Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
Мастак Дроздзіч высыпаў вусеняў на зямлю і пачаў іх разглядаць, каб адабраць ягады. Ён быў выдатным мастаком, таму адрозніць на вока вусеняў ад ягад было досыць складана. Дапамог яму кот Міамурмарор, бо, як вядома, у катоў нюх вельмі тонкі. Міамурмарор хутка абнюхаў вусеняў і лапамі адабраў ягады.
Мастак Дроздзіч зноў паставілі слоік на балотную купіну, у чарговы раз тонка свіснуў і вымавіў сваю прымаўку.
Чаплі-хаплі,
Прылятайце,
Хап-лап-чапайце,
Чапляйце!
І зноў закруцілася над балотам чорная віхура, і прыляцела чарговая чапля.
— Куды падзеліся гэтыя Чапша і Чупша? — прабурчэла яна і таксама паглядзела адным вокам у слоік.
Цяпер, калі ў ёй заставаліся толькі вусені, слоік была напалову поўны. Але чапля сказала:
— Слоік напалову пусты, нават узяць сабе няма чаго! Нешта мала смутку стала на зямлі. Давядзецца зноў да людзей ляцець. Але я ўсё ж такі пакаштую... — Чапля праглынула аднаго вусеня, затым дзюбай падчапіла слоік і панесла за балота.
— Давайце паспяшаем, — сказаў мастак Дроздзіч.
Алеолла падхапіла ката на рукі, таму што Міамурмарор паспеў ужо зняць вільготныя і непрыемныя для яго лап вадаступы. Усё разам сябры пайшлі па балоце ў напрамку, куды паляцела чапля. Дроздзіч хаваўся пад парасонам, а астатнія з галавы да ног ахінуліся ядвабнымі накідкамі. Усе імкнуліся ісці, як мага хутчэй, хоць ногі па шчыкалатку правальваліся ў балотную жыжу, а ў Бедалдая — і зусім па калена, бо ён і сам быў цяжкі, а яшчэ і сякеру за плячамі нёс. Вадаступы, вядома, вельмі дапамагалі, аднак ісці станавілася з кожным крокам усё цяжэй і цяжэй.
І ўсё ж да поўдня сябры, цалкам змораныя, падышлі да выспы, пакрытай брудна-зялёным імхом, і літаральна пападалі ад стомы на яго бераг.
На выспе ўзвышаўся чорны церам. Паваленыя каравыя дрэвы — і мёртвыя, і яшчэ жывыя — спляталі нешта накшталт зруба. Вялізны пень з магутнымі каранямі, якія тырчалі ва ўсе бакі, быў замест страхі. На ім з балотных чаратоў і асакі звілі сабе гнёзды чорныя чаплі. Паміж каранямі, якія спускаліся са страхі, меліся падковападобныя дзверы, зробленыя з тоўстай кары тысячагадовага дрэва — паўночнага баабаба. Гэта быў уваход у палаты Жалобнай Каралевы. Пад церамам размяшчаліся дзве нары, заткнутыя, нібы вялізнымі коркамі, калодамі, высечанымі са ствалоў елак у шэсць абхопаў. Калоды даўно пусцілі магутныя карані, якія шчыльна перапляліся паміж сабою і глыбока ўвайшлі ў зямлю. Гэтыя норы былі цямніцамі-скляпеннем для людскіх душ і для душ жывёл.
На ганку, апранутая ў карычневы балахон з расцягнутым каптуром, сядзела Бурая Старая — прыслужніца Паляндры — і варыла на агні поліўку. Адно вока ў старой было вялікае, на выкаце, а другое — маленькае, але вельмі бліскучае.
— Гэй, Барбаруха! Ну што ў цябе там? Калі зварыцца?! — трэскатліва правішчала Паляндра.
Жалобная Каралева з рыпам прыўзняла корань, які служыў аканіцай, вызірнула з-пад яго і паглядзела на казанок, падвешаны над вогнішчам. Твар Паляндры быў жоўта-карычневым — яна ўжо даўно згаладалася па людскім горы.
— Яшчэ трошачкі. Трэба схадзіць у камору па прыправы — адказала Бурая Старая. — А дадаць засталося ўсяго нічога, выключна для густу: парачку цёртых гнілякоў, тоўчаных чаратоў, сушанага мулу, вярбовага прысаку, бярозавага попелу, парашочку з кары дуба, смажаных свінушак, молатых карэньчыкаў, ваўчыных ягад, здробненай ёлачнай ігліцы і заечай капусты.
— Вось заечай капусты — не трэба! Трываць не магу зайцоў. Гідкія, касавокія, даўгавухія, скачуць сюды-туды, ніяк не злавіць! — чмыхнула Паляндра.
— Добра, заечую капусту замяню конскім шчаўем.
— І шчаўя мне ніякага не трэба, коней я таксама не люблю, скачуць сюды-туды з людзьмі на карку, ну ды добра. Варушыся! Адна нага тут, другая там...
Адна нага ў Бурай Старой была доўгая, а другая — кароткая, таму прыслужніца Паляндры павольна пакульгала ў кухонную камору.
— Давай хутчэй! — крыкнула Жалобная Каралева і апусціла корань-аканіцу.
— Давай хутчэй, — прашаптаў мастак Дроздзіч кату Міамурмарору. — Кідай усё ў казанок і бяжы назад.
Кот Міамурмарор, якога сябры неслі па чарзе, быў не такі стомлены. Ён падскочыў да казанка і высыпаў у яго ягады. Толькі на імгненне яго рудая лапа з мяшочкам паказалася з-пад ядвабнай накідкі над кіпенем у казанку.
— Што гэта? Хто тут? — маленькае вока прыслужніцы Жалобнай Каралевы было вельмі зоркім, яно нават магло бачыць праз сцены.
Бурая Старая азірнулася, панюхала паветра — па яе шырокіх ноздрах пайшлі дробныя хвалі.