Вялікія дарогі [пра мінулае]
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:
Да начы цягнік пераехаў дзяржаўную мяжу і апынуўся ў Прусіі. Раніцай менскіх бежанцаў віталі вежы й старажытныя гатычныя званіцы касьцёлаў места Кенігсберга. Яно жыло далёкім ад фронту жыцьцём. На вуліцах франьцілі добра апранутыя маладыя жанчыны й пажылыя мужчыны. Бесклапотныя, яны верылі, што да іх вайна ня дойдзе. Кастусь падумаў, што калісьці гэтак і расейскі мужычок з-пад Пензы суцяшаў сябе, што рэвалюцыя да яго ня дойдзе. А тут у кажнага немца-прусака была ўпэўненасьць, што Райх сюды чужакоў ня пусьціць. Усе глядзелі на ўцякачоў як на дзіва, якое нейкім чынам дакацілася да іх мірнай зямлі.
Праз пэўны час усіх уцекачоў скіравалі ў лягер пад Бэрлінам. Там пачалося цяжкое лягернае жыцьцё па галоднай норме, з абавязковай працоўнай павіннасьцю для ўсіх працаздольных, з бязконцым чаканьнем канца вайны, з нэрвовым напружаньнем у часе паветраных налётаў амэрыканскіх бамбавікоў, з пажарамі навокал, калі гарэлі цэлыя кварталы гораду... А побач жылі людзі, прывезеныя на працу ў Нямеччыну з Усходу, - остаўцы. Ім было яшчэ горш, чымся ўцякачам. Куды-б яны ні ішлі, яны мусілі насіць на грудзёх начэплены знак «ост». І немцы адразу бачылі, скуль той чалавек, і цураліся яго.
Усе чакалі канца вайны, які ўжо быў не за гарамі. Пасьля кажнага налёту амэрыканскіх летакоў рабілася зразумелым, што перамога саюзьнікаў нямінучая. Нешта трэба было рабіць, каб хутчэй выпутацца зь цянётаў ваеннае завірухі. І Кастусь адважыўся ехаць у Прагу-Чэскую, пакуль што бяз маці, як-бы на разьведку.
20. У ЗАЛАТОЙ ПРАЗЕ
Чэхія, адлучаная ад Славаччыны, была на той час, як пратэктарат, часткай Райху. Аднак паехаць туды было цяжэй, чымсьці за мяжу. Славянам не давалі прапускоў і не дазвалялі там сяліцца. Тым ня меней Кастусь скарыстаў нагоду, калі адмысловыя камісыі на вуліцах Бэрліну выдавалі прапускі, каб людзі ехалі куды далей і каб не было ў Бэрліне такога зборышча народу. Дастаў і ён такі пропуск у пратэктарат Чэхію. У Прагу Кастуся прапусьцілі, думалі, што ён адно праездам, і не запыніцца там.
Аднак Кастусь рашыў ня ехаць далей, а знайсьці свайго новага калегу, зь якім запазнаўся на Кангрэсе ў Менску. Той жыў на Сухдоле, паўночным прыгарадзе Прагі, яшчэ з таго часу, калі пакінуў родную Случчыну пасьля разгрому Слуцкага паўстаньня. Тут ён скончыў палітэхнікум, ажаніўся з чэшкаю й асеў у Празе, займаючыся гандлем у краме недалёка ад цэнтру Чэскае сталіцы. Аднак застаўся сьведамым беларусам, выпісваў беларускія літаратурныя часапісы з Менску, прымаў удзел у беларускім студэнцкім жыцьці, сам выдаў зборнік нотаў для беларускіх сьпеваў. Разам з Кастусём быў удзельнікам Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, - тады й запрасіў яго прыехаць у госьці.
Цягнік прыйшоў у Прагу ўвечары. У прывакзальнай залі Кастусь убачыў групу чэскіх студэнтаў, якія сьпявалі мілагучную песьню. Кастусь змог зразумець, што гэта песьня аб прыгажосьці багемскіх гор, аб дзяўчыне-прыгажуні, што жыве ў тых горах. Але ў горадзе яго няпрыемна ўразіла тое, што на кажным кроку былі аб'явы на нямецкай мове, нібыта гэта не Чэхія, а нямецкі край. Было багата і нямецкіх салдатаў. «Але нічога, пачакаем, не заўсёды кату масьленіца», - падумаў Кастусь. Цяпер яму трэба было знайсьці лаўку, каб перачакаць тую ноч і нараніцы пайсьці шукаць таго свайго калегу.
Назаўтра Кастусь ішоў уздоўж Вацлаўскага намесьця й дзіваваўся помнікам сьвятому Вацлаву, прыгажосьцю тае шырокае вуліцы-плошчы, па абодвы бакі якой разьлягліся вялікія камяніцы. А ў баковых вуліцах віднеліся помнікі архітэктурнага рэнэсансу - сярэднявечныя гмахі шматлікіх касьцёлаў і цэркваў. За Карлавым мастом зь вежамі высіўся знаны Праскі Град і Малы горад. На правым беразе Влтавы прыцягаў зрок Стары і Новы горад з крэпасьцю Вышград. Гатычныя сабор сьвятога Віта і Ўладыслаўская заля Прэзыдэнцкага Палацу, Ратуша й Цінская царква, барокавы храм сьвятога Мікалая ды палац Бэльвэдэра, - гэтыя шэдэўры пакідалі ў душы Кастуся незабыўны сьлед павагі да гістарычнага мінулага гэтага народу, знанага змаганьнем за незалежнасьць. «Так, гэта сапраўды «злата Прага», найбольш высунуты на захад бастыён славянскае культуры ў Эўропе, - думаў Кастусь. - Вось, каб удалося зачапіцца тут ды пажыць хоць які час, каб ня бачыць пабоішча. Вайна мне ўжо ў горле косткай стаіць...»
Аўтобус завёз Кастуся на Сухдол. Ён хутка знайшоў патрэбны дом, і неўзабаве яго віталі, як чаканага госьця. Гаспадар, шырокаплечы высокі бляндын з блакітнымі вачыма, адразу запрасіў сесьці за стол і пачаў частаваць рознымі прысмакамі. Не забыўся даведацца, як было ў дарозе, ці дзе госьць перакусваў. Гаспадыня, сярэдніх гадоў чэшка, з прыемным тварам таксама завіхалася каля Кастуся. Па сьнеданьні гаспадар пайшоў разам з госьцем у сельскую ўправу Сухдола, прапісаў яго й атрымаў харчовыя карткі.