Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 100
Перейти на страницу:

І Пранціш як мага болей выразна распавёў ёй пра сваю ўзятую ў палон зброю, якую мусіць цяпер любым коштам вызваліць. Асаблівы ўпор робячы, што з гэтай зброяй ягоны дзед служыў у палку пад началам дзеда панны, ваяводы троцкага Марцыяна Багінскага, і паранены быў смяротна ў славутай Хацінскай бітве на Днястры з войскамі Гусейн-пашы. І ўсё, што просіць ад панны — памагчы яму выбрацца ўночы з кляштара, і дае сваё шляхецкае слова, што да раніцы вернецца.

І далібог — вочы паненкі загарэліся, і Пранціш гатовы быў прысягнуць, што ёй больш за ўсё на свеце зараз хацелася б пайсці з ім і перажыць Вялікую Прыгоду. І зразумеў, што не памыліўся, звярнуўшыся да фанабэрыстай магнаткі, за абліччам якой хавалася гарэзнае бясстрашнае (і бязлітаснае) дзяўчо. Паланэйка пляснула ў далоні, і зараз жа прыбегла прыслуга, спалохана паглядаючы вялікімі цёмнымі вачыма на гаспадыню.

— Ганулька, калі пані цётка вернецца?

— Заўтра, пасля ранішняй службы, ваша мосць, — ціхім пяшчотным галаском адказала прыслуга.

— Тады вось што…

Вырвіч марыў скарыстацца сутарэннямі — але цяжкую пліту адзін нават Ватман не падыме, дый паказаць шлях няма каму. І Пранціша вывела з кляштара Ганулька — самым банальным шляхам, праз дзверы, калі ўсе паснулі. Баязліўка дрыжэла, як асіна, і спынялася на кожным кроку, нервуючы Пранціша. Як яна прасядзіць у цёмным калідоры да раніцы, чакаючы ўмоўнага свісту Вырвіча?

Вецер падзьмуў у твар калючымі мокрымі сняжынкамі. Воля! А шкаляр і забыўся, якая яна на смак! Пранціш паправіў за поясам пісталет, пагладзіў шаблю: добрая, але ж не свая! Менск спаў на дне чорнай лістападаўскай прорвы, і былі ў гэтай цемры свае пачвары і свае Тэзеі… І як светач Арыядны, свяцілася вакенца панны Паланэі, la belle dame sans mersi — Чароўнай Дамы, якая не мае літасці, дзеля якой варта паміраць, але не варта чакаць удзячнасці і спагады.

Ваколіцы езуіцкага калегіюму Пранціш Вырвіч ведаў, як цыган ведае, на якую нагу пачне кульгаць прададзены ім конь. Колькі разоў шкаляр пакідаў свой пакой у канвенце не праз дзверы… Так што ўскараскацца з дапамогай знаёмага да апошняй галінкі дрэва да вакна спальні малодшага курсу не было аніякай замінай. Багацейшыя шкаляры сяліліся асобна, куды ў лепшых умовах, з прыслугай… А тут, у канвенце, напханыя ў пакоі, па колькі змяшчалася, начавалі бурсакі з беднаты. І адзін з іх, той, што быў патрэбны Пранцысю, спаў якраз ля вакна… Зусім не выпадкова, бо разумны шкаляр заўсёды рыхтуе сабе шлях да рэтырацыі і пракудаў.

Пранцысь падрапаўся ў вакно:

— Міхась! Гулец, ты тут? Міцкевіч!

Да шкла прыліпла заспаная фізіяномія, вакно ціха прыадчынілася (разумны шкаляр заўсёды трымае шлях да рэтырацыі і пракудаў напагатове).

— Што за ная тут?

— Міхась, гэта я, Пранцысь! Пранцысь Вырвіч! Толькі ціха…

— Аёй! Матка Боска Чанстахоўска… Перахрысціся! — той, хто шаптаў, пераляканы быў не на жарт.

— На, перахрысціўся… Калі ты ў гэтай цемры забачыў. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Усё, вылазь, Гулец, справа ёсць!

Пранцысь саскочыў на зямлю, і хутка ля яго апынуўся жвавы шчаўлік Міхась Міцкевіч, лепшы гулец у косткі і карты за ўсю гісторыю калегіюма. Дзякуючы чаму, а яшчэ свайму авантурнаму адчайнаму характару Міхась і быў прыняты ў банду Вырвіча. І праславіўся тым, што аднойчы выкраў з кабінету рэктара сканфіскаваныя астрагалы — свае шчаслівыя косткі для гульні. Лепшага кампаньёна па вызваленні Гіпацэнтаўра нельга было і прыдумаць.

— Нам сказалі, ты загінуў! — трохі падазрона паведаміў Міхась, відавочна змагаючыся з жаданнем памацаць старэйшага сябрука і праверыць на прадмет прыналежнасці да нячыстай сілы.

Пранціш хмыкнуў, тлумачыць ні сваё знікненне, ні ўваскрашэнне не стаў, аднак прымусіў Гульца паклясціся, што нікому не скажа аб сустрэчы. У іхняй бандзе клятваў ніхто не ламаў, і прыдумалі яны такія заклёны, закавырыстыя ды велягурыстыя, што іх вымаўляць было страшна, не тое што парушыць. Адзін заклён Гулец і прашаптаў Пранцысю на вуха, паабяцаўшы ў выпадку здрады сярод іншага знайсці свае зубы ссыпанымі ва ўласны бот і аддаць пячонку на з’ядзенне гадзюкам.

Калі Пранціш патлумачыў, што прыйшоў па сваю шаблю, Міхась задумаўся.

— Няйначай яна ў рэктара ў кабінеце. Ёсць там такі куфар, куды сканфіскаванае ды ахвяраванае трапляе… Калі ў Шастовіча нож забралі за тое, што парту зрэзаў, ён дакладна бачыў, што айцец Рамановіч паклаў яго туды.

— Ведаю той куфар, — задуменна прамовіў Пранцысь.

— Але на ім замок…

— Гэта не перашкода! — запэўніў Вырвіч, навучаны Лёднікам адчыняць любы замок шпількай усляпую. — Пойдзеш са мной?

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)