Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Канцэпцыі і дзеяньні палітычных актораў акупаванай Беларусі знаходзіліся ў глыбокай узаемнай супярэчнасьці, і тактычныя пагадненьні паміж імі на тэрыторыі акупаванай Беларусі былі зьяваю даволі рэдкай. Аднак трэба заўважыць, што гэты шматбаковы фронт не абмяжоўваўся толькі адзначанымі нацыянальнымі крытэрамі: зь цягам часу да савецкага партызанскага руху ўсё часьцей пачалі далучацца ня толькі беларусы, але і палякі. Многа палякаў служыла ў беларускай дапаможнай паліцыі, а беларусы, у сваю чаргу, складалі немалы працэнт сярод жаўнераў Арміі Краёвай, асабліва на Віленшчыне і Наваградчыне. Такія паводзіны тлумачыліся ня толькі ідэалягічнымі матывамі, але і іншымі акалічнасьцямі, у тым ліку і прымусовым узьдзеяньнем. Нягледзячы на гэта, тагачасная сытуацыя вельмі нагадвала грамадзянскую вайну і ня ўкладвалася ў рамкі клясычнага ўзору «акупанты — акупаваныя».
Непасьлядоўныя дзеяньні нямецкіх акупацыйных уладаў, асабліва ў тым, што датычыла карных мэтадаў, яшчэ больш ускладнялі заблытанае становішча. Вынішчэньне мірнага насельніцтва, паленьне вёсак і г. д. у ходзе карных апэрацыяў, якія ажыцьцяўлялі СС[3] і паліцыя, выклікалі процідзеяньне генэральнага камісара Вільгельма Кубэ — ён зрабіў стаўку на палітычнае вырашэньне канфліктаў і здабыцьцё грамадзкіх сымпатыяў. Ува ўлоньні акупацыйных уладаў таксама намеціўся сур’ёзны раскол. У дадатак, ува Усходняй і Заходняй Беларусі існавалі адрозьненьні ў сыстэмах акупацыйнага рэжыму: у першай панавала вайсковая адміністрацыя, а ў другой — цывільная.
Пры такіх складаных умовах было няпроста ацаніць многія зьявы і падзеі ў акупаванай Беларусі. Пасьля вайны, на Нюрнбэрскім працэсе, шэф Галоўнай управы СС,[4] а зь лета 1943 г. — фактычны кіраўнік усходняй палітыкі Трэцяга райху Готлаб Бэргер[5] сказаў, што Беларусь — гэта зямля, «на якой, на жаль, нельга было высьветліць, што было фікцыяй, а што — праўдай». Джэрард Райтлінджэр — дасьледчык нямецкай палітыкі на акупаваных землях СССР — лічыў, што ў той час у Беларусі панаваў «закон джунгляў».
Гэтая сытуацыя аказала ўплыў на кірункі дасьледаваньняў гісторыі акупацыі Беларусі, якія з розных прычын ахоплівалі толькі паасобныя бакі тагачаснай сытуацыі, стваралі выбарачную, а нярэдка — ідэалізаваную карціну. Так, дасягненьнем беларускай савецкай гістарыяграфіі ёсьць распрацоўка тэматыкі, прысьвечанай дзейнасьці савецкага падпольля і партызанскага руху, яе дасьледаваньні ў гэтай галіне — каштоўная крыніца зьвестак. Варта прыгадаць хаця б такія выданьні, як зборнікі дакумэнтаў, апублікаваныя Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытутам гісторыі АН БССР, у прыватнасьці, трохтомнік «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в года Великой Отечественной войны» (Менск, 1967–1982), «Подпольные партийные органы компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1975), «Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1976), а таксама выдадзеная трохтомная праца — «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1982–1985). Праблемы партызанскай вайны дэталёва асьвятляюцца ў калектыўных працах: «Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (Менск, 1959), «Гісторыя Беларускай ССР», т. 4 (Менск, 1975), а таксама ў дасьледаваньнях паасобных аўтараў: Л. Цанавы,[6] П. Калініна, І. Краўчанкі, П. Ліпілы, П. Панамарэнка,[7] В. Раманоўскага і іншых, нарэшце, ува ўспамінах шматлікіх яе ўдзельнікаў.
Карныя дзеяньні атрадаў СС і Вэрмахту разглядаюцца ў такіх дакумэнтальных публікацыях, як «Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии (1941–1944)» (Менск, 1965), «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии» (Менск, 1984), «Я з вогненнай вёскі» (Менск, 1975) пад аўтарствам Я. Брыля, У. Калесьніка і А. Адамовіча. Гэтую дзейнасьць звычайна паказваюць як вынік пасьлядоўнага генацыду беларускага народу, аднак ня ўказваецца, што яна была адказам на партызанскія выступленьні. Ня выйшла ў БССР і асобных дасьледаваньняў, прысьвечаных вынішчэньню габрэйскага насельніцтва. Мала ўвагі ўдзялялася нямецкай палітыцы на Беларусі, функцыянаваньню акупацыйнага рэжыму на яе тэрыторыі, нарэшце, дзейнасьці нацыяналістычных групаў. Гэтыя праблемы закранае В. Раманоўскі ў спэцыфічным кантэксьце выкрыцьця беларускага нацыяналізму (Саўдзельнікі ў злачынствах. Менск, 1964), а таксама А. Фактаровіч у сваёй працы, прысьвечанай барацьбе беларускіх партызан з аграрнай палітыкай акупацыйных уладаў. Павярхоўна раскрываюць гэтыя пытаньні і аўтары «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4).
3
4
Галоўная ўправа СС — вядучы кіраўнічы орган гэтай арганізацыі, да кампэтэнцыі якога належалі справы кадраў, права, адміністрацыі і г. д. — А. П.
5
Бэргер Готлаб (1896–1975) — генэрал войскаў СС. 20 жніўня 1943 г. быў прызначаны начальнікам 1-га галоўнага аддзелу імпэрскага міністэрства акупаваных усходніх земляў. — А. П.
6
Цанава Лаўрэнці (1900–1955) — у канцы 1930 — пачатку 1950-х кіраўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі БССР, фармальны аўтар кнігі «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков». — А. П.
7
Панамарэнка Панцеляймон (1902–1984) — былы першы сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху. — А. П.