Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 ... 192
Перейти на страницу:

Алесь не стрымаўся.

– Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я – беларус.

– Адзін Гаўрыла ў Полацку, – усміхнуўся хлопец. – Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ – Капернік.

– Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…

Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага.

А хлопец раптам сказаў:

– Я шкадую, што цябе стукнуў.

– І я таксама шкадую, – Алесь падаў хлопцу руку.

Хлопец зрабіў крок, і падлеткі моцна паціснулі рукі.

– Ты адкуль такі? – спытаў хлопец.

– З Дняпра. А ты?

– Я тутэйшы. Бацька прывёз тавар, а я з ім.

– Твой бацька купец?

– Не, дваранін. Але ў яго ёсць маленькая фабрычка. Абрусы, сурвэткі, усё такое, словам.

– Значыць, вы небагатыя?

– Небагатыя. У нас вялікая сям’я. Адных дзяцей лічыш-лічыш ды саб’ешся.

– Ты вучышся дзе?

– Тут і вучуся, – сказаў хлопец, – у прагімназіі. Праз пятнаццаць нейкіх дзён канец волі. Зубрэнне гэтае. А ты любіш вучыцца?

– Люблю. Толькі я дома вучуся. Мяне рыхтуюць у чацвёрты клас.

– Маеш шчасце. Я таксама вучыцца люблю, ды толькі настаўнікі ў нас дрэнь. – Уздыхнуў. – Скончу, пайду ва універсітэт. Урокамі буду зарабляць, а выб’юся. З нашай зямлі не пражывеш: бацька ўсіх не пракорміць.

Дакрануўся да распухлай губы.

– Б’ешся ты здорава, – засмяяўся ён. – Прыклаў руку, дык не раўнуючы як станавы прыстаў… Давай знаёміцца, ці што?

Алесь падаў яму руку.

– Давай. Я Алесь Загорскі.

– Кастусь Каліноўскі, – сказаў хлопец.

Яны стаялі і разглядалі адзін аднаго.

– Давай уцячом, ці што, – сказаў хлопец. – Пакуль крамы бацькаў тавар бяруць, паходзім, паслухаем.

– Давай… Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Хай помніць, як мы біліся тут ды мірыліся.

– Вядома, – сказаў Кастусь.

Памянялі грошы, усыпалі старому ў шапку цэлую жменю медзі і пайшлі ў людскі натоўп.

– Чаго гэта ты, братка, так на мяне насыпаўся? – спытаў Алесь.

– Ды стаіць, гляджу, такі павіч, толькі што хваста веерам не распускае. Стаіць і цераз грыб плюе: срэбра яму не шкада беднаму чалавеку.

– Ну і што?

– Каб ты ведаў, як страшна б’юць гэтых людзей, ты б так лёгка не глядзеў на гэта. Тым больш лірнікаў. Гэтых кожная сытая храпа лічыць за нязлоўленых злодзеяў і злачынцаў.

– За што?

– Падазроныя людзі. Прыедзе аднекуль з Піцера мардастая поскудзь. Такі ўжо магнат, такі нобіль – хвігаю носа не дастанеш: “Дзікуны брудныя, тубыльцы”. Па кірмашы ідзе, як чума, ты скажы, ідзе – бязлюдзее кірмаш. А старцы – яны ж сляпыя. Падыдзе, слухае, слухае. “Гэт-то што ж ты, па-дла, спяваеш? Які гэта турэцкі цар?! Намьок!!! На якой гэт-то саб-бачай гаворцы, пр-ра якога гэта Ваську Вашчылу?! Пр-ра якога гэта свінскага Міхася Крычаўскага?!” Ну, стары апраўдваецца: “Ён, паночак, цішайшаму цару спрыяў, Аляксею…” – “Што?! Паганец, быдла, чарвяк мог цару спрыяць?!” Ды старому – у вуха. А на ліру – нагою.

– Ліру нашто?

– Кніг пазбавілі – хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля.

Ішлі ў чалавечым моры. Вакол стаялі смех, божканне, нязлосныя праклёны.

– Ведаеш, – сказаў Алесь, – я вельмі быў здзіўлены. Стаіць сабе чалавек – і раптам гаворыць аб самым тваім, аб тым, пра што сам думаў.

– Але ж і яны, – рука хлопцава зрабіла круг у паветры, – таксама такія ж, як ты, толькі не знайшлі, як сябе называць.

І паўтарыў, відаць, чужыя словы:

– Безгалосае мора.

– Як гэта яны такія? – спытаў Алесь. – Мы, вядома, усе ад Адама. Адзін народ. Але ж мы дваране.

– Ну і што? Было ж у нас калісь так, што мужык, калі ён ахвотай ішоў на вайну, рабіўся дваранінам. Так, відаць, і ўсе. Твае продкі раней – і таму яны арыстакраты. Мае – пазней, і таму я проста з небагатых дваран. А ёсць яшчэ шляхта, што сама зямлю арэ. Тыя зусім учарашнія мужыкі.

– Дваране нашы цару таксама небяспечныя.

– Ёсць і такія.

– Нездарма ж пасля апошняга паўстання многія тысячы з іх, самых небяспечных, у аднадворцы перавялі. Зганьбілі людзей. Галадаць прымусілі.

– Мы таксама з такіх, – з нейкім выклікам сказаў Кастусь.

– То і вы аднадворцы?

– Але. Сенат не зацвердзіў.

– Дзед казаў, гэта яны назнарок, – сказаў Алесь. – Ну, ва ўладара граматы за стагоддзі згарэць ці струхлець маглі. Дык пашукайце ж у каралеўскіх архівах, у спісах, у кнігах старых… Не. Хочуць як мага больш людзей прынізіць.

Кастусь кусаў доўгую саломінку, што выскубнуў з воза.

– Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак – будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва – гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу – і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.

Хлопец гаварыў гэта паважна, але відочна завучана.

– Скуль гэта ты такога набраўся?

– Брат казаў, – з нейкім адразу прасвятлелым тварам сказаў Кастусь. – А ты адкуль?

– А ў мяне дзед.

– Ясна, – сказаў Кастусь. – Вось і ведаем ужо самы першы запавет. Брата і дзеда не чапаць. І панствам не ганарыцца.

– І тут твая праўда, – сказаў Алесь. – А то зусім выйдзе па прыказцы: “Шумі-гудзі, дуброва, едзе князь па дрова”.

Кастусь хораша смяяўся. Белыя зубы вельмі ўпрыгожвалі аблічча. І ўсмешка была шчырая, чыстая. І яшчэ Алесю падабалася, што вочы ў Кастуся былі не зусім сіметрычныя: адно трохі-трохі вышэй за другое. Гэта надавала ягонаму абліччу нейкую незвычайную, уладную і моцную характарнасць.

Гамонячы, яны ішлі бясконцым кірмашом, а вакол іх заліваліся гліняныя свісцёлкі, шалёна круціліся напалову пустыя каруселі, заклікаў у свой балаган дзед з кужэльнаю барадою:

– Заходзьце, браты-сястрычкі родныя, заходзьце, мужы-жонкі зводныя! Дзівосы на калёсах: хлапчук з сажнёвым носам! Марская царэўна! Янка – волат, жарэ адно толькі сырое мяса – па сем фунтаў на дзень. Узгадавала яго мядзведзіха! Ёсць яшчэ дзівосныя звяры… марская свінка і кракадзіл. Той самы, што праглынуў прарока Іёну. Па-біблейску кіт, па-нашаму кракадзіл… Страшны звер… Да нас!… Да нас!

Граў на гарлачах ганчар, і ў адказ яму ляцеў спявучы перазвон крышталю, па якім вадзіў шкляной палачкай гандляр-венгр. Кубракі-мсціслаўцы совалі пад нос людзям кнігі і малюнкі.

– Багаты які кірмаш, – сказаў Алесь.

– Багаты, – адказаў Кастусь. – Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. А сёлета яшчэ горш будзе. Бяднеем.

– Чаму так?

– Няма ні грошай, ні хлеба. Зямля збяднела. Лясы высеклі. У рэках вывелася рыба, у пушчах – звер. Раней-то, кажуць, усяго было: і звера, і птушкі, і дзікага мёду. Ідзі сабе, чалавек, у лес, расчышчай ляды. Сам ты сабе гаспадар. А цяпер адзін паратунак – горад. Ды і там… Ну каму тут патрэбны свечкі? Мыла? Вось гэты чай? Або цукар? Чаю мужык не п’е, мыецца ён венікам, вечарам сядзіць пры лучыне.

…Алесь прабыў у Свіслачы яшчэ тры дні. І ўсе гэтыя дні хлопцы не гублялі адзін аднаго з вачэй. Хадзілі па кірмашы, забіраліся ў сутарэнні разбуранага касцёла. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку, прысвечаную сярэдзіне кірмашу, пасля якой кірмаш ідзе на спад. А Алесь звадзіў яго ў балаганы, бо з грашыма ў новага знаёмага, відаць, было не густа. Хлопец не манежыўся, але, як то належыць сапраўднаму хлопцу, прымаў кожны знак павагі да сябе з пачуццём нязломнай уласнай годнасці.

І, непрыкметна для саміх сябе, яны пасябравалі за гэтыя дні. Пасябравалі той хуткай дружбай падлеткаў, што ўзнікае нечакана, а застаецца надоўга. Часам на ўсё жыццё.

1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)