Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Аўтар паэмы “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі...” не адносіўся да заўзятых патрыётаў Літвы, але старанна захоўваў палітычную субардынацыю. Свой твор ён адрасуе “Do Ich Miłości panow rad i wszytkiego koła rycerskiego tak Korony Polskiej, jako i Wielkiego X. Litewskiego i do każdego z osobna czytelnika krześcijańskiego...”, а на старонках паэмы звяртаецца да чытачоў наступным чынам: “Patrzcież, Polacy z Litwą...”, “Czujcież sie, o Polacy, czuj sie też i Litwa...” (Apologeticus 1932: 8; 9). Паэт усведамляе, што існуюць дзве дзяржавы: Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае, і два народы: Палякі і Літва; ён не падмяняе паняцця “Рэч Паспалітая” паняццем “Польшча”. У сярэдзіне паэмы, аўтар, праўда, не заўсёды згадвае Літву ўслед за Польшчай, але пераважна ў такіх выпадках ён мае на ўвазе менавіта Карону Польскую. Толькі аднойчы ўжывае паэт найменне “сарматы” у дачыненні да палякаў і літвінаў (Apologeticus 1932: 24). Некалькі разоў ён канкрэтызуе ўласнае месцазнаходжанне і месца дзеяння паэмы: “tu, w Wilnie” (Apologeticus 1932: 49; 56).
Падобныя палітычна-геаграфічныя ўяўленні меў і М. Стрыйкоўскі, які адначасова быў патрыётам і Польшчы, і Літвы. Калі б даследчыкі не ведалі дакладна, дзе нарадзіўся паэт, то на падставе зместу ягоных твораў адназначна запісалі б яго да карэнных ураджэнцаў Княства. Сапраўды, цяжка паверыць, што паляк мог прысвяціць ажно два вершы гербу Вялікага Княства Літоўскага і так высока ўзносіць Пагоню:
Litwa sławna masz za swe, a snadź nad wszitkimi
Państwy, herb swój wyniosłaś dzielnościami cnymi <...>
Pogonią go przezwano, nie ucieka, goni.
Mężnie ojczyzny miłej od złych sąsiad broni.