Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Вялікія дарогі [пра мінулае]
Вялікія дарогі [пра мінулае] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вялікія дарогі [пра мінулае]

Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:

Ніколі яшчэ ў жыцьці Кастусь не адчуў так глыбака й непераможна прынабліва тое зяленіва, якое пакрывала сабой вяршаліну гэтага адзінотнага ясеня, што шырака раськінуў вялізарную шапку свайго лісьця ў баку вуліцы якраз насупраць гэтага вакна. Усё, што ён пабачыў за адну часіну, нейкім раптоўным набегам ускалыхнула глыбока душу вязьня й скранула яе з тае абыякавасьці, што, здавалася, даўно й назаўсёды валодала ёй. І гэтая ціхая бязьлюдная вуліца, што збочыла ад шумлівасьці людзкое сумятні й гармідару ў гэты спакой за колькі крокаў ад водгаласу трамвайнага скрыгату, і абмыты запозьнена-халодным, як для траўня, дажджом брук, і зацісьнены каменнымі панэлямі, але мацнейшы за ўсе штучныя перашкоды, рост маёвае сьвежа-зялёнае траўкі, што прабівалася праз найменшыя шчыліны, нясучы доказ няспыннага росту ўсяго жывога, і тая адзіная жанчына, твар якой зьверху трэцяга паверху нельга было бачыць — усё тварыля ўяву раптам адроджанага жыцьця.
1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 77
Перейти на страницу:

Ды вось у верасьні 1943 году Кубэ быў забіты мінаю ў сваім ложку. Падзею забойства гаўляйтэра савецкая прапаганда прыпісала ў заслугу А.Мазанік, якая працавала пакаёўкаю ў сям'і Кубэ. А.Мазанік прызналі ў Маскве гонар называцца гэроем Савецкага Саюзу...

Генэральным Камісарам Беларусі назначылі генэрала Готтбэрга. Першым мерапрыемствам нованазначанага камісара было акружэньне і арышт усіх людзей, што жылі ў блізкіх кварталах ад Генэральнага Камісарыяту. Нямаведама якога памеру дасягнула-б акцыя зьнішчэньня беларускага насельніцтва, каб не асабістая інтэрвэнцыя жонкі В.Кубэ - Аніты. Яна заявіла, што насельніцтва не вінаватае.

- Гэта сам Вільгэльм вінаваты. Зьвязаўся ён з распусьніцамі й Бог яго пакараў... - заявіла яна нямецкім уладам. Пагалоску гэтую пусьціў нехта з Генэральнага Камісарыяту зь невядомымі мэтамі. Гэтак яно, ці ня гэтак, аднак масавыя рэпрэсіі не адбыліся...

* * *

Калі распускалі прысьвіслацкі лягер інтэрнаваных, жыдоў ня выпусьцілі. Іх перавезьлі ў Менскую турму. Пасьля стварэньня жыдоўскага «гэто», іх перасялілі туды. Усю восень, пад аховай канваіраў, іх групамі ганялі на розныя працы па ўсім месьце.

Працавалі яны цяжка й задарма, толькі за кавалак хлеба. Невялікую групку жыдоўскіх дзяўчатаў прыводзілі на працу ў рэдакцыю. Тут яны працавалі пры пераборы папераў, якія на просьбу рэдакцыі былі прывезены з будынку Акадэміі Навук. Быў гэта архіў Інстытуту літаратуры й мастацтва, які выкінулі нямецкія салдаты, што пасяліліся ў будынку Акадэміі. Немцы ў халодную зіму таго году палілі ўсё ў жалезных печках, пастаўленых у пакоях акадэмічнае ўстановы. Пасьля шматлікіх скаргаў беларусаў, немцы нарэшце дазволілі забраць рэшту папераў ды перавезьці ў рэдакцыю газэты. Ляжала гэтае папяровае сьмецьце без дагляду. Нарэшце прыдзялілі гэтых жанчынаў разьбіраць яго. Маладзіцы пачалі капацца ў тых паперах дастаючы ўсё, што нагадвала рукапісы ці нешта вартаснае. Кастусь паабяцаў кожнай жанчыне па бохану хлеба за добрую знаходку. Тыя стараліся, як маглі. Найбольш было розных канцылярскіх папераў - справаздачаў ды іншае пісаніны, але часамі трапляліся й рукапісы.

Няшчасныя жанчыны ня ведалі, што іх чакае ў недалёкай будучыні. Яны спадзяваліся на палепшаньне свае долі. Але на пачатку лістападу 1941 году неяк уначы немцы падвезьлі да «гэто» колькі аддзелаў свае паліцыі ды групы бяздушных забойцаў. Апошнія набіраліся з розных крыміналістаў. Перад сьвітаньнем яны занялі месца паводле раней выпрацаванага пляну й па сыгналу пайшлі па хатах забіваць бязьвінных людзей: і старых, і малых, і жанчын, і дзяцей. Гэтыя забойцы выконвалі загад Гітлера пра канчатковае вырашэньне жыдоўскага пытаньня. Пачуліся стрэлы й за імі па ўсіх акружаных кварталах панесьліся людзкія крыкі й лямэнт аб ратунку. Людзі выбягалі з хатаў у чым спалі й беглі па вуліцы. Іх даганялі кулі й валілі на зямлю. На ходніках ляжалі забітыя. Страшэнны вэрхал працягваўся праз цэлы дзень. Забойцы шныралі па кішэнях забітых, шукаючы золата ды іншых каштоўнасьцяў...

Жанчыны з «гэто» ў рэдакцыю на працу ўжо не прыйшлі. Было ціха й нязвычна ў тым пакоі, дзе ляжалі паперы. Цяпер ніхто тых папераў не чапаў і куча іх ляжала, чакаючы пакуль выкінуць іх са сьмецьцем.

Глыбокім жалем ахінула душу Кастуся гэтая крывавая падзея. Гэта-ж былі людзі - кожны зь іх быў чалавекам, а чалавек, гэта - гучыць горда, як казаў яшчэ за цара Максім Горкі. Кожны зь іх марыў аб лепшым. Моладзь імкнулася вучыцца. Шмат жыдоў паходзіла з працоўнага асяродзьдзя. Іхнімі папярэднікамі былі местачковыя краўцы ці шаўцы, вясковыя кавалі, рамесьнікі. Аб іх пісаў наш пісьменьнік Зьмітрок Бядуля. Іх пазабівалі... Ну, а дзеці!.. Калі малое дзіцянё працягвае рукі да чалавека ў надзеі дастацца да матчынай цыцкі, а ён пускае ў яго забойчую кулю, такому чалавеку - праклён. Нелюдзі без чалавечага аблічча сталіся звыраднелымі забойцамі... Кастусю стала нават страшна думаць пра такіх нелюдзяў...

16. ПАД ЧУЖЫМ НЕБАМ

У Рызе Кастусю прышлося вытрымаць націск з боку нямецкага начальства, якому было-б прасьцей падначаліць беларускі часапіс, паслухмянаму латышу-рэдактару, а ролю беларускага супрацоўніка зьвесьці да перакладніка расейскіх матэрыялаў. Немцы хацелі абмежаваць арыгінальны беларускі матэрыял да чатырох балонак, а рэшту запаўняць перакладной прапагандай. Але Кастусь не згадзіўся быць адно выканаўцам волі чужога Беларусі чалавека. Ён стараўся замяняць накіданыя яму матэрыялы сваімі, з нацыянальнымі тэмамі. Праўда, пару першых нумароў прышлося запоўніць пераважна падсунутымі артыкуламі, у якіх хвалілася Нямеччына зь яе парадкамі. Але Кастусю было сорамна за пачатковыя нумары, і ён пачаў старацца перад начальствам, каб толькі яму аднаму давалася права падбіраць, складаць і рэдагаваць усе матэрыялы.

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 77
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)