Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
– Ямант, кінь, – сказаў Стэфан Баброўскі. – Ты што, не бачыш?
– Толькі не шкадаваць, – праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. – Толькі не шкадаваць!
– Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? – спытаў Зыгмунт.
Акрамя крайняй “левіцы” беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.
– Супраць – адзін.
– Два, – з клёкатам сказаў Віктар.
– Хто яшчэ?
– Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.
Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:
– За што ж стаіш ты, Зыгмунт?
Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.
– Не за калонію.
– А аб’ектыўна?
Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.
– За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы... Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.
– А ўсё ж робіце гэта.
– Чым?
– Словам “непадзельная”, – цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. – Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?
– Ну, ведаеш...
– Што “ведаеш”? – Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. – Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. – І, нібы страшэнную поўху, кінуў: – Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?
Зыгмунт сцепануўся.
– Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй “адзінай і непадзельнай”? Чым ты адрозніваешся ад...
– Кастусь...
– Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах “непарушны”, “непадзельны”, “адзіны”, калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.
Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.
– Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча – гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.
– Я не пратэставаў, – сказаў Серакоўскі, – я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так , але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. – Госас Зыгмунта гучаў суха: – Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.
– Сорам! – выгукнуў Ямант. – Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.
– Узаемадапамога! – сказаў Мілевіч.
– Сепаратызм! – сказаў Звяждоўскі.
Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:
– Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг – гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш – вось найлепшы грунт для братэрства.
– Чую, чым тут пахне, – сказаў Ямант пасля паўзы. – Рабесп’ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім... Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.
– Якога? – спытаў Баброўскі.
– Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.
Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:
– Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які... усё жыццё... Чалавек, які... напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?
І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.
– Прашу слова, – сказаў у цішыні Алесь.
Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.
– Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і “Агула”, – кінуў Алесь. – Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый...
– Ты што? – усміхнуў Кастусь.
– Раю не ўмашвацца.
– Я вас удару, Загорскі, – сказаў Юзаф.
– Не раю. Прапаную выключэнне.
– Падстава? – спытаў Звяждоўскі.
– Яднанне.
– Ясней.
– Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы... – Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. – І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай – пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла... Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?