Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Ці разумееш ты, мой равеснік, што гэта і за цябе вайна ідзе, за будучых тваіх дзяцей? Бывалі і раней войны, канчаліся — і ўсё рабілася па-ранейшаму. Гэта вайна не паміж дзяржавамі. Гэта ідзе вайна з фашызмам за жыццё на зямлі, каб не быць тысячагадоваму рабству, названаму тысячагадовым рэйхам».
Здаецца, не адмовіш Матавілаву ў разуменні гістарычнай ролі яго і ягоных аднагодкаў у нашай вялікай барацьбе. Ды і вузкасць плацдарма — паняцце ўмоўнае. Хіба важна, з якога НП (батарэі або камандарма) глядзіць на вайну герой? Куды важней, як ён глядзіць, што бачыць і што адчувае пры гэтым. Мы ж памятаем, што плацдарм батарэі Тушына ў «Вайне і міры» — гэта ўся ваюючая Расія, плацдарм усенароднай героікі, мужнасці, стойкасці. Хіба справа, нарэшце, у тым, паказаны ў баі аддзяленне ці полк, баец ці камандзір — справа ж у асэнсаванні сябе і блізкіх, барацьбы народа. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ў адным герою-байцу (напрыклад, «Васіліі Цёркіне») увасабляецца вельмі многа, і ведаем прыклады іншага парадку, калі найшырэйшы размах у ахопе падзей вайны і тылу нічога не даў літаратуры з прычыны бегласці, скорагаворкі, слізгання па паверхні жыцця. Напрыклад, у рамане I. Гурскага «У агні» дзеянне займае сапраўды шырокі прастор, мноства людзей удзельнічаюць у ім, аднак у наяўнасці тыповая для такога роду літаратуры няўдача, выкліканая імкненнем не столькі пранікнуць у глыбіню, колькі ахапіць у шырыню. Аўтар узяў больш, чым ён здолеў творча асвоіць. У малым можа выдатна адлюстравацца вялікае, таксама як у вялікім, шырокім — нікчэмна малое; ды і вялікае можа адлюстравацца да крыўднага дробна.
Праўда вайны патрабавала пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфліктнасцю. У літаратуры, як і ў чытачы, абудзілася прагная патрэба ў паказе шырокіх дыяпазонаў чалавечай душы, паказе без прыкрас, без пустога выхваляння, без лакіроўкі. Нам няма чаго саромецца, няма чаго ўтойваць, наша гісторыя і наша рэчаіснасць, як сказаў на XXII з’ездзе КПСС А. Твардоўскі, «дастаткова высокая і велічная з усімі сваімі цяжкасцямі і недасканаласцямі», а салдат «ганарыцца не толькі сваімі подзвігамі ў баі, але і тымі пакутамі, якія ён перанёс у паходзе». I таму галоўная вартасць кніг Ю. Бондарава, Р. Бакланава, аповесці В. Раслякова, апавядання У. Багамолава «Іван» — у іх сучаснасці, абумоўленай грамадзянскай сумленнасцю, праўдай і талентам іх аўтараў. Праўда, сказаная імі да канца, атмасфера баёў і настрой, перададзеныя праз мноства розных, часам вельмі шматзначных падрабязнасцей, робяць цяпер, як мне здаецца, проста немагчымым зварот да дурнога, хаця і эфектнага сачыніцельства, уласцівага нейкай частцы літаратуры пра вайну.
Вайна была часам небывала аголеных адчуванняў — рэзкіх кантрастаў ва ўзаемаадносінах людзей. Нідзе і ніколі не праяўлялася з такой відавочнасцю чалавечая сутнасць, як на вайне. Сотні тысяч людзей у мірны час пражылі б жыццё, так і не праявіўшы сябе з іншага боку, лічыліся б пасрэднымі работнікамі вытворчасці, калгаснікамі, членамі прафсаюза; мала хто адкрыў бы ў сабе смельчака ці баяку, тым больш праявіў бы сябе ворагам або нягоднікам.
Герой цудоўнага апавядання Э. Казакевіча «Пры святле дня» Віталій Мікалаевіч Нячаеў ціха жыў у Маскве, баяўся скразнякоў, прастуджваўся і сарамліва-добра ўсміхаўся людзям, быў трохі няўважлівы, ціхманы, пабойваўся інстытуцкага начальства. Ніхто з ягоных знаёмых, нават жонка, не маглі разгледзець у ім незвычайную асобу, чалавечнасць і мужнасць воіна, які выстаяў у самых жорсткіх абставінах перад тварам смерці. З глыбокім пранікненнем у псіхалогію людзей пісьменнік гаворыць аб тым, як недаравальна няўвага да бліжняга, і тонка, па-чэхаўску разумна засцерагае людзей ад самага згубнага — ад раўнадушша да чалавека.
Сапраўдны гуманізм, высакароднае пачуццё таварыскасці, абвостраная чалавечнасць і самаадданасць ва ўсіх яе праяўленнях пакінулі вельмі прыкметны след у нашай ваеннай літаратуры, след, які будуць спасцігаць і на якім будуць выхоўвацца яшчэ многія наступныя пакаленні. Як гераічныя прыклады, так і прыклады чалавечай нізкасці, асветленыя сілай сапраўдных талентаў, не пакінуць чытача безуважным. Успомнім мітуслівую разгубленасць далёка не баязлівага лейтэнанта Аўчыннікава з «Апошніх залпаў», якая ў цяжкую хвіліну выклікае ў капітане Новікаве не жаль, а суровую цвёрдасць. Хоць Новікаў і малады, але ён многае спасціг на вайне, і — калі трэба — ён бязлітасны і да сябе, і да іншых. «Жыццё чалавека на вайне было для яго тады большай каштоўнасцю, калі гэтае жыццё не шукала выратаваныя за кошт іншых, не хітрыла, не ўвільвала». У гэтай фразе заключана маральная сутнасць калектывісцкага светапогляду Новікава — сутнасць чалавека глыбока прынцыповага, пазбаўленага «гуманізму наогул». Гэтая сутнасць праяўляецца ў многім — у адносінах да падначаленых (Аўчыннікаў, Калакольчыкаў, Рамяшкоў) у такой жа меры — да самога сябе. Паслаўшы ў агонь маладзенькага салдата Калакольчыкава, ён сам праз некаторы час на чале групы салдат ідзе той самай дарогай, каб выратаваць трох параненых.