Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.
— …Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных… Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання…
— Без рэвалюцыі, — сказаў Віктар.
— …справа не абыдзецца… Акрамя таго, "левіца", якую падтрымлівае частка "цэнтра", прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля — сялянам, мова — народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі… Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку "правіцы" ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.
Добрае, трохi разгубленае аблiчча Вiктара перасмыкнулася. Алесь перавёў вочы на змрачнаваты цёмны твар Кастуся. Кастусь знiзаў плячыма, нiбы сказаў: "Ну i што? А трымацца гэтага ўсё адно трэба".
— Пачынаем апошнюю сённяшнюю праблему. Праблему аб нацыях так званых ускраін. Пытанне гэтае можна сфармуляваць так: "Воля ўскраінам. Самавызначэнне іхнім народам". Яно абмяркоўваецца строга сакрэтна, і таму члены рады не павінны дыскутаваць яго сярод іншых, каб заўчасна не заводзіць звад. Уласна кажучы, увод нашага рашэння ў дзеянне адбудзецца толькі ў час паўстання і пасля яго перамогі.
— То нашто абмяркоўваць? — спытаў Звяждоўскі.
— Пытанне ставяць таварышы з украін, — растлумачыў Зыгмунт. — Каб ведаць загадзя, на якіх умовах яны будуць змагацца поплеч з намі.
— На фарпосце паўстання, — удакладніў Вярыга. — Бо калі хто першы і атрымае свінцу, то гэта мы.
— Якія ўмовы? — спытаў Ямант.
— Поўная воля беларусам і літоўцам самім вырашаць свой лёс, — сказаў Алесь.
— Федэрацыя? — спытаў Дамброўскі.
— Магчыма.
— Незалежнасць? — спытаў Падлеўскі.
— Народы вырашаць гэта самі.
— Якія народы? — быццам непаразумела спытаў Авейдэ.
— Грамадзянін глухі? — спытаў Хвэлька. — Беларусы і літоўцы. Дзе нацыі, якія жывуць на землях…
— Якая беларуская нацыя? — спытаў Ямант, удаючы недасведчанасць.
— Ніколі не чуў? — спытаў Алесь.
— Чаму. Я чуў і аб беларусах і аб літоўцах, але заўсёды лічыў іх галінамі польскага племені. Мова — дыялект польскай.
— Ты б паспрачаўся аб гэтым з шаноўным панам нябожчыкам Уваравым, — іранічна сказаў Віктар. — А мы тым часам займаліся б сваёй справай. Нам вашу лухту слухаць няма часу.
Зграбныя, доўгія Віктаравы пальцы трымалі невялічкую няяркую кніжку ў папяровай вокладцы.
— Я заўсёды лічыў, што гэта дыялект непісьменных, — сказаў Ямант.
У той жа момант кніжка пляснулася яму на калені.
— Дыялект непісменных, — сказаў Віктар. — На, панюхай, гэта "Дудар беларускі" Дуніна-Марцінкевіча.
— Не бачу ў гэтым асаблівай небяспекі.
— А Кукальнік[33] бачыць. Вясной забараніў яго паэму "Халімон на каранацыі".
— Гэта яшчэ не доказ, — Ямант адкінуў кнігу на сафу. — Адзін паэт — гэта не нацыя.
— Ва ўсякім разе, рана яшчэ гаварыць аб нейкай асобнасці, — сказаў Звяждоўскі. — Нічога не зроблена вамі, хлопцы. І, я мяркую, паколькі пачатак вашага племені вядзецца здаўна — ёсць у вашым характары нейкая хіба. Нічога не зрабіць за семсот год — гэта трэба ўмець. А калі няздатныя — падпарадкоўвайцеся.
Алесь спалохаўся, убачыўшы твар Віктара. На запалых шчоках, плямамі, нездаровая чырвань, дрыжаць вусны, гараць з-пад чорных брывоў сінія, з залатымі іскрамі вочы.
…У наступную хвіліну старэйшы Каліноўскі накінуўся на апанентаў. Ён сек, хвастаў, не пакідаў каменя на камені, не даваў дыхнуць.
Трэсліся вусны, падступаў аднекуль да горла кашаль, мяккія вочы ўтрапёна палалі. Нельга было не загледзецца на яго ў гэтую хвіліну.
— А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная "Біблія" з'явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы? А тое, што Польшча сто год судзілася законамі, напісанымі на нашай мове, а калі пераклала іх, то пакінула ўсе нашы тэрміны і адсылала тых, хто не разумее іх, да арыгінала? А тое, што рукапіс меж паміж Польшчай і Літвой, які даследчыкі лічаць польскім, напісаны беларускай гаворкай? А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..
33
Царскі цэнзар.