Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 192
Перейти на страницу:

Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.

Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. “Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом”.

Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.

– Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў – плаці.

Вар’яцкія вочы глядзелі з усмешкай.

Корчак маўчаў.

Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.

– Бацька, што гэта ён? – спытаў Алесь.

– Брыда, – сказаў пан Юры. – Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.

Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.

– Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?

Корчак маўчаў.

– Мерыцца, – з удаваным шкадаваннем сказаў Кроер. – Непісьменны, бедалага. Не чытаў. Не ведае, чым цар Мурашка скончыў[69].

– Чаму не ведаю? – сказаў раптам Корчак з нейкім заліхвацкім адчаем. – Вельмі нават добра ведаю:

Галовачка бедная ад жару трашчыць, Ножкі на чырвоным на жалезным сядле.

У адказ пан Кроер ударыў, відаць, не вельмі моцна, бо быў знясілены п’янкай.

Алесь глядзеў на гэта разгубленымі вачыма: ён упершыню бачыў, як б’юць звязанага.

Галава ў Корчака не хіснулася ад удару. З нейкай злоснай радасцю ён сказаў:

– Дрэнна б’еш… А шкада, паночак, што мяне па дарозе да сваіх схапілі. Вух, як бы з гэтага кубла дымком ірванула! – Корчак глытнуў паветра. – Шкада… Аднаго шкада: разлічыцца не паспеў…

Кроер адпачываў, і вочы яго былі каламутныя ад гневу.

– Дык у цябе яшчэ і свае былі? – ціха спытаў ён.

– А як жа. Не святым жа я духам жыў са жніва да масленай. Хавалі, памагалі.

– Дзе хавалі? Хто?

– А гэта ты ўжо сам даведайся.

Кроер плюнуў і зноў, неяк наўскасы пасоўваючы сваю доўгую постаць, рушыў па брудным снезе да звязанага.

– Дзе? – ён ударыў зноў, на гэты раз пад ніжнюю сківіцу.

Корчак сплюнуў крывёю ў снег.

– Уцэліў-такі, – сказаў ён. – Вядома. Над пешым арлом і варона з калом.

Гэта было ўжо занадта. Кроер адчуваў сваю п’яную слабасць і стаў шукаць вачыма чагосьці больш важкага.

Якраз у гэты момант конюх прывёў панам коней. Пан Юры разбіраў павады. І тут Кроер заўважыў у руках у конюха карбач. Ірвануў яго з рук дваровага і з подбегам, сагнуўшыся, ударыў Корчака па твары. Карбач не быў падплецены свінцом – толькі падвіты гнуткім медным дротам, – і гэта ўратавала Корчака ад смерці.

Твар у Корчака заліўся крывёю. Вусны ў пана трэсліся. На шчоках плямамі з’яўляўся і знікаў румянец. Дзесяць, дваццаць, сорак удараў…

Алесь глядзеў на расправу шалёнымі вачыма. Білі звязанага чалавека, які не мог бараніцца…

Корчак не мог ужо стаяць. Ён сеў на снег, заліты крывёй, хапаў паветра.

– Да-бі, – толькі і здолеў сказаць ён.

І паваліўся тварам у снежную кашу.

– Аз-зіят, – вонкава спакойна сказаў пан Юры і дадаў: – Аляксандр, у сядло.

Алесь не мог адвесці вачэй… Удар… Яшчэ… Яшчэ ўдар. Яны падалі, як па сэрцы.

Чалавек у снезе выцягнуўся.

І тады, сам не разумеючы, што ён робіць, падлетак кінуўся да Кроера і падставіў руку. Карбач рассек адным махам вопратку і скуру, закруціўся вакол запясця. І тут Алесь перахапіў яго і з усяе сілы таргануў на сябе.

Яму ўдалося вырваць акрываўлены бізун з рук дарослага. Бледны, з чырвонымі плямамі на шчоках, Кроер непаразумела глядзеў на Алеся.

– Сволач, – у дзіцячым горле нешта клекатала. – Нізкі, злы чалавек.

Паразумеўшыся, Кроер пагрозліва пасунуўся на яго.

І тады Алесь, калоцячыся ад злосці, ведаючы, што гэты можа ўдарыць яго, размахнуўся і – як трымаў – дзяржальнам, з усёй сілы, упершыню ў жыцці, уляпіў… проста ў перакошаны твар.

Кроер схапіўся за сківіцу. Потым ускінуў кулакі.

…І тут дужая рука пана Юрыя адкінула яго ад сына. Мільгануў паўз іх Біскуповіч, схапіў карбач і адшпурнуў яго ў снег.

– Слухай, ты, – сказаў пан Юры. – Дзярмо! Гніль! Калі ты зачэпіш яго, ты жоўцю рыгаць будзеш…

– Чакайце, Загорскі, – спакойна сказаў Біскуповіч. – Не пэцкайце рук.

– В-арта! – ледзь выдушыў з сябе Кроер, і гэта прагучала ціха, але гнеўна.

Рукі пана Юрыя і Біскуповіча леглі на рукаяці кордаў.

– Вы пашкадуеце, Кроер, – спакойна сказаў Біскуповіч. – Каб праламаць вам галаву, хопіць хвіліны.

Кроер азірнуўся. Але жандары відавочна баяліся ўмешвацца ў спрэчку высокіх паноў. Стаялі моўчкі.

Пан Юры спакойна пасадзіў Алеся на Ургу і падвёў Біскуповічу ягонага каня.

Ускінуліся ў сёдлы. З месца – толькі брудныя снежныя пырскі паляцелі – узялі наўскапыта.

…Вёрст праз пяць, калі стала зразумела, што пагоні не будзе, пусцілі разгарачаных коней рыссю. Алесь загаліў рукаў, разглядаючы крывавы рубец.

– Ён мяне ўдарыў, – непаразумела сказаў ён.

Бацька з жалем глядзеў на сына.

– Ты пагарачыўся, – сказаў ён. – Таму што тры чалавекі маглі б налажыць галавою за аднаго, якога ўсё адно чакае Сібір, смерць у рудніках… А як бы тужыла твая маці… Або пана Біскуповіча жонка… Абяцай мне, што ты…

Алесь не вельмі ветліва сказаў:

– Гэтага я не магу абяцаць.

– Правільна! – сказаў Біскуповіч.

…Корчака сапраўды чакала Сібір. Калі Мусатаў, пачуўшы Кроераў крык да варты, выбег з дому, заліты крывёю, але ўсё яшчэ жывы Корчак непрытомна ляжаў у снезе.

Мусатаву ўдалося адгаварыць раз’юшанага пана ад пагоні. Корчака ён аддаў жандарам і загадаў везці яго ў Сухадол.

…А Кроер прыклаў да сківіцы снег і накіраваўся ў дом.

– Гарэлкі, – толькі і здолеў сказаць ён загонавым.

…Пачаўся неўтаймаваны, страшны разгул. Тры дні Кроераўшчына захлыналася ў віне. Галас стаяў над тымі, хто абпіўся, песні, лаянка.

На пяты дзень на нагах засталіся толькі Кроер ды Іван Таркайла. Сядзелі пры святле адной свечкі ў хатняй малельні, чокаліся адзін з адным і ашалелымі вачыма сачылі, каб другі выпіў да кроплі. Кроер пачаў быў ужо працэджваць віно з бутэлькі праз пальцы, бо ў кожнай бутэльцы сядзеў чорт, вельмі падобны на марскога канька, – але ўсё неяк абышлося. Каб не лаяцца, вырашылі ўвесь вечар гаварыць па-французску. Іван гэтай мовы не ведаў, а п’яны язык Кроера і на сваёй з цяжкасцю сплятаў два-тры словы.

– Ішлі б спаць, чэрці, – грубіяніў Пятро, лёкай Таркайлы.

– О, мон, дыё… нон… Алон!… Перапіць – кураж! – вёрз немаведама што Таркайла.

Пятро смяяўся. Кроер глядзеў на яго цьмянымі вачыма.

– А ты чаго рагочаш, Пятро? Панімаеш нас?

– Ён в-ведае, – казаў Таркайла.

– Знаеш французскі язык?

Пятро пакрыўдзіўся:

– Анягож.

– Ну то які ён?

– Чырвоны, – сказаў Пятро. – Як… сабачы…

– Пр-равільна, – сказаў Таркайла. – Златавуст.

Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі (магло быць дрэнна, калі задумаюць асвяжацца ў палонцы ці скакаць на конях), а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы:

– Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і п’юць, як перад загібеллю.

– Дзіва што, – сказала кухарка. – Цяпер яшчэ, кажуць, у Пецярбургу змея пусцілі па жалезных каляінах… Змей, разумееш, бяжыць па дарогах. Гэта ўжо канец свету.

– Але, – згадзіўся Пятро. – Гэты не пашкадуе. Гэты зжарэ ўсіх.

ХХІІІ

Спачатку выпусцілі свае коцікі вербы. Потым, перад вялікаднем, пачалі сачыцца празрыстым сокам пні ссечаных бяроз. Пасля пупышкі сталі зялёныя, а лясы – цёмныя. Пазней заплакалі перад купаллем травы: меліся назаўтра загінуць. А затым прыйшла чарга палегчы каласам.

вернуться

69

Падчас вялікай сялянскай вайны семнаццатага стагоддзя паўстанцамі – мужыкамі Міншчыны – кіраваў Мурашка. Згодна з паданнем, смяртэльна параненага ў бітве “мужыцкага цара” пасадзілі на распалены дачырвана жалезны трон. 

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)