Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— Малавата. Дзесяць чалавек.
— Хто? — пісаў Віктар. — Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?
— Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро — студэнт, Янус Ахілес — студэнт, Дыміна Ціхон — семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан — студэнты. Здановіч Ігнацы — студэнт…
— Вільнянін?
— Ага.
— Сям'я неблагая… але спалоханая. А сын нішто хлопец… Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар'яты, Рабесп'еры, карбанарыі…
— Нічога, — сказаў Віктар. — Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.
— І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.
— Згода. Будзем.
За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі "літаратурных вечароў" — Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі[32].
Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.
А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.
— Ідэя паўстання і ўскраіны, — часам далятала да Алеся. — Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут… Трэба спытаць у хлопцаў… Хоць бы ў яго ці ў Віктара.
З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на "ногі", бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы — ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.
— Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, — сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. — Будзем гуляць ці не?
— Відаць, не, — змяшаў фігуркі служачы. — Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор — гісторыю, а Кастусь — сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.
Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.
— Уладзю, — сказаў Людвік. — Барані.
Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.
Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.
— Не буду, — сказаў ён Людвіку. — Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.
Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.
Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.
Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.
Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.
У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.
— Што ж, — сказаў Дамброўскі. — Адпачылі ад крыку — бадай, час пачынаць… У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.
— Падсумуем, — сказаў Серакоўскі. — Сённяшняе пасяджэнне "левіцы" і "цэнтра" нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.
32
Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г.