Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.
— Пачакай ты тут. Не пакутуй — не паможаш… Сам прыдумаў?
— Сам. Я пайду.
Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.
— Як думаеш Гелену забяспечыць?
— Хіба ўсё будзе добра?
Стала цішыня.
— Мнямля, — сказаў дзед. — Першынцу!.. Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.
Алесь ускiнуў вочы:
— Дзядуля.
— Што "дзядуля"? Дам, нічога не зробіш.
Схіліўся да Алеся:
— Хадзем, вып'ем з табою.
Гадзінай пазней Алесь зноў хадзіў туды і сюды па калідоры. Вакол была тая самая нясцерпная цішыня.
Здалося? Не, не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Яшчэ стогн… Яшчэ… Стогны былі ціхія, стрыманыя, але кожны працінаў сэрца.
Не ведаючы, куды схавацца, Алесь адчыніў дзверы. Нявялікая, амаль пустая камора. Акенца ў дзве далоні.
Ён стаў між пустых бляшанак і торб з мукою і гарохам і чакаў. Стогны… стогны… Ці гэта ў вушах?
Вітахмоўцы, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе.
Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў "браць на сябе", але ў пушчу ўсё адно ішлі… Гэта звалася кувада… Няўяўнай старадаўнасці звычай…
Ён не ведаў, як пакінуў камору, як арынуўся зноў ля дзвярэй. Была цішыня, і ён зразумеў, што стогны яму толькі здаваліся і, магчыма, даўно ўжо адбылося горшае.
Адчынiлiся дзеры. Не заўважыўшы яго, выскачыла i пабегла некуды сядзелка. Праз шчылiну ён на iмгненне ўбачыў лекара. Лекар стаяў i трымаў у руках нешта чырвонае.
І раптам пралунаў калідорам крык. Слабенькі, але на ўсесь палац, на ўвесь свет — крык.
З дзвярэй выйшла павітуха, прыкрываючы ручніком балейку.
Голас у пакоі нібы дзіўна перабіваўся, распадаўся і зноў злучаўся:
— А-а! А-а-а! А! Э-э-э! Гэ! Гэ! А-а-а!
Еўфрасіння выкацілася з дзвярэй. У яе трэсліся вусны.
— Двайняты! Князюхна, мілы! Хлопчык і дзяўчынка.
Спляснула рукамі, пабегла некуды. Дзве сядзелкі пабеглі назад у пакой. Пачалася мітусня. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, і ён сеў на нізкае падвоканне.
Густа сцямнела за акном, як заўсёды перад золкам.
…Зноў Глебавічна. Аж захлынаецца:
— А божа ж мой! Вырастуць дзеткі! Прывядзе яна іх пад грушку. Будзе для іх сяпяжаначкі рваць. А тыя будуць есці ды смяяцца на сонейка.
З усмешкай праз слёзы зірнула на Алеся і раптам шырока расплюшчыла вочы:
— Паніч! — і пацалавала ў лоб…
Зноў заплакала:
— Такая ўжо мне радасць! Не было ж у мяне дзетачак. Ні ад мужа-нябожчыка, ні потым…
Выцірала кулакамі вочы. Так, як ніколі не рабіла пры пану Данілу.
Два скруткі ў руках Глебавічны. У верхняй частцы кожнага скрутка было нібы акенца.
У кожным акенцы было нешта чырвонае i непрыгожае. Кожнае непрыгожае муляла нечым, зусiм непадобным на рот.
— Патрымайце, гэта трэба.
Ён трымаў гэтае, цёплае, праз тканіну, а жанчына падтрымлівала. І ён баяўся, што заламае гэта ці возьме неяк не так.
І раптам гэтыя, як па камендзе, расплюшчылі вачы. Вочы былі шэрыя і ўжо доўгія. Ці, можа, гэта так здавалася? Шэрыя і доўгія. Ягоныя.
— Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.
Жанчына недаверліва глянула на яго:
— Ідзі-ідзі. Не хлусі.
…Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.
— Прыехаў? — хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.
Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:
— Даруй мне.
Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:
— Я цярпела… Суткі… А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, — вочы яе заззялі. — І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з'явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.
Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.
І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.
У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.
Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.
— Адмовілася.
— Я ведаў, — сказаў дзед. — Хто?
— Двайняты.
— Што-о? — Вежа выпрастаўся.
— Хлопчык і дзяўчынка, — Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.
Было маўчанне.
Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.
— Бацька будзе кумам, — сказаў дзед. — Клейна — кумою. Каб не было падазрэння на імёны.