БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Бальшавікі мелі, аднак, сваіх прыхільнікаў і сярод беларусаў. I калі яны занялі Смаленск, хутка 26.XII.1918 г. адбыўся зьезд беларусаў-бальшавікоў, які, маючы на мэце далейшае змаганьне за савецкую бальшавіцкую ўладу на Беларусі, пастанавіў стварыць Беларускую Савецкую Рэспубліку, абвяшчаючы аб гэтым адпаведны акт 1 студзеня 1919 г. На чале беларускага савецкага ўраду сталі беларусы: Жылуновіч, Чарвякоў, Дыла, Чарнушэвіч, Пузыроў і Квачанюк. Апрача таго, у урад увайшло колькі жыдоў і расейцаў
Такім парадкам паўстала два беларускія ўрады — адзін бальшавіцкі ў Менску, а другі нацыянальны, які быў у Гарадзеншчыне і Віленшчыне, дзе, зарганізаваўшы беларускую ўладу, беларускія вайсковыя аддзелы, прэсу, тэатр, школы, стараўся бараніць Беларусь ад бальшавікоў.
Бальшавікі, заняўшы Менск, пасоўваліся далей на захад. З захаду-ж ішлі на ўсход польскія аддзелы Вайсковыя беларускія аддзелы Беларускае Народнае Рэспублікі ня былі нагэтулькі моцнымі, каб даць адпор адным і другім чужым аддзелам, займаючым беларускія землі Усё-ж-ткі, хоць у цяжкіх абставінах, беларусы змагаліся і з бальшавікамі, і з палякамі. Асабліва войстрае змаганьне з палякамі было ў Гарадзеншчыне, дзе польскія легіянеры, не зважаючы на пратэсты Беларускага Ураду, зьдзекаваліся над беларусамі, падступна раззброіўшы першы беларускі полк пяхоты і кавалерыі, закрылі беларускія газэты («Беларуская Думка», «Бацькаўшчына», «Родны Край»), арыштавалі беларускіх дзеячоў (пратаярэя Корчынскага, д-ра Бялецкага, Курлова, Грыба і іншых), білі беларускіх сялян і расстрэльвалі, палілі вёскі, зачынялі цэрквы і г. д. Беларусы ў змаганьні з палякамі знайшлі тады сабе саюзьнікаў у летувісах, якія таксама змагаліся з бальшавікамі і палякамі. Між беларусамі і летувісамі стварыўся супольны фронт і дружба. На аснове дагавору паміж Віленскай Беларускай Радай і Прэзыдыумам Летувіскай Рады з 15, 20, 21, 23, 26 і 27 лістапада 1918 году пры Летувіскім урадзе паўстала Міністэрства Беларускіх Спраў. Галоўныя пункты ўмовы былі наступныя:
а) беларускім прадстаўніком павінна быць адведзена 25% агульнага ліку месц у Летувіскай Тарыбе (Сойме);
б) дадзена адно Міністэрства;
в) асыгнованы на арганізацыю беларускай тэрыторыі сумы, прапарцыянальна лічэбнасьці і тэрыторыі;
г) Летувіскі Урад павінен стаяць за цэласьць заходніх беларускіх граніц;
д) беларуская тэрыторыя ў Летувіскім Гаспадарсьцьве станавіць павінна аўтаномную адзінку з мовай урадовай беларускай. Назначэньне ўрадовых асоб на беларускую тэрыторыю павінна адбывацца з ведама і за згодай Беларускага Сакратарыяту;
е) павінна быць безадкладна ўстаноўлена асобная беларуская школьная інспэкцыя.
На моцы памянёных умоў шэсьць сябраў Віленскай Беларускай Рады: В. Ластоўскі, I. Луцкевіч, Я. Станкевіч, кс. В. Талочка, К. Фалькевіч і Д. Семашка уступілі 27 лістапада ў склад Летувіскай Дзяржаўнай Рады, а былы Старшыня Рады 1-га Беларускага Ураду ў Менску Язэп Варонка з 1 сьнежня 1918 г. прыняў пасаду Міністра Беларускіх Спраў у Летувіскім Урадзе.
Уступаючы ў склад Летувіскай Тарыбы, беларускія дэлегаты злажылі 27 лістапада наступную дэклярацыю:
«Беларуская Рада, выбраная на Канфэрэнцыі 25—27 студзеня 1918 г. прадстаўнікамі беларускага насяленьня на захад ад лініі старога фронту, апіраючыся на пастановы названай Канфэрэнцыі і маючы ідэалам утварэньне фэдэратыўнага Летувіска-Беларускага Гаспадарства, дзеля важнасьці перажыванага моманту, знайшла патрэбным прыступіць да канкрэтнай работы з Летувіскай Тарыбай як адзіным цяпер існуючым летувіскім прадстаўніцтвам.
Беларуская Рада верыць, што два народы, злучаныя гістарычна і эканамічна, падаўшы адзін аднаму руку, патрапяць здабыць сабе вольнае і незалежнае жыцьцё, ідучы дарогай дэмакратычнага будаўніцтва агульнае Дзяржавы».
Міністар Беларускіх Спраў, уходзячы ў склад Ураду, таксама злажыў Старшыне Рады Міністраў 9 сьнежня 1918 г. сваю дэклярацыю, у якой, між іншым, гаварыў:
«Пастаўлены выказваць і абараняць інтарэсы беларускіх жыхароў у граніцах новабудаванага Летувіскага Гаспадарства, зьяўляючыся староньнікам народаўладзтва і згоднага хаўруснага жыцьця ўсіх народаў, заканчэньнем дзяржаўнага будаўніцтва Летувы я лічу заснаваньне незалежнай Летувіскай Народнай Рэспублікі ў фэдэрацыі з суседзямі, якая найболей будзе адпавядаць яе інтарэсам, з аўтаномным упраўленьнем дзеля тых частак, якія ўсуцэль заселены нелетувіскай нацыянальнасьцю і акажуцца ў граніцах новабудаванага Гаспадарства і з нацыянальна пэрсанальнай аўтаноміяй дзеля ўсіх меншасьцяў у Гаспадарсьцьве наагул».