Шчыліна
Канчалася лета.
Канікулы пачалі ўжо абрыдаць нам сваёй амаль першабытнай свабодай, такой жаданай, радаснай некалі ў маі, калі кожны дзень напоўнены быў чаканнем, што вось-вось павінна здарыцца нешта незвычайнае, а лета сабе прайшло — і нічога не здарылася.
Надакучыў футбол, вада з купаннем і рыбаю, лес з грыбамі і ягадамі, начныя гулі з латашэннем чужых садоў; нават нашая тайна прыелася — лясная зямлянка, класічна партызанская, са сценамі, нарамі, столікам з газоўкай, замаскіраваная зверху дзёранам, мохам і ігліцай так, што на ёй можна было стаяць і не здагадвацца, што пад табою жытло, з маленькім квадратным лазам, які адчыняўся, калі перакуліць прымацаваны да яго сухі хваёвы пень, — ужо і яна не радавала, як на пачатку лета, а хутчэй прыгнятала цемрай і душным, проста магільным пахам сырой зямлі.
За тры месяцы мы непрыгожа ўзмужалі, абраслі валасамі, скура некалькі разоў паспела злезці ад загару, целы нашыя былі ў сіняках і драпінах, галасы сталі грубымі ад цыгарэт. Мы многа, без патрэбы мацюкаліся, і ўсё ж самым частым, модным у нашым лексіконе было слова — сумна. Пачуўшы яго ад кагосьці са старэйшых хлопцаў, не ведаючы толкам, што яно азначае, мы, меншыя, ахвотна падхапілі яго і паўтаралі: так, сумна, вельмі сумна жыць на гэтым свеце!
І тут канец жніўня падараваў нам нечаканую забаўку. У вёсцы з’явіліся новыя людзі, пагарэльцы з суседняй вобласці, цэлая сям’я — старэйшая сястра аднаго з нашай кампаніі, Юры Меера, Валя з мужам і з двумя малымі дзецьмі. Блізкай радні там у іх не было, і вось яны часова, пакуль утрасуцца фармальнасці, усе гэтыя страхоўкі-кампенсацыі, знайшлі прытулак тут.
Меер расказваў — узарваўся газавы балон, веранду літаральна разнесла ў трэсачкі, потым за якую гадзіну, калі Мееру верыць, роўны споры агонь у такую сухмень злізаў хату, і драўляны гараж з машынаю, і куратнік, і хлеў з кабаном; толькі і ўратавалі, што дзяцей, ды з маёмасці — вясельны фотаальбом, прагарэлую на дзіркі коўдру і дзве патэльні.
Меер асабліва чамусьці ўпіраў на кабана як на самую важную дэталь, расказваў, як на ім жывым гарэла шчэць, на ўвесь двор пахла свежыною, ледзь не шашлыком (загаворваўся Меер), кабан нема, па-чалавечы крычаў, і так і згарэў зажыва, а на двор не выйшаў.
— Не выганіш ніколі скаціну ў пажар!
Пасяліліся пагарэльцы ў Меераў у старой хаце, маленечкай, уціснутай у зямлю халупіне, што стаяла ля самых агародаў, у глухім кутку двара, і служыла для розных гаспадарчых патрэб — пад хлеўчык, клець, склеп… Адзінае яе падслепаватае вакенца аддалёк — цераз увесь двор — з зайздрасцю пазірала на вуліцу, а з другога боку, за глухой сцяной адразу пачыналіся грады.