Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
– Шкада, што ты не ў мяне, – назнарок груба сказаў Алесь. – Я б табе за твае фантазіі... Пойдзеш сёння да мяне.
– Нашто?
– Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, “тройчы дзевяць”, настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае – халодныя ванны два разы на дзень.
Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.
– Медык, – сказаў Кастусь.
– А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі... Сур’ёзна, сур’ёзна, Кастусь... І яшчэ: закахацца табе трэба... Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.
Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.
– Слухай, Алесь, - сказаў Віктар. – Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу... Ты што, ад нас адмяжоўваешся? – вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.
– Кінь, – сказаў Алесь. – Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю – сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі – на асіну, мову – у школы, папоў – са школ. Ты гэтага хацеў?
– Ну... як... Н-не тое, вядома...
– А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі... Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў – трэба рабіць хоць што.
– Адкасніся ад яго, – раптам рэзка сказаў брату Кастусь. – Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. “Како веруеш?” Ён не горшы за цябе патрыёт.
Віктар разгубіўся ад нападу.
– Гэта хто? ― рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.
– Сляпцоў. Венгерскі герой.
– Ну і дурань, ― рэзка сказаў Кастусь. ― А той?
– Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.
– Гэты нашто?
– Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў – шырма. Каб не было блакітных “сяброў” з адпаведнага дома.
– Нядрэнна прыдумана. А той?
– Іваноў трыццаты.
– Ты што, жартуеш? – абурыўся Алесь.
– На самай справе. Ад’ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.
– Што, таксама маска?
– Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць... А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча... А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, – былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.
– А той хто, на вераб’я падобны? На вялізнага вераб’я.
– Талстой. Феафіл. Музычны крытык... А той – раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.
Адзін з гасцей асабліва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам – урэшце, бадай звычайным, – а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў.
Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.
Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.
Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзёнае неба.
У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.
– А таго ты не ведаеш? – спытаў Алесь, збіраючыся ўжо ісці назад у курыльню.
– Ведаю.
– Хто?
– Шаўчэнка.
Алесь міжвольна зрабіў два крокі назад. Раней чым мозг паспеў дадумаць, што гэта непрыстойна. Але ўсё адно было позна: густа-сіняга сурдута нідзе не было відаць.
...З курыльні большасць народу ўжо разышлася. Сядзелі ля агню толькі хлопцы, з якімі ў першы вечар пазнаёміўся Алесь, ды Малахоўскі, Мілевіч і Зыгмунт. Але затое набралася іншай моладзі. Некаторых Алесь ведаў. Унь тыя таксама землякі, з акадэміі мастацтваў. А той – сябра Урублеўскага па лясным інстытуце, цельпукаваты Яневіч, беларус з-пад Мядзеля. А той таксама свой, Антось Іваноўскі, сябра Віктара па працы і ідэях... Некаторых Алесь бачыў на пасяджэннях “Агула”.