(Rymsza 1972: 194)
Уражваюць не столькі аргументы А. Рымшы, дастаткова спрэчныя (Вітаўт, напрыклад, за свае жыццё некалькі разоў мяняў веравызнанне), колькі сам яго вобраз мыслення, імкненне разглядаць сучасную яму з’яву з улікам яе прадгістopыі.
Заканчваецца “Дзесяцігадовая аповесць..." апісаннем доўгачаканага мipy, які настаў у Вялікім Княстве Літоўскім пасля заключэння Ям-Запольскага пагаднення з Маскоўскім княствам: жаўнеры распушчаны па дамах i не думаюць болей пра бітвы i паходы, павесялеўшыя сяляне выпускаюць на палi ацалелую рэшту скаціны, на двары ў поўнай бяспецы гуляюць дзеці.
Спаўняецца запаветнае жаданне Крыштафа Радзівіла – Радзіме больш не пагражае вораг, прыходзіць да людзей трывалы мір, можна ўрэшце адкласці ўбок зброю i падумаць пра сваё асабістае жыццё, абзавесцеся, як тое загадвае Божы закон, жонкай (з 1579 г. Крыштаф быу ўдаўцом). Жаніцьба ў фінале “Дзесяцігадовай аповесці..." Крыштафа Радзівіла на Катажыне з Тыньчыньскіх, удаве па князю слуцкаму Юрыю Алелькавічу, – таксама характэрны штрых да агульнага малюнка наступіўшага пасля больш як дваццацігадовай вайны мipy.
Рыцарская, жаўнерская паэма заканчваецца светлым, жыццесцвярджальным гімнам мipy. Такі канчатак яшчэ раз падкрэслівае гуманістычнае гучанне паэмы, прагрэсіўнасць мыслення яе аўтара. “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла..." – адметны твор у польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI ст. У гэтым творы праявіліся многія рысы, характэрныя для героіка-эпічнай паэзіі (патрыятызм, рэалістычнасць, гістарызм). Разам з тым, паэма А. Рымшы – дастаткова самастойная i арыгінальная з’ява ў літаратуры сама па сабе, бо адзначана пячаткай індывідуальнага майстэрства таленавітага паэта.
ІІ. 6. ПАДАГУЛЬНЕННЕ
Знаёмства з лоскімі і віленскімі старадрукамі 70-80-х гг. XVI ст. прыводзіць да высновы, што ў колькасных адносінах польскамоўная паэзія Беларусі гэтага перыяду не вылучалася асаблівым багаццем: нам вядомы імёны пяці аўтараў, чатыры асобна выдадзеныя паэмы і каля трох дзесяткаў вершаў у розных іншых выданнях. На першы погляд, не вылучалася разнастайнасцю і жанравая палітра: як і ў папярэдні перыяд найчасцей сустракаюцца эпіграмы на гербы, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, з’яўляюцца першыя прыклады маральна-філасофскай, рэлігійна-палемічнай і героіка-эпічнай паэзіі, затое адсутнічаюць палітычная, рэлігійна-метафізічныя і фунеральныя творы.
Каб адэкватна ацаніць дасягненні польскамоўнай паэзіі 70 - 80-х гг. трэба, аднак, улічыць наступныя моманты. Па-першае, у лоскіх і віленскіх выданнях багацейшая творчасць М. Стрыйкоўскага прадстаўлена толькі адным вершам: “На тыя ж Лелівы” ў кнізе А. Фрыча-Маджэўскага “Пра выпраўленне дзяржавы” (Лоск, 1577). Нават, калі дапусціць у якасці гіпотэзы, што пяру М. Стрыйкоўскага належыць верш “Заклік да людзей рыцарскіх шукаць славу” з кнігі А. Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць... ” (Вільня, 1585), і што ў Лоску надрукаваны верш “На герб В. Княства Літоўскага Пагоня і князёў Слуцкіх...”, (каля 1576) і паэтычная хроніка “Люстра літоўскай хронікі...”(1577), усё роўна даводзіцца канстатаваць, што асноўная частка спадчыны пісьменніка альбо засталася ў рукапісах, альбо выдадзена па-за межамі Княства. З улікам твораў М. Стрыйкоўскага польскамоўная паэзія Беларусі 70-80-х гг. выглядае зусім інакш і ў колькасных, і ў жанравых адносінах (у спадчыне пісьменніка мы знаходзім узоры палітычнай, гістарычнай, героіка-эпічнай, геральдычнай, фунеральнай, прэфацыйнай і дэдыкацыйнай паэзіі). Па-другое, дасягненні польскамоўнай паэзіі гэтага перыяду заключаюцца не ў колькасці выдадзеных твораў, засвоеных жанраў і ўзыйшоўшых на Парнас аўтараў, а ў адметным адлюстраванні важнейшых падзеяў тагачаснага жыцця, у ідэйна-мастацкай значнасці такіх паэм, як “Чалавечы век”, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла”, у станаўленні творчай індывідуальнасці такіх паэтаў, як М. Стрыйкоўскі і А. Рымша.
Яскравым узорам маральна-дыдактычнай паэзіі з’яўляецца паэма “Чалавечы век” (1584) Станіслава Кулакоўскага, якая нарадзілася на скрыжаванні юнацкай захопленасці аўтара антычнай літаратурай і ўласцівай яму глыбокай рэлігійнасці. Хрысціянская топіка гарманічна спалучаецца ў гэтым творы з міфалагічнай вобразнасцю, дыдактыка суседнічае з высокай паэзіяй. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць у паэме С. Кулакоўскага палітычных алюзій і замалёвак з штодзённага жыцця, характэрных для тагачаснай маральна-дыдактычнай літаратуры. Але адсутнасць мясцовага каларыту і аўтабіяграфічных момантаў спрыяла універсальнасці гучання паэмы, касмаганічная і антрапалагічная тэматыка не здрабнялася палітычнымі актуаліямі публіцыстычнага характару. Высокі мастацкі ўзровень “Чалавечага веку” сведчыў пра вялікія патэнцыяльныя магчымасці маладога аўтара, але, на жаль, у пазнейшых творах рэлігійны мараліст перамог у С. Кулакоўскім паэта-філосафа.