Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— Значыць так, — пачаў тлумачыць маг Ніціч, — вы, мастак Дроздзіч, проста апранаеце шчыт, як заплечнік, і ляціце спакойна. Шчыт вас даставіць сапраўды да месца прызначэння. Ваша сякера, Бедалдай, двухбаковавострая, таму таксама будзе ляцець прама, але павольней, чым шчыт Дроздзіча, бо футарал нягеглай формы. Аднак цяжэй усіх будзе Алеолле і Арціну. Вам, сябры мае, давядзецца прыціскаць пліты да свайго торсу і ляцець на іх — гэта не так зручна, як калі б яны былі ў вас за спінай. Глядзіце, не саслізніце з іх, і не адпусціце! І ляцець вы будзеце яшчэ павольней, чым Бедалдай. Таму парадак будзе такі: першымі ляцяць Арцін і Алеолла, потым Бедалдай з Міамурмарорам, і самым апошнім — мастак Дроздзіч. Прызямляцца вам нельга — не ўмееце, таму будзеце прывадняцца ў возера. Спачатку нашыя віцязі так заўсёды рабілі. З-за гэтага іх лічылі воднымі жыхарамі. Мастак Дроздзіч, шчыт пакінеце ў возеры — які-небудзь віцязь за ім потым злётае. Калі будзеце на зубцы балкона — уніз не глядзець — будзе пяткі калоць і галава кружыцца. Зразумела?
— Так, — адказалі ўсе, акрамя ката Міамурмарора.
— У мяне пятак няма. І наогул, я кот горны. Вышыні не баюся.
— Ну, пра цябе я і не казаў, — усміхнуўся маг Ніціч. — А цяпер, Алеолла, паслухай, — ён падышоў да дзяўчыны, дастаў з мяшочка, які вісеў у яго на поясе, залаты кубік для гульні, і працягнуў ёй. — Гэта табе. Кінеш яго — калі выпадзе «шэсць» — у небе над табой адбудзецца невялікая ўспышка. Наш дазорца ўбачыць яе — і віцязі прыляцяць на дапамогу.
— Не, — рашуча сказала будучая яснапанна, — у вашых віцязяў і так шмат працы. Я пастараюся са сваімі праблемамі справіцца самастойна.
— Так-так, — падтрымаў яе Арцін, — а то ж у вас бесперапынная вартавая служба.
— Шкада, — неяк замарудзіўся маг Ніціч. — Ну, як хочаце,
— Лепш дайце гэты кубік мне, — нечакана парасіў кот Міамурмарор.
— А табе гэта навошта? — дакорліва паглядзела на ката Алеолла.
— Аддам стрыечнаму брату — Варгіну, хай вашыя віцязі яго ў замак запросяць — у гэтага цара Ранэона ў галаве столькі ўсялякіх стварэнняў завялося!
— Вядома! — узрадавана ўсклікнула Алеолла. — Трэба ж гэтага старога выпусціць.
— Гэтага тырана? — падняў бровы маг Ніціч.
— Кот Варгін яго перавыхавае, — запэўніў Арцін.
— І банкецік вам такі арганізуе, — аддаўся мроям кот Міамурмарор, — не горшы за той, які вы нам наладзілі.
— Добра, бяры, — маг Ніціч аддаў яму кубік.
Кот Міамурмарор узяў, паглядзеў, пакруціў у лапах — на ўсіх гранях кубіка была «шасцёрка».
— Ого! Найцікавейшая косць для гульні, — прамуркатаў кот Міамурмарор і схаваў кубік пад кальчугу.
— Сектар на тры гадзіны! — выкрыкнуў дазорца.
— Добра. Увага! — выгукнуў маг Ніціч, звыкла ўскараскаўся па лесвіцы на глыбу і пачаў разварочваць яе на тры гадзіны.
— Падрыхтавацца! — скамандаваў маг Ніціч. — Наперад!
Арцін устаў на зубец балкона насупраць трэцяга тунэлю. Ён імкнуўся не глядзець уніз, хоць усё роўна краем вока заўважыў дзесьці там, на зямлі, блакітную стужку — вузкую паску вады — той самы роў з рыбамі паміж скалой і сцяной.
— Пайшоў! — крыкнуў маг Ніціч з грота.
Арцін скокнуў з боку зубца. Але ўгору ён ляцеў нядоўга — пліта, нібы камень у моры, пацягнула яго ўніз. Здавалася, ён проста падае, падае. І раптам нешта яго падхапіла, панесла ўздоўж зямлі. Юнак яшчэ мацней учапіўся ў пліту. Яе трохі заваліла набок, і ў такім няёмкім становішчы яго панесла ўдалячынь.
З Алеоллай адбылося тое ж самае, толькі падчас палёту яе некалькі разоў перакуліла. Яна з неверагоднымі высілкамі здолела ўтрымаць сваю пліту ў адным, больш-менш устойлівым становішчы.
Наступнымі рынуліся ў неба Бедалдай і кот Міамурмарор. Як звычайна, у ката за спінай быў футарал з сякерай, а кот Міамурмарор сядзеў верхам на футарале і трымаўся за яго кіпцюрамі. Свой распушаны хвост ён выкарыстоўваў у якасці паветранага стырна, таму кат і кот ляцелі плаўна, роўна, але павольна.
Апошнім памчаўся мастак Дроздзіч. Лятучы шчыт быў выдатна прыстасаваны для палётаў уздоўж «магнітычных» струменяў. А Дроздзіч целаскладам быў амаль такі ж, як маг Ніціч, ну, можа быць, трошкі ніжэйшы. З той прычыны Дроздзічу было лёгка кіраваць лятучым шчытом. Неўзабаве мастак абагнаў і Бедалдая, і Алеоллу, і Арціна. Яму нават давялося раскрыць свой парасон — трохі прытармазіць, каб не вельмі аддаляцца ад сваіх сяброў.
ДЗІКІ І ЖУДАСНЫ АГНЯЗЕЎ
Пачуўшы ад Санцелямона і Панцелямона страшную вестку, жыхары Слаўбора зачыніліся ў горадзе за высокім драўляным частаколам. Сталай дружыны ў Слаўборы не было, а рыбакоў і сялян, здольных стаць на абарону горада, набралася ўсяго чалавек сто пяцьдзясят — дзвесце. Большасць з іх стоўпілася перад гарадскімі варотамі, трымаючы напагатове лукі, вялікія цесакі і косы.