Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ціша - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ціша

Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:

Кнігу складаюць дзве новыя аповесці Андрэя Федарэнкі, а таксама тэматычна блізкія ім дзесяць апавяданняў, напісаных у розныя гады.
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74
Перейти на страницу:

Неяк мы гулялі ў карты на выгане. Жнівеньскі дзень скончыўся, сонца села за хаты, прайшлі каровы з пашы, сыта і стомлена рыкаючы, але на выгане было яшчэ светла, толькі цені ад платоў, дрэў, ад калодзежа ўвачавідкі выцягваліся, і там, у гэтых ценях, трава цямнела, станавілася вільготнай ад расы і пачынала пахнуць, як толькі што скошаная. Падруліў на веласіпедзе Юра Меер; твар яго хітра, загадкава свяціўся.

— Гуляеце? Ну, гуляйце. А я пайду кіно пагляджу…

— Якое кіно?

Замест адказу ён падпёр спінаю веласіпед і ўзмахнуў адначасова дзвюма рукамі, нібы адштурхоўваўся лыжнымі палкамі.

— Вось такое.

Там, у хатцы, растлумачыў ён, знізу, дзе страха падшыта, выцягваецца даволі шырокая дошка — акурат пралезці, і шчылінка ў столі, над самым ложкам…

— …Лягай і глядзі сабе, усё відно, як у тэлевізары, нават і лепш…

— Ды не брашы ты!

— А калі я брахаў?

Уміг уявілася яго сястра Валя, гэтая зграбненькая, ладненькая беларуская немачка, бачылі ўжо неаднойчы, як па ваду хадзіла, у агародзе ракам калупалася… А тут так жвава, так заманліва паўстала перад вачыма ў іншым ракурсе!

Самы галоўны з нас, самы дужы, разумны і справядлівы, Анатоль, рашуча прапанаваў:

— Вось што, не я адзін — усе злазім. Па чарзе.

Меер замуляўся, з жалем прыцмокнуў языком — маўляў, і рад бы, ды не так ўсё проста.

— Бачыце, я гэта адкрыў… Гэта ж як-ніяк мая хата… І мая сястра… Так што, хлопцы, задарма цяпер дурных няма…

На ўсялякі выпадак ён ужо асядлаў веласіпед і трымаў нагу на педалі, каб у выпадку чаго ірвануць з месца.

— Што ты хочаш? — спытаў Анатоль.

— Грошы… Рубель за сеанс.

— Рубель?!

— Ну ты і!..

Аблізваючы сухія вусны, пазіраючы на яго ледзь не з нянавісцю звужанымі вачыма, Анатоль працадзіў:

— А калі я зараз пайду і скажу? Табе ж разам з дошкай галаву прыб’юць!

— Паджалуста. Ідзі. Кажы. Тады нікому не будзе. Ні мне, ні табе, ні дурной галаве, — спакойна закончыў Меер яшчэ адной сваёй дзіўнай прымаўкай.

— Ну што ж — абыдземся без цябе! Самі палезем…

— А тады я пайду і скажу. Вы мяне ведаеце. І заб’юць дошку. Ці самі здагадаюцца… Пойдзе дождж, пацячэ вада…

І праўда што. Маглі ж тую дошку і шчыліну і без нашай ці Мееравай падказкі ўгледзець. Пакуль суха, трэба карыстацца момантам.

— А калі я табе дам на ўсе гэтыя дні матацыкл? — збавіў абароты Анатоль.

— Нашто ён мне. Я і ездзіць на ім не ўмею, і бензін яшчэ недзе шукай. Носіцца, як дурны, упасці можна, пакалечыцца яшчэ не хапала, рукі-ногі пераламаць, — цвяроза, сур’ёзна разважаў Меер. — Ды і так — пакатаўся, і ўсё, а грошы застануцца… Карацей, хлопцы: мой тавар — ваш купец. Гуляйце, думайце… А я буду кіно глядзець.

І паехаў, пасеяўшы ў нашых душах поўную смуту. Мы гарачыліся, пляваліся, аблаялі яго як толькі можна, даказалі адзін аднаму, што гэта не хлопец, не мужчына, дружна вырашылі забыць і не мець з ім больш ніколі справы.

Няцяжка здагадацца, што назаўтра ўвечары, калі гэтак жа дружна зноў сабраліся на выгане, у кожнага ў кішэні было па рублю.

Меер наразаў вакол нас кругі на сваім веласіпедзе, а набліжацца баяўся.

— Учора паглядзеў кіно… Ну-у, скажу вам!.. Гэта нешта з нечым… Такога ў сне не прысніцца…

— На, — Толік кінуў папяровы рубель на траву. — Не грошай мне шкада…

Меер пад’ехаў, падабраў.

— У дзевяць роўна. Як праграма «Час» пачнецца. Я правяду, пакажу.

У дзевяць Меер з Анатолем зніклі ў прыцемках, потым Меер вярнуўся і, пакуль мы нудзіліся ў чаканні, забаўляў нас — падсмейваўся, ляпаў па плячах, пашчыкваў то аднаго, то другога, жартаваў, ламаўся:

— Вось так яно, хлопцы-казакі! А вы што думалі? Гэта вам не зямлянкі капаць!..

Нарэшце паказаўся Толік. Мы абступілі яго. «Дайце закурыць», — выціснуў ён пераселым голасам. І голас у яго быў зменены, і сам ён стаў нейкі іншы — у цемры не было відаць яго твару, але здавалася, што і твар змяніўся.

— Ну, хлопцы… Гэта праўда… Трэба самім бачыць… Я нават падумаць не мог…

З таго вечара Меер спраўна пачаў збіраць грошы. Хлопцы, што пабывалі на гарышчы, ніводзін не шкадаваў, кожны вяртаўся шчаслівы, узбуджаны, вось толькі паводзіны ва ўсіх былі нейкія падазрона аднолькававыя: просьба закурыць, зменены голас, у якім лёгкая пагарда да тых, хто «кіна» яшчэ не бачыў, і амаль адны й тыя ж словы: «Ну і ну… Я і не чакаў!..»

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)