Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 207
Перейти на страницу:

Памяць пра іх жыве ў народзе. Маці ніколі не забудуць сваіх дзяцей, дзеці — сваіх бацькоў. Душэўныя раны баляць доўга і многім не зарубцавацца ніколі. I думаецца: якія з сучасных чалавечых эмоцый па сваёй глыбіні і сіле можна параўнаць з горам людзей, жорстка абпаленых вайной?

Беларуская зямля ў гады вайны стала тым агнявым плацдармам, дзе праходзіла выпрабаванне дружбы розных народаў. Людзі розных нацыянальнасцей доўгія гады змагаліся побач, радаваліся аднымі радасцямі, сумавалі адным сумам; жылі і паміралі разам. У цяжкі час нарадзілася баявое братэрства беларусаў і чэхаславакаў. Гэта на нашай зямлі нядоўга, але гераічна біўся з ворагам храбры чэх Ян Налепка, а наш сціплы зямляк, сельскі кінамеханік з-пад Віцебска, былы дэсантнік Аляксандр Грынеўскі стаў ганаровым грамадзянінам чэшскага горада Фрыштык. Як жа можна дазволіць завянуць гэтаму братэрству цяпер, у час новага ўздыму германскага рэваншызму, як можна лічыць пазбаўленымі сучаснага значэння народныя слёзы, калі злачынцы не пакараны і зноў абдумваюць сваю чорную справу.

У канцы лета 1960 года ў рэдакцыю абласной газеты «Віцебскі рабочы» прыйшло калектыўнае пісьмо жыхароў пасёлка Слаўнае. Неўзабаве газета надрукавала гэта пісьмо пад загалоўкам: «Хойзінгера — да адказнасці!» Здавалася б, якія адносіны маюць жыхары маленькага беларускага пасёлка да гэтага наваяўленага заправілы нямецкага фашызму? Аказваецца, іх пісьмо ў рэдакцыю — гэта страшнае абвінавачанне, прад’яўленае ад імя сотняў замучаных і забітых непакаранаму злачынцу.

28 жніўня 1942 года партызанская брыгада Героя Савецкага Саюза Жуніна разграміла нямецкі гарнізон на станцыі Слаўнае. У адказ на запытанне начальніка тылу групы арміі «Цэнтр» генерал Хойзінгер, які быў тады начальнікам аператыўнага ўпраўлення Генштаба сухапутных войск, загадаў:

«Фюрэр патрабуе прыняцця рэпрэсіўных мер з прымяненнем самых жорсткіх мер устрашэння ў сувязі са зробленым нападам партызан на станцыю Слаўнае. Аб намечаных мерах данесці».

Загад Хойзінгера быў неадкладна прыняты да выканання і праз некалькі дзён гітлераўскія карныя часці наладзілі нечуваную расправу над ні ў чым не вінаватымі жыхарамі Слаўнага. Вось як апісваюць гэту расправу ўцалелыя яе відавочцы:

«Свежавыкапаная магіла. Убаку стаяць сем крытых машын. З іх выводзяць па пяць-шэсць чалавек… Хто лепш апрануты, прымушаюць распрануцца. Жывымі кідаюць у магілу. Пасля раздаюцца аўтаматныя стрэлы.

Вось з машыны выводзяць дзвюх дзяўчат. Яны моцна абняліся і так прайшлі свой апошні шлях. З першых жа крокаў ціха, але выразна заспявалі „Інтэрнацыянал“.

Маладая маці моцна прыціскае да сябе маленькае дзіця. Гітлераўцы вырываюць дзіця з рук маці і кідаюць жывым у магілу. Жанчына галосіць. З яе зрываюць вопратку і штурхаюць следам за дзіцем.

Старая гадоў шасцідзесяці прайшла моўчкі. Таксама моўчкі сама распранулася, перахрысцілася, кінула на катаў гняўлівы позірк і скокнула ў яму».

Так у той далёкі вераснёўскі дзень загінула сто жыхароў гэтай маленькай беларускай станцыі.

Цяпер Адольф Хойзінгер, генерал бундэсвера, адзін з галоўных кіраўнікоў НАТО. Гэта ён нядаўна дамогся раскватаравання нямецкіх салдат на Брытанскіх астравах і інспектуе ракетныя ўстаноўкі НАТО, нацэленыя на нашу зямлю. Другі недабіты фашыст Вільгельм Майнберг стварыў з былых эсэсаўцаў і маладых людзей ФРГ неафашысцкую імперскую партыю. Маладых немцаў такога ўзросту, як нашы дапрызыўнікі, фарміруюць у групы з красамоўнымі назвамі «Маладыя штурмавікі», «Маладыя вікінгі», яны носяць знаёмую рудую форму і кіруюцца ў сваёй дзейнасці «Апошнім пісьмом Германа Герынга». Як жа ў такіх умовах можа ўстарэць, стаць кніжна-гістарычнай вялікая тэма нашай нядаўняй барацьбы з нямецкім фашызмам?

Адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў савецкім і зарубежным друку адбылася цікавая размова аб тым, хто напіша новую «Вайну і мір». Выказваліся розныя меркаванні, называліся славутыя імёны. Нехта, нарэшце, напісаў, што новую «Вайну і мір» створыць дагэтуль невядомы аўтар, які ў мінулай вайне камандаваў ротай ці батарэяй. I час пераконвае, што ў гэтых словах закладзены глыбокі сэнс. Іменна камандзір роты — батарэі вынес на сваіх плячах галоўны цяжар вайны. Вайна выкавала яго як чалавека. Ён вырас на ёй як грамадзянін і ў поўнай меры спазнаў цану жыцця і смерці. I таму ўжо цяпер лепшыя кнігі пра вайну напісаны радавымі яе ўдзельнікамі, малодшымі афіцэрамі запасу, і хоць няма яшчэ новай «Вайны і міру», але яна будзе. Сведчанне таму — тое лепшае з нашай ваеннай літаратуры, што складае несумненныя подступы да грандыёзнай эпапеі.

1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)