Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца — добра. Не згодзіцца — праз шлюб кагосьці за нашчадкаў — звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы… Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.
І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:
— Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву…
— Дзеду, — пачырванеў Алесь. — Няма нічыёй віны… Віна жыцця.
— Віна? — вочы старога Вежы ззялі. — Ду-рань! Гэта слава жыцця!.. Бяжы туды!.. Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў — да парадзіхі. Квіты!..
Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй… І — мяжа. Нельга далей.
Ён то сядзеў на падвоканнi i глядзеў на яе дзверы, то хадзiў узад i ўперад.
Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.
— Як жа гэта вы надумаліся?
— Так, — сказаў ён. — Што там?
— Цяжка, князюхна, — сказала яна. — Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. "Дурніца… Радасць у свет нясеш". Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.
— Не ведаю.
Жанчына знікла.
Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.
Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.
Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.
— Сыне, мілы, — сказаў бацька. — Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.
Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.
Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.
— То як? — спытаў бацька. — Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць — на выкуп?
Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.
— Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? — спытаў бацька.
— Здарожыўся, — сказаў Вежа. — Ану, патрымайся трохі, Алесь.
Але ён мог бы не казаць гэтага.
"Калі толькі ўсё будзе добра — трэба ўсё аддаць", — успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.
— Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.
— Пойдзем, сыне, — сказаў дзед. — Потым.
— Не. Хай скажа, — вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. — Як?
— Не трэба землеўласніцтва, — сказаў Алесь. — Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы… Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.
Пан Юры ліхаманкава падлічваў.
— Па столькі валок! — сказаў ён. — Па… У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям'ю. А дзе і болей. Запусцяць!
— Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.
— У старцы нашчадкаў? — ускінуўся пан Юры. — З розуму выжыў, сту-дэнт.
— Чакай, — насцярожана сказаў дзед. — Хай даводзіць…
— Хай фермерствуюць, — сказаў Алесь. — Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае — мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.
— У старцы нашчадкаў пусціць? — зноў гнеўна спытаў пан Юры.
— У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.
— Буды… гуты… У купцоў ператварыцца?
— У купцоў — не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем'і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні… па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ — машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу… Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.
А сам думаў: "Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі".
— Я б на таваім месцы падумаў, — сказаў сына Вежа. — Нешта ва ўсім гэтым ёсць. — І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: — Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?
— Галовы, — наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.