Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Не бойся! Больш не падымецца! Капут!..
Стрэлы навокал ужо сціхлі, — два ці тры гітлераўцы леглі мёртвыя, а іншыя, кінуўшы зброю, паднялі рукі...
Хлопчык нясмела наблізіўся да Праворнага. Ён яшчэ калаціўся ад перажытага жаху.
— Ой, дзядзечка, як я напалохаўся!.. Ён жа, гад, пазаўчора разарваў на дарозе адну жанчыну. А цяпер да мяне прычапіўся. Калі яго фашыст кінуў, то ён мне кроку не дае ступіць убок. Толькі я ступлю, — дык ён: гыр-р... А тут раптам страляніна. Я і не ўтрываў, адбег,— тады ён як кінецца! Як кінецца!..
— Нічога! Больш не кінецца. Супакойся!..
Тым часам байцоў і сержантаў ужо акружылі жанчыны, хлапчукі, дзяўчаты, яшчэ крыху разгубленыя і нясмелыя. Яны былі без меры ўзрушаны раптоўным ратункам, аслеплены шчасцем. Ці праўда ўсё гэта? Няўжо гэта не сон, а ява? Паверыць адразу цяжка!.. Праўда гэта?
Праўда, праўда.
Людзі абдымалі і цалавалі байцоў. Былі чуваць непаўторныя ўзрушаныя воклічы радасці — уся душа, увесь боль і ўсё шчасце ў гэтых простых словах. Людзі, як звычайна, у першыя хвіліны або маўчалі, або гаварылі толькі гэтымі воклічамі ды вачыма, што ззялі радасцю ці слязамі перажытага гора.
— Куды гэта вы накіраваліся, землякі? — запытаўся загарэлы, рухавы сержант Туравец у двух пажылых жанчын, якія толькі што цалавалі яго.
— А ліха яго ведае, куды ён гнаў! Каб яму пячонкі адсохлі! — жанчына гнеўна зірнула шырокімі зеленаватымі вачыма ў той бок, куды вяла дарога, як бы пытаючыся ад яе адказу. — Сарваў з месца і гоніць, гоніць на захад... Мусіць, у Нямеччыну хацеў даперці...
— Гэта ж, браценік, — перабіла яе другая, відаць, больш гаваркая, — калі нашы пачалі падыходзіць, прыехалі хрыпы ў сяло, выгналі ўсіх з хат на вуліцу... І загадалі, бачыш ты, ісці. Куды, чаго? Невядома... Антон, сусед мой, заўпарціўся, сказаў: не пайду!— дык адзін жандар выняў адразу наган і — пац-пац — застрэліў!..
— Ну і ўсё роўна, Ганна, — многія пасля паляглі! — прамовіла першая.
— Aгe ж, паляглі... Змагліся людзі ад голаду, падаюць, валяцца на зямлю. Дзіва што! А сеў на зямлю — значыцца, канец: або застрэляць, або яшчэ сабакамі зацкуюць... Жанчына ішла пры нас — з-пад Ржэва самага,— Алена яе таксама ведае,— кіўнула яна на таварышку. — Накульгвала тая ўсё на адну нагу, казала, што праткнула на цвік... Дык сабакі разарвалі жывую на маіх вачах.
Юрый спакойна, але так цвёрда, што нельга было сумнявацца ў яго словах, адказаў:
— Не хвалюйцеся, дарагія, мы з імі за ўсё разлічымся... І гэтую жанчыну з-пад Ржэва таксама прыпомнім.
— Адкуль вы, здалёку? — пытаўся Шарыфутдзінаў, жылісты, з мангольскімі дапытлівымі вачыма, які стаяў у іншым гурточку.
— Ды з розных куткоў, — адказала адна з жанчын, што акружылі аўтаматчыка. — Я вось, да прыкладу, з-пад Воршы, можа былі там? А ёсць некаторыя, кажуць, аж з-за Смаленска...
Хлапчук, якога выратаваў Праворны, адгукнуўся:
— Я, дзядзечка, пачынкаўскі. Са станцыі Пачынак.
— Калі ж вас забралі?
— Яшчэ ў тую восень...
Хлапчук сказаў, што яны спачатку жылі на балоце, недалёка ад нейкага Замошша, капалі торф — усю восень, і зіму, і вясну, а потым, як толькі пачалося наступленне, іх пагналі па дарозе.
— Я спачатку быў не адзін, — з мамаю і сястрою Надзькаю, але яны памерлі на балоце... — спакойна, са сталай стрыманасцю, гаварыў ён. — Яшчэ зімою... Я цяпер адзін жыву. Вось як дадому вярнуся, тады буду не адзін. Дома ў мяне ў Пачынку-та яшчэ засталася Волька...
Але тут размова перарвалася, бо пад'ехаў камбат Паўлоўскі і даў загад рушыць далей.
Пехацінцы сталі паспешліва забірацца на машыны.
3...
У гэты дзень два палкі дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка ўвайшлі ў лес, які другім краем падступаў да ракі. Тут большасць машын спынілася. Генерал-маёр на легкавым «газіку», з ад'ютантам і двума аўтаматчыкамі паехаў да Бярэзіны, каля якой была разведка і некалькі батальёнаў.
Генерал-маёр ужо ведаў, што мост тут узарваны і што пераправы няма...
Пры ўездзе ў лес ужо стаяў рэгуліроўшчык, які параіў, каб генерал асцерагаўся, бо ў лесе яшчэ нямала гітлераўцаў. Каля скрыжавання было многа дарожных указак, сярод каторых камандзір дывізіі ўбачыў і сваю: «гаспадарка Шчарбацюка».
Усцяж дарогі на дрэвах вісеў тэлефонны провад, што ішоў да ракі.
У трох ці чатырох месцах на зацененай дарозе ляжалі, перагароджваючы яе, зваленыя немцамі дрэвы, і Шчарбацюк зварочваў у гушчарнік, дзе значыліся сцежкі, што праціснулі танкавыя гусеніцы. Наперадзе ўжо лескаталі кулямётныя і аўтаматныя чэргі, ірваліся снарады.