Ціша
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1519-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:
— Я не буду. Катэгарычна.
— Як хочаш. Мне больш дастанецца.
Я прыстроіўся на сваім месцы каля акна і панура калупаў фарбу знізу падаконніка. Госць, смачна крэкнуўшы, выпіў чарку гарэлкі, закусіў, лыкнуў піва.
— Цёплае, халера… Дык не будзеш?
— Не.
— А што ў цябе за такая пільная праца, што так гарыць?
— Мы хіба на ты? — толькі цяпер заўважыў я.
— Ды кінь — свае людзі! Якія цырымоніі… Не люблю. Чужым толькі на «вы» кажуць, а да свайго — непавага. Дык што за работа ў цябе?
Я не паспеў схлусіць, адказаў:
— Пісаць, напрыклад… рэцэнзію, — і чамусьці пачырванеў.
— Важны занятак!.. Так, слухай мяне. Цягні ручку, паперу, сядай збоку і толькі паспявай запісваць. Такога надыктую — ахнуць усе!
— Я вам хачу нагадаць… Вы абяцалі… крыху хутчэй! — голас мой сарваўся на фальцэт.
— Абяцаў — значыць, выканаю. Пачакай хвілінку…
Ён выйшаў. 3 беднай ваннай зноў раптам данёесся шум вады і нейкі падазроны плёхат. Няўжо яму мала?! Але на гэты раз сваяк даволі хутка пазаўся на кухні. Я атупела глядзеў на яго. Ён быў у адных трусах і ў шкарпэтках.
— А дзе… штаны?
— Замачыў у тазе, — спакойна патлумачыў ён, ладкуючыся да стала. — Ты ж ведаеш, у мяне вады гарачай няма. Ды і парашок пральны скончыўся. А ў цябе, гляджу, стаіць.
— Як жа вы без штаноў… паедзеце? — наіўна пралепятаў я.
— Ніяк. Пачакаць давядзецца.
Вусны ў мяне трэсліся ад гневу.
— Вы ўвесь час сцвярджалі, што вы ціхі, культурны чалавек! Што ўмееце цаніць чужы час! Дык вось, хачу вам сказаць, што вы — самы звычайны бесцырымонны хам, да таго ж хітрэц!
— А вось за такое, ведаеш, магу і пакрыўдзіцца. Якое на мне за злачынства? Вадою пакарыстаўся? Ды прыходзь да мяне, калі ўключаць ваду, і хоць цэлы дзень мыйся! Я слова не скажу. А тут, падумаеш, замачыў чалавек штаны. Не чужы, дарэчы, чалавек — блізкі… Ты пакрыўдзіў мяне. Моцна пакрыўдзіў! — з горыччу заключыў ён. — Я дзе ні быў у гасцях, а каб такое пачуць…
Мне стала няёмка.
— Даруйце… Што гэта я, сапраўды?
Увесь астатак дня сваяк бессаромна карыстаўся маёй часовай слабасцю. Як толькі яму пачынала здавацца, што я нечым незадаволены, ці сумны, ці няўважна яго слухаю, ці не зусім весела смяюся з яго анекдотаў, ён адразу ж не прамінаў нагадаць, што я вінаваты перад ім.
— Гэта ж расказаць каму — не павераць! Ёсць людзі, якім вады шкада. А зімою што, снегу?
— Я ж папрасіў прабачэння, — вяла апраўдваўся я.
Мы згулялі ў шашкі, у карты, у даміно. Потым, калі госцю надакучыла, калі ён дапіў гарэлку і піва, я паслаў яму пасцель на канапе, і ён лёг спаць. Пад вечар прачнуўся, да ночы глядзеў тэлевізар. Раніцаю наступнага дня раскатурхаў мяне:
— Хто рана ўстае, таму, як кажуць… Дзе ў цябе прас і дошка?
Давялося ўставаць і шукаць. Ён доўга, старанна прасаваў штаны, якія, вымытыя, за ноч паспелі высахнуць на балконе. Затым папрасіў паснедаць, намякнуўшы на «сувораўскае» правіла… Але зірнуў мне ў вочы і паспешна прамармытаў:
— Усё, усё, не буду перашкаджаць… Прабачце, калі што не так, — сабраў сумку і, пасвістваючы, знік.