БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Разьвіцьцё рэвалюцыйнага руху ў Расеі, вялікая колькасьць розных беларускіх арганізацыяў вымагала стварэньня адзінага найвышэйшага кіраўнічага беларускага воргану і заняцьця беларускім народам выразнага становішча. Усё гэта прычынілася да таго, што зьявілася думка склікаць Усебеларускі Кангрэс, у якім узялі-б удзел беларусы ўсіх палітычных кірункаў і прадстаўнікі ўсіх беларускіх арганізацыяў. На кангрэсе гэтым мелася быць і дэлегацыя бальшавікоў, але яна спазьнілася і ня мела ніякага ўплыву на ход кангрэсу.
Склікала Усебеларускі Зьезд-Кангрэс Вялікая Беларуская Рада. Пачаўся ён у Менску 15 сьнежня 1917 г. у памешканьні Гарадзкога Тэатру. Сабралася на кангрэс 1 872 дэлегаты, з якіх 1 167 было з пастаноўкім, а 705 — з дарадным голасам. Былі сярод іх прадстаўнікі ад усяе Беларусі. За старшыню кангрэсу быў абраны праф. Серада, за ягонага заступніка — Вазіла, а за сакратароў — паэта Прушынскі (Алесъ Гарун), Калядка, Гушча, Грыб і Шэўчук. Адначасна выбралі Раду Зьезду з 71 прадстаўніка, названую Радаю Старэйшых. На кангрэсе адразу выявіліся дзьве групы: незалежніцкая і русафільская. Група незалежнікаў складалася галоўна з старых беларускіх дзеячоў, вялікай часткі жаўнераў і прадстаўнікоў ад Гарадзеншчыны, Віленшчыны (уцекачоў), Меншчыны і Смаленшчыны і імкнулася да таго, каб стварыць беларускую дзяржаву. Група русафільская, за якой стаялі прадстаўнікі Віцебшчыны і Магілеўшчыны, хацела, каб Беларусь мела цесную лучнасьць з Расеяй.
Змаганьне між групамі пільна сачылі бальшавікі, якія мелі ўжо ў сваіх руках уладу і дэлегацыя якіх, як ужо гаварылася, чамусьці спазьнілася на кангрэс. Калі бальшавікі спасьцяраглі, што бальшыня зьезду стаіць на дзяржаўным гледзішчы, 17.XII.1917 г. абкружылі будынак, дзе адбываўся кангрэс, войскам, абставілі панцырнікамі і кулямётамі і сілай кангрэс разагналі, хоць ягоныя ўдзельнікі рабілі ў дзьверах барыкады і не паддаваліся. Шмат удзельнікаў кангрэсу бальшавікі пабілі і арыштавалі. Не зважаючы на вялікае забурэньне ў залі сакратару кангрэсу Грыбу ўдалося ўсё-ж-ткі прачытаць рэзалюцыю, якая абвяшчала Беларусь рэспублікай і была пацьверджаная ўсім кангрэсам.
Пасьля разгону кангрэсу ягоныя дэлегаты 18.XII. 1917 г. сабраліся ў чыгуначным дэпо і перадалі Радзе Зьезду паўнамоцтвы на далейшае змаганьне за ідэалы беларускае дзяржаўнасьці. Рада Зьезду выбрала Выканальны Камітэт і даручыла яму кіраўніцтва беларускай справай.
Калі бальшавікі разганялі ў Менску Усебеларускі Кангрэс, у Берасьці адбываліся мірныя перамовы між Нямеччынай і бальшавіцкай Расеяй. Выканальны Камітэт Усебеларускага Кангрэсу, хоць існаваў блізу што нелегальна, усё-ж выслаў сваю дэлегацыю на чале з д-рам Цьвікевічам у Берасьце, каб яна бараніла там беларускія інтарэсы. Дэлегацыі беларускай самастойна не ўдалося ўзяць удзелу ў перамовах, таму беларускія дэлегаты зьяўляліся ў форме раднікаў украінскае мірнае дэлегацыі, якая была афіцыйна дапушчаная да перамоваў і якая прыхільна ставілася да беларусаў. Але з мірных перамоваў нічога ня выйшла. Нямецкае войска выступіла супроць бальшавікоў і пасоўвалася на ўсход. Бальшавікі загадзя пакідалі Беларусь і 19 лютага 1918 г. ня было іх ужо ў Менску. Уладу ў горадзе і акрузе ўзяў у свае рукі Выканальны Камітэт Усебеларускага Зьезду. Ён 21.11.1918 г. абвесьціў сябе найвышэйшай уладай на Беларусі і зьвярнуўся да жыхарства з наступнай Першай устаўной граматай «Да народаў Беларусі»:
«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лес ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але і да скліканьня Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічучыся з нацыянальнасьцю, вызнаньнем і родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьняваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля.