Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— А я нават вырашыў пасябраваць з тым кудлатым сімпатычным сабакам. Брэша ён вельмі весела, — усміхнуўся кот Міамурмарор і па-кацінаму сеў каля ног сяброў, прыкрыўшы свае лапы хвастом.
— Добра, — пагадзіўся маг Ніціч, — у мяне ёсць свой персанальны шчыт. Я аддам яго вам, але гэтага ўсё роўна мала. Шчыты трох дзяжурных я аддаць не магу...
— Выбачайце, а з чаго зроблены ваш шчыт? — перапыніў яго кот Міамурмарор.
— Ён выплаўлены з шэрага каменя. З жалезняку... Гэта доўга.
— Я ведаю, што нам рабіць! — як заўсёды ні з таго, ні з сяго сказаў Бедалдай. — Сваёй сякерай я высеку з шэрага каменя пліты — на іх мы і паляцім.
— Гэта вельмі небяспечна! Вы не зможаце імі кіраваць!
— Зможам! — рашуча сказалі Арцін і Алеолла.
— Калі ласка, правядзіце Бедалдая да самых «магнітычных» глыб у корані скалы, — папрасіў мастак Дроздзіч такім тонам, што маг Ніціч проста не змог штосьці запярэчыць.
Ён склаў далоні рупарам і крыкнуў:
— Другі дазорца, неадкладна падніміцеся ў грот!
Бедалдай звузіў свае і без таго вузкія вочы:
— Спадзяюся, вы не хочаце мяне з ім пасварыць, — ваяўніча сказаў кат, — ці прапанаваць нам зноў пайграць у вашы бірулькі?
— Не. Я спрабую дапамагчы вам, — адказаў маг Ніціч, — і прашу, не перашкаджайце мне ў гэтым.
У залу ўбег задыханы віцязь. Па яго твары бачылася, што ён толькі нядаўна прачнуўся.
— Бернет, адвядзі гэтых чацвярых у зброевы пакой, і хай выберуць сабе, што застало ся, — маг Ніціч паказаў на Алеоллу, Арціна, мастака Дроздзіча і ката Міамурмарора, — а мы з Бедалдаем спусцімся ўніз.
Толькі цяпер погляд Бедалдая стаў менш напружаным.
— Прашу, ідзіце за мной, — сказаў яму маг Ніціч.
— А вы кіруйце за мной, — дружалюбна запрасіў Бернет астатніх.
Маг Ніціч і кат спусціліся па шасце, што вісеў ў лесвічным праходзе, да самога «кораня» скалы. Сякера ката лёгка рассякала шэры камень. Бедалдай хутка адшчапіў ад скалы дзве пліты для Алеоллы і Арціна, закругліў куты, каб яны не былі занадта вострымі. Дзвюх пліт было дастаткова. Сам Бедалдай і кот Міамурмарор паляцяць на сякеры, мастак Дроздзіч — на шчыце мага Ніціча, а Арцін з Алеоллай — на высечаных плітах.
Бедалдай і маг Ніціч вярнуліся ў грот.
Віцязь Бернет адвёў сваіх спадарожнікаў па пячорнай галерэі ў зброевы пакой. Ён адамкнуў велічэзны замок і адкрыў дубовыя дзверы:
— Выбірайце.
Выбіраць, праўда, амаль не было з чаго.
— Мячы мы робім з зубоў рыб, якіх разводзім у вадзяным рове, але цяпер, як вы самі бачыце, засталося ўсяго два кінжалы. Затое ёсць кальчугі з рыбінай лускі — нашы рыбы, як і змеі, змяняюць скуру. Нядаўна гэта адбылося. Іх луска надзвычай трывалая і гнуткая.
Мастак Дроздзіч і Алеолла ўзялі сабе па кінжале, а Арцін заявіў, што зможа абысціся сваёй каменнай сякерай.
— Ды ўжо... — скептычна ўсміхнуўся Бернет, гледзячы на каменную сякеру Арціна, — не вельмі застрашвае. Вазьмі лепш кінжал з зуба рыбы. Ён трывалы і востры.
— Лепш бы вы, дазорцы, далі нам свае шчыты і зброю — усё роўна спіце.
— Гэта цяпер спім. А калі змена скончыцца, уступім у баявы шыхт. Лятучы шчыт у кожнага віцязя персанальна выліты і падагнаны. А раптам мне давядзецца ляцець за параненымі? Альбо прыйдзецца адбіваць палонных? Таму, на жаль, ні свой шчыт, ні свой меч я даць не магу. Такое ў нас вайсковае правіла.
— Ды добра, я пажартаваў, — ганарліва адказаў Арцін, — я будучы віцязь, і не прыстойна віцязю ваяваць чужой зброяй.
— А кальчугу апрануць я вам настойліва раю, — сказаў Бернет.
Арцін, Алеолла і мастак Дроздзіч апрануліся ў рыбіну луску і сталі падобнымі да дзіўных іхтыяндраў — людзей-амфібій. Самым фантастычным з усіх выглядаў кот Міамурмарор: галава — вушаста-вусатая, грудзі і спіна — рыбіныя, а лапы — звычайныя, кашэчыя, пакрытыя вогненна-апельсінавай поўсцю ў чорную палоску. У ягонай кальчузе давялося прарабіць дзірку для хваста. Калі кот варушыў лапамі і тузаў хвастом, стваралася ўражанне, што гэта сам вогнік — падземная істота з целам з агню, чамусьці закутая ў рыбіную скуру.
— Мне зброя не трэба, — Міамурмарор не любіў кінжалы, нажы, дзіды — бо яны зроблены для людскіх рук, таму і не зручныя для катоў, — мне досыць уласных кіпцюроў і іклаў, — пры гэтым кот прашыпеў, выпусціў кіпцюры, раззявіў пашчу і паказаў іклы, пусціў асляпляльную іскру па поўсці...
— Зброя табе і не трэба. Ад аднаго твайго выгляду можна самлець са страху, — сказала Алеолла.
Бернет выбраў кальчугу для Бедалдая — прыкінуў па сваім памеры, і пасля ўсе вярнуліся ў грот.
Маг Ніціч і Бедалдай тым часам паднялі на пад’ёмніку дзве высечаныя са скалы пліты.