Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 100
Перейти на страницу:

— «Апостал»! Скарынаўскі! — гладзіць пяшчотна старонку, а ў самога аж рука дрыжыць, і ў голасе ад замілавання слёзы.

Цьху, вар’яты!

І калі на брукаванку лёг першы снег, нібыта святы Франтасій пасцяліў дыван дзеля дарагога госця, Пранцысь вырашыў: час выручаць свайго Гіпацэнтаўра!

Натуральна, што Лёдніка ў такія планы не пасвяціш — раскрычыцца, забароніць… Хоць і шляхціц цяпер, але ж натуры настаўніцкай не змяніў, дый шляхецтва свайго нібыта ўсур’ёз не прымаў. Хаця мог, як такія ж «фальшывыя шляхціцы», зараз жа адрасціць вусы, на падараваныя яму ў дадатак да патэнту княскія грошы замовіць адпаведны строй, панадзяваць пярсцёнкі ды паяс і патрабаваць звароту «пан». Але Лёднік ні на гран не змяніўся, быў пачцівы без ліслівасці, і адначасна строгі, патрабавальны ды з’едліва-іранічны, і гэта цешыла. Бо Пранцысь усё ж лічыў такое «шляхецтва» шалберствам — не на полі бойкі здабытае, з рогатам падоранае… І, падобна, Лёднік ставіўся да сітуацыі гэтак жа.

Не, у справе з Гіпацэнтаўрам патрабаваўся іншы паплечнік.

І вось у змрочную пятніцу пашанцавала: манашка Дамініка, пагардліва бліскаючы вачыма колеру выцвілай лістоты, абвесціла, што яе княская мосць ваевадзянка Багінская жадае асабіста перадаць загад сваёй цёткі, маці Альжбэты, якая з раніцы ў ад’ездзе, пану Вырвічу. Што, на думку шкаляра, азначала, што паненка гэтак жа, як ён, нудзіцца і скарысталася ад’ездам цёткі, каб пабачыцца хоць з нявартым увагі, але ж кавалерам і атрымаць сваю долю пакланення і куртуазных размоў.

Сястра Дамініка ўсім сваім выглядам паказвала, што не ўхваляе гэткія вольныя норавы, але ваевадзянка была цяпер у кляштары самай уплывовай асобай, і Вырвіча з належнымі перасцярогамі праводзілі да келлі на першым паверсе. Госця сустрэла прыслуга панны, якой ён раней не бачыў — танклявае дзяўчо з сумнымі цёмнымі вачыма ў сукенцы паслушніцы.

Прыслуга завяла Пранцыся ў перадпакой, па-манаску аскетычны, толькі распяцце на сцяне і драўляная лаўка, і асцярожна пастукала ў дзверы:

— Ваша мосць, прыйшоў пан Вырвіч!

Тое, што панна Багінская падрыхтавалася да прыходу госця, можна было зразумець па тым хаця б, што яна знарочыста не звярнула на ягоны прыход увагі, седзячы ў крэсле, павернутым да вакна, але ножка ў вышытым чаравічку была пастаўленая на абцягнуты аксамітам зэдлічак менавіта так, каб той, хто ўвайшоў, адразу пабачыў гэтую маленькую, падобную да чоўніка мятлушкі, ножку і ацаніў дасканалы французскі чаравічак на выгінастым чырвоным абцасіку ў тры вяршкі. Дый замест сукенкі паслушніцы на паненцы была няхай не парадная, але шляхецкая жаўтлявая шаўковая сукенка з галандскімі карункамі. Пакой прыкрашалі прадметы, адрозныя ад манаскага ўставу, якія асабліва выбіваліся раскошай на тле голых сценаў: кітайская шаўковая шырма з паўлінамі, два люстэркі ў пазалочаных рамах, парцалянавы набор для гарбаты на століку з чырвонага дрэва…

Вырвіч успомніў усё, што вычытаў пра свецкія паводзіны ў трактаце Рэя з Наглавіц «Зерцала альбо жыццё сумленнага чалавека», пастараўся трымацца як мага болей годна, раскланяўся, падыйшоў да ручкі паненкі… Паланэйка зрабіла выгляд, быццам толькі цяпер пабачыла госця, і адразу настроіла голас на халодна-паблажлівы тон:

— А, пан Вырвіч… Я і забылася, што загадвала вас прывесці.

— Заўсёды гатовы служыць чароўнай панне! — ветліва адказаў Пранціш, намагаючыся не ўпусціць у сэрца нікому не патрэбную крыўду.

Багінская павярнула да яго фанабэрысты тварык (а нос напудрыла не дзеля манашак жа!) і строга вымавіла:

— Пан Вырвіч, мушу перадаць вам загад маёй цёткі, яе княскае мосці, маці Альжбэты. Сярод сясцёр бернардзінак пайшлі нядобрыя чуткі пра тое, што адбываецца ў левым крыле кляштара. Таму што да іх далятае лязгат зброі і выкрыкі! Я разумею, што заняткі фехтаваннем неабходныя для мужчын, але ў гэтым месцы мужчын быць не павінна! Перадайце і вашаму доктару: трэба паводзіцца цішэй!

Пранціш самым галантным чынам пакланіўся і запэўніў паненку, што яны выправяцца… Але ёсць адна акалічнасць, якая пры згадцы пра зброю і фехтаванне надрывае сэрца вырвічаўскае…

Паланэйка фанабэрыста прыўзняла броўку, паказваючы, што яе мала кранае, што там робіцца ў сэрцы нейкага загоннага шляхцюка, але ж не перапыніла — яна б зараз, напэўна, і крумканне жабы паслухала дзеля разнастайнасці.

1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)