Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.
Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.
Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур’ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі – ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.
Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.
Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у “Агул”. Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз’едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.
– Што ў цябе? – пытаў Кастусь.
– Дваццаць пяць новых, – казаў Вярыга. – Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.
– Бяда пафарбавала, – кашлянуў Віктар. – Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд... А ў цябе, Кастусь?
– Малавата. Дзесяць чалавек.
– Хто? – пісаў Віктар. – Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?
– Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро – студэнт, Янус Ахілес – студэнт, Дыміна Ціхон – семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан – студэнты. Здановіч Ігнацы – студэнт...
– Вільнянін?
– Ага.
– Сям’я неблагая... але спалоханая. А сын нішто хлопец... Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар’яты, Рабесп’еры, карбанарыі...
– Нічога, - сказаў Віктар. – Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.
– І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.
– Згода. Будзем.
За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі “літаратурных вечароў” – Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі[33].
Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.
А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.
– Ідэя паўстання і ўскраіны, – часам далятала да Алеся. – Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут... Трэба спытаць у хлопцаў... Хоць бы ў яго ці ў Віктара.
З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на “ногі”, бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы – ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.
– Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, – сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. – Будзем гуляць ці не?
33
Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г.