Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
– Стаўлю...
Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.
– Хлопцы... – сказаў ён, – хлопцы, як вы можаце? – Голас яго дрыжаў. – Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!
Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.
– Хлопцы, я ніколі не думаў...
– Думай, – сказаў Валеры.
– Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму... Я хачу гэтага... Я не магу без вас... Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!
Цяпер усе глядзелі на Алеся.
– Выключэнне, – кінуў Алесь.
– Алесь, ты нялітасцівы, – азваўся Віктар.
– Як ты можаш? – спытаў Вярыга.
Маўчанне.
– Ты што, не бачыш? – сказаў Кастусь. – Ён малады, ён дурань.
У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.
– Я не буду страляцца, хлопцы, – сказаў Ямант. – Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць... Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь... Даруй мне, чуеш?
Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.
– Добра, – глуха буркнуў ён. – Я не буду ставіць гэтага пытання. – Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што...
– Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, – сказаў Валеры.
– Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, – Алесь паказаў на крайніх “левых”. – Няхай будзе так.
– Добра, – сказаў Серакоўскі. – Значыць, так і запішам: “Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць – вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ”. – І раптам дадаў: – А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.
Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.
– Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.
– Згода, – сказаў Зыгмунт.
Дзверы зачыніліся.
...Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.
– Нервы ў цябе, Кастусь.
– Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.
– Якой? Ты мне нічога...
– Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.
– Эпілепсія?
– Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.
Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.
– Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні – баліць, ад двудушнасці – баліць.
– Што, непрыемна?
– Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла – ты толькі не кажы нікому – і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста – ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць... Ну, лухта ж гэта, тым больш – я купіў ёй піражок... Дык нá табе – другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго... каменем.
Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.
– І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка... Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй... Як успомню – нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся... У мяне... з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака... Усе, каго ў жыцці бачыў... І глядзяць... Кожную ноч так.
Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.
– Даруй, мілы, – сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: – Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля... калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.