўся дым, і застагнаў ад крыўды...
Так хутка, раптоўна...
5...
Лейтэнанта Якавенку і іншых танкістаў, што загінулі ў часе бою за мост, хавалі на беразе рэчкі, непадалёк ад месца гібелі. Тут, каля пераправы, ішоў паўтары гадзіны гарачы бой. Нарэшце, гітлераўцы ўсё ж вымушаны былі адысці, уступіць важны плацдарм.
На пахаванне забітых сабраліся таварышы: адна рота танкістаў і байцы з мотастралковага батальёна. Іншыя танкісты і аўтаматчыкі былі ўжо наперадзе — нельга затрымлівацца.
Усе тут яшчэ жывуць боем. Некаторыя як бы не вераць, што тых, з кім яны прышлі развітацца, сапраўды няма. Як жа няма, калі толькі гадзіны дзве назад яны з намі абмяркоўвалі задачу бою, жартавалі? Не, напэўна, якая-небудзь памылка! Можа, пераблыталі — можа, загінуў хто-небудзь іншы.
З краю шырокай ямы ільсніцца горкамі свежая, яшчэ вільготная зямля. Ляжаць поруч на брызенце, на разасланых шынялях танкісты і аўтаматчыкі. На дошчачцы, якая прыбіта да яшчэ неўкапанага слупка, напісаны іх прозвішчы, званні — сержант Каранькоў, механік-вадзіцель Ціхаміраў. Разам ішлі ў баях, разам ляжаць перад апошнім шляхам...
Якавенкі і трох чалавек з яго экіпажа няма. Застаўся жывым толькі абгарэлы Рыбакоў, якога яшчэ ў часе бою павезлі ў шпіталь...
Непадалёк, уперамешку з вупражкамі, што цягнуць цяжкія мінамёты, праходзіць пяхота, — адтуль хмурна пазіраюць на ўзарваную машыну. Плынь войск на другім баку ўсё гусцее...
Маўкліва і панура стаіць лес, які бачыў выбух полымя над танкам Якавенкі. Не шумяць, не трапечуць лісцем дрэвы, не рыпяць галіны, — усё замоўкла. Яны маўчаць не таму, што вецер сціх, яны, здаецца, таксама журацца над магіламі.
Над свежаю ямаю — тры пахілыя ціхія бярозы,— схіліліся, нібы ад цяжару ўтраты.
Аляксей ступіў на горку зямлі і акінуў позіркам хмурныя задуменныя твары танкістаў і мотастралкоў.
Губы, як заўсёды, калі ён непакоіўся, былі моцна сціснуты, і твар здаваўся хударлявейшым, больш выпіналіся сківіцы. Шлем ён трымаў у руцэ.
— Мы страцілі яшчэ некалькі таварышаў... З іх толькі Каранькоў памёр на зямлі сваіх бацькоў. Тут недзе недалёка яго роднае сяло. На Палтаўшчыне жыў і рос Якавенка. З Сібіры прышоў сюды Ціхаміраў. Яны памерлі разам з Караньковым. За свабоду Беларусі... Няхай жа беларуская зямля будзе ім на векі вечныя, як родная маці!
Позірк Аляксея затуманіўся. Успомніўся нядаўні жарт Якавенка «За мэне бабуся дома моліцца кожны вечар, таму і кулі не бэруць». Аляксей праглынуў горкі камяк, што стаў у горле, прадаўжаў сурова, як бы звяртаючыся да забітых:
— Вы аддалі сваё цудоўнае жыццё за свабоду нашай Радзімы, за мірны заўтрашні дзень, калі не будзе на нашай зямлі ворагаў, вайны, смерці, разбурэння! Сваёй самаадданасцю вы запавяшчаеце нам змагацца за тое, каб мы дарабілі ўсё, каб спраўдзілі вашы мары, вашы надзеі!..— Аляксей акінуў позіркам твары салдат.— Паклянёмся ж ім, таварышы, што спраўдзім іх запавет!..
І дзесяткі галасоў, прысягаючы, адказалі:
— Клянё-о-мся!!
Услед за Аляксеем на свежы ўзгорак падняўся павольна Быстроў. Ён пазіраў хвіліну пад ногі, на пясок, напружана перакатваючы жаўлакі важкіх сківіц.
— Адсюль мы пойдзем далей без іх. Яны застануцца тут, на гэтым беразе, назаўсёды. Ім не давялося дайсці да таго паганага фашысцкага гнязда, з якога прышла да нас вайна... Яны хацелі адпомсціць Гітлеру і ўсім фашыстам, але ім не ўдалося дажыць да перамогі... Яны не дойдуць,— у голасе Быстрова пачулася ўпартасць. — Але я ад імя ўсіх хачу сказаць, што мы споўнім іх жаданне. Мы — дойдзем!