Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
Паляндра ўбачыла перад сабою дзяўчыну, паглядзела на яе жудасным халодным позіркам.
— Мы прыйшлі вас атруціць! Мы падсыпалі вам у поліўку атрутных ягад, каб вы цяжка захварэлі і больш ужо ніколі не змаглі забіраць людзей! — смела сказала ёй Алеолла.
— Якая мярзотніца! — злавесна прарыпела Паляндра.— Але я ўжо не хачу гэтага! Я не магу зрабіць так, каб вы цяжка мучыліся і бясконца хварэлі!
— Алеолла, спыніся! — закрычаў Арцін.
— Алеолла, што з табой? — усклікнуў мастак Дроздзіч.
— Гэта падобна да здрады! — глуха прамовіў Бедалдай і рукамі намацаў за спінай футарал з сякерай.
— Алеолла, ты здзіўляеш нават мяне, вучонага ката, — незадаволена прабурчаў Міамурмарор.
Але Алеолла нікога не слухала.
— Я адмаўляюся даваць вам атруту, але за гэта вы павінны добраахвотна выпусціць са сваёй цямніцы ўсіх людзей і жывёл. Пасля гэтага я стану вашай прыёмнай дачкой, буду вас наведваць, дапамагаць вам... І вам будзе не так самотна.
— А я, — Арцін скінуў з сябе накідку, каб Паляндра яго таксама ўбачыла, — буду вам прыёмным сынам. Мы разам з Алеоллой будзем пра вас клапаціцца.
Будучы віцязь не мог пакінуць будучую яснапанну адну.
— Ха-ха-ха! — віскатлівым голасам засмяялася Паляндра. — Я не хачу такога нікчэмнага людскога шчасця! Не трэба мне такіх дачок і сыноў! — яна расставіла рукі, растапырыла пальцы і пачала зазыўна галасіць:
Чаплі чачаплі чапялочкі
Чорнай скрухі чорныя дочкі
Прылятайце
Чап-чапляйце
Хутчэй
Усіх людзей!
— А я не чалавек, я кот, — сказаў Міамурмарор, — ён скінуў сваю ядвабную накідку і падышоў да Алеоллы і Арціна.
Тады Паляндра яшчэ гучней і па-новаму разгаласілася:
Чаплі, чачаплі, чапялочкі!
Чорнай скрухі чорныя дочкі!
Прылятайце,
Чап-чапляйце
На векі вякоў Людзей і звяроў!
— Усё роўна яны не прыляцяць, — усміхнуўся кот вусата-паласатай пысаю, — вашыя чаплі-чачаплі, ужо не вашыя, і ўжо не чорныя, а самыя што ні на ёсць белыя. Яны паляцелі жыць на чыстыя азёры.
— Ах, вось яно што! — яшчэ гучней заскуголіла Паляндра, твар яе зрабіўся зялёным ад гневу і лютасці, а пасля — цёмна-карычневым, і вочы наліліся крывёй. Яна пачала паўтараць новую замову:
Нетапыры і кажаны Жаху чорныя сыны Прачынайцеся Абуджайцеся Прылятайце Забірайце На векі вякоў Людзей і звяроў
Паляндра ўстала на карабаты падаконнік, закрыла свой твар рукавамі чорнай сукенкі і ператварылася ў вялікага кажана. І ў вобліку кажана-кажаніцы зляцела з акна церама ўніз, падхапіла вострымі кіпцюрамі Алеоллу за сукенку і панесла яе над балотам.
З усіх бакоў з цёмнага лесу вылецелі зграі кажаноў і нетапыроў. І не маленькіх, не такіх, якія жывуць у дуплах дрэў альбо пячорах ці падзямеллях, а вялікіх, падобных да крылатых шакалаў, гіен, вялікіх пацукоў. Чорнай хмараю яны накінуліся на Арціна, на мастака Дроздзіча, Бедалдая і ката Міамурмарора. Хітры кот паспеў ізноў накінуць сваю ядвабную накідку — думаў, што схаваецца. На жаль, ні ядвабныя накідкі, ні парасон мастака Дроздзіча не дапамаглі схавацца ад гэтых крылатых стварэнняў. Кажаны і нетапыры нейкім сваім адчуваннем ведалі альбо высочвалі, дзе знаходзяцца кот і людзі.
Адзін кажан наважыўся падхапіць ката Міамурмарора. Другі нацэліўся і паспрабаваў падняць мастака Дроздзіча, але той паспяхова адбіўся, тыцнуў парасонам кажану ў жывот. Са спіны да мастака Дроздзічу падляцеў вялізны нетапыр і падхапіў таго за каўнер. На Арціна напалі адразу трое агромністых кажаноў. Ён, як мог, адбіваўся сваім вострым мячом, але і яго здолелі падхапіць. Даўжэй за ўсіх абараняўся Бедалдай. Сякерай ён разагнаў над сабою некалькі зграй голакрылых пацукоў, але і яго, урэшце, схапіў вострымі кіпцюрамі гіганцкі нетапыр. Крылатыя стварэнні, пераўтварыўшыся ў адну суцэльную чорную хмару-лавіну, панесліся ўздоўж берагоў Імховай Выспы.
Паляндра ў вобліку кажаніцы зрабіла некалькі колаў над Чорным Балотам. Яна моцна трымала ў кіпцюрах Алеоллу, і, пачакаўшы, пакуль да яе падляцяць іншыя нетапыры, якія неслі ката Міамурмарора, мастака Дроздзіча, Арціна і Бедалдая, паімчалася над лесам, паказваючы ўсім шлях.
Жалобная Каралева скіравала туды, дзе ў самым непралазным гушчары стаяў расколаты ўцёс. У яго расколіне, якая ішла глыбока ў зямлю, жылі гэтыя крылатыя стварэнні. Там, сярод іх стотысячнай калоніі, нават самым адважным людзям было б вельмі і вельмі страшна.
Хаця кот Міамурмарор, здавалася, ужо цалкам перастаў супраціўляцца. Яго, учапіўшы кіпцюром за карак, нёс над зямлёй малады нетапыр. Пэўна, кот самлеў ад сораму — як жа так, ката злавіў лятучы пацук. Вочы Міамурмарора былі змружаныя, лапы недарэчна абвіслі, хвост матляўся на ветры, як рудая вяроўка, галава бязвольна боўталася сюды-туды. Арцін здалёк заўважыў ката і са шкадаваннем падумаў, што слаўны Міамурмарор зусім страціў надзею альбо — што яшчэ горш — здаўся.