Вялікія дарогі [пра мінулае]
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:
Гэтак пачалося Кастусёва жыцьцё ў Сухдоле. Ніхто яго не турбаваў. Ён хадзіў гуляць па вёсцы, нагледзіў кіёск з садовінай, які трымаў садавод-баўгарын. Ды яшчэ была ў сяле крама, дзе можна было купляць колькі хочаш памідораў, яблык і грушаў. На іх ня было ніякага абмежаваньня, як на хлеб, мяса ці масла, якія адно па картках можна было даставаць.
З раніцы Кастусь працаваў, рэдагуючы рукапісы ўспамінаў ды розныя адозвы ўдзельнікаў Слуцкага паўстаньня. Потым ішоў гуляць па ваколіцах вёскі. Хадзіў і ў Прагу, звычайна пешша, бо дарога была ўніз і ня зморвала. Назад часам таксама ішоў пешшу, а калі пачуваў сябе змораным, сядаў на аўтобус, які за колькі хвілінаў давозіў яго з Прагі на Сухдол. У жніўні, калі ўжо сьпелі грушы й ад ветру звальваліся на зямлю, Кастусь ідучы па дарозе з Прагі, зьбіраў іх і з асалодаю еў...
Хадзіў Кастусь яшчэ купацца ў басэйн недалёка ад Сухдолу. Туды можна было хутка дайсьці па прыгожай, парошанай бружмелем дарозе. Назад ён часам вяртаўся ў кампаніі дзяўчат-купальшчыц. Тыя дзівіліся зь ягонае мовы й ніяк не маглі ўразумець, што ён не «рус», а «беларус». «Ано, ано, мы-ж і кажам «рус», - казалі яны, пачуўшы ў слове «беларус» корань «рус». Дзяўчаты хіліліся да гаворкі зь ім, але самому Кастусю цяжка было падроблівацца да іхняе мовы. Скажа адно чэскае слова, а за ім пасыпле двумя ці трымя сваімі. Часам яны добра разумелі па-беларуску. А калі ён пераходзіў на расейскую мову, дык неразуменьня было куды больш. Відаць, старая беларуская гаворка значна бліжэй да чэскай, чымся сучасная літаратурная расейская.
З адной высокай, чарнявай чэшкай, Марыяй, Кастусь завёў нават сяброўства. Аднойчы ўвечары, вяртаючыся з купаньня, Кастусь нават абняў яе каля хаты. Дзяўчына адказала пацалункамі. Але Кастусь сьпяшаўся дахаты, каб не змушаць гаспадара заседжвацца позна. Дзяўчыне не падабалася, што яе новы залётнік рана пакідае яе. Яна крыху пасьмяялася з таго, што яму, маменькаму сынку, ужо пара дахаты. Але сяброўства не перарвалася.
Вядома, добра было жыць у Сухдоле, аднак Кастуся ўсё часьцей цягнула ў Прагу. Захацелася жыць у самім горадзе. Ужо сам натоўп, што запаўняў вуліцы і плошчы, значыў многае для яго. Прага вабіла многімі спакусамі. Нарэшце, купіў мэблю з гасподай у цэнтры Прагі ў чалавека, якому не дазвалялі жыць у ёй. Ня думаў тады Кастусь, што хутка й ён падзеліць лёс тога выгнанца. Ён цешыўся з раскошы кватэры. Цяпер можна было прывезьці маці зь Нямеччыны й разам зь ёй каратаць апошнія месяцы вайны, пераседзець ліха ў такім спакойным горадзе сярод добрага, як беларусы, народу.
Неяк у лістападзе Кастусь зьезьдзіў пад Брэслаў і прывёз адтуль зь лягеру сваю маці. Колькі было радасьці пасьля даўжэйшае разлукі. Трэба было рэгістравацца ў паліцыі. І тут Кастусю сказалі, каб ён выязджаў з Прагі. Загадалі ехаць у Нямеччыну. Маці не чапалі, старая нікому не патрэбная.
Неяк хутка прыйшлі два агенты і забралі Кастуся з сабой на станцыю, адтуль проста павезьлі ў Вену. Прыехалі туды ўначы, акурат на Куцьцю, 24 сьнежня 1944 году. Агентам не выпадала чакаць, калі адчыніцца біржа працы, каб здаць затрыманага. Яны далі Кастусю накіраваньне й загадалі ісьці ў тую ўстанову, як адчыніцца.
Кастусь трымаў тую паперу ў руках і меркаваў, што рабіць. Прыгадаў, што ў Вене жыў ягоны знаёмы мастак, рэфэрэнт беларускіх школаў у Латвіі. Успомніў ягоны адрас і вырашыў проста паехаць туды няпрошаным госьцем.
Мастак той жыў у драўляным дамку, на ўскраіне Вены, у глыбіні старога саду. Ён быў рады знаёмаму госьцю, знайшоўся і ложак, і міска, і покут. Цэлых два тыдні гасьцяваў Кастусь у Вене, аб якой засталіся толькі найлепшыя ўражаньні.
Думка пра пакінутую маці ўвесь час не пакідала Кастуся. Аднак ён паехаў спачатку ў Бэрлін да свайго былога супрацоўніка, паэты Альгерда Собаля, які жыў у інтэрнаце. Кастусь спыніўся ў яго пакойчыку. Разам яны хадзілі ўвечары глядзець на агні пажараў, што паглыналі суцэльныя кварталы пасьля налётаў амэрыканскае авіяцыі. Яны бачылі сапраўдную агонію вялікага гораду, што паміраў за грахі фюрэра і злачынствы нацыстаў у Эўропе. А калі Бэрлін на вачох ператвараўся ў груду руінаў і пачаў быць падобным на цэглавае страхоцьце, Кастусь рашыў уцякаць, ізноў у тую-ж Прагу.
І вось аднаго вечару праз начную цемру праскіх вуліцаў ён нарэшце дацягнуўся да тае гасподы, дзе жыла ягоная маці. Была, ведама, вялікая радасьць спатканьня. А калі сталі абмяркоўваць, што рабіць далей, аставалася адно: хочаш - ня хочаш, прыдзецца ехаць у Нямеччыну.