Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Купцова застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і правільна, — ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай… Зрэшты, ён ня дужа і апраўдваўся — прызнаў усё. Але ў глыбіні душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскі шпіён ці беларускі нацыяналіст. Ён жа свой брат чэкіст. Павінны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылі на розьніцу паміж ім і сапраўднымі ворагамі народа, піхнулі ў гэтую машыну зь іншымі разам. З гэтымі шпіёнамі і шкоднікамі, нацыяналістам і нават недарэзаным буржуем. Кінулі ў адну машыну і яшчэ, глядзі, кінуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунізм, правы ўхіл. Ці нават шкодніцтва ў саміх органах.
У машыне панавала цішыня, толькі чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асабліва калі машына трапляе на выбаіну.
— Гэтак! На кудыкіну, кажаце? — ня мог чагосьці ўцяміць Аўтух і зусім апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Відаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, і ў хуткім часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблізу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць і ўдвая маладзейшы за яго, з гэткім самым прозьвішчам Казёл. Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык зьмяніў тое нягеглае прозьвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў газэтах, Фэлікс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькі чуў пра іх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь ім гаварылі мала, болей пра тое, як гэты Фэлікс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух ціха паклікаў:
— Фэля, а Фэля?
— Ну! — пачулася здаля ў машыне.
— Куды гэта нас вязуць?
— На выкананьне прыгавору, — зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлікс. I менавіта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.
— Няўжо на расстрэл?
— А ты думаў…
— Але ж… Я дык думаў… Можа, яны…
— Памаўчы лепш! — абарваў размову зямляк, якому, відаць па ўсім, было не да таго.
Сапраўды, размаўляць Фэліксу Грому было проста неяк, пасьля допыту ў яго душа балела ў грудзёх, было не ўздыхнуць. Ён толькі падзівіўся дзіцячай няўцямнасьці дзядзькі Аўтуха — ня ведае, куды вязуць, ці ня хоча паверыць, што ўсё ўжо скончана. Пазаўчора быў суд — дзесяць хвілін чыткі загадзя нарыхтаваных папераў, зь якіх яшчэ да прысуду ўсё стала зразумела. Відаць, нічога не зразумеў з таго ягоны аднавясковец Аўтух. Ці ўсё думае пра сваю пакінутую аднаасобніцкую гаспадарку пад лесам?
Фэлікс Гром даўно перастаў думаць і пра родную вёску, і пра Менск, дзе жыў і вучыўся, як паступіў у пэдагагічны тэхнікум, і нават пра сваю паэзію, зборнік якой ужо падрыхтаваў да друку і вясной здаў у выдавецтва. Цяпер яму ўжо не пабачыць таго зборніка, які, відаць, пакаралі раней за аўтара. У час сьледзтва на допытах розныя сьледчыя наперамен цытавалі старонкі ягоных арыштаваных вершаў — чыталі, крэмзалі і падкрэсьлівалі рознымі алоўкамі, пільна шукаючы хітра замаскаванай крамолы. Бліскае раніца агністая на хмарах восені маёй… Што значыць гэтыя вашы хмары? Анічога, апроч таго, што значаць хмары наогул. Э, не, у паэзіі хмары — гэта нешта іншае, казалі літаратуразнаўцы з наганамі на баку. Гэта на небе хмары ёсьць хмары, а тут штосьці іншае. Таемнае. Дык што такое гэтыя хмары? Што вы разумееце пад ранішнімі хмарамі?
Ён нічога не хацеў разумець пад хмарамі, затое нешта разумелі яны, але яму не казалі. Ён павінен быў сам здагадацца пра іхныя думкі і падказаць ад сябе. Вось тое было б прызнаньне, якога гэтак дамагаліся ад яго, і яму было б куды лепей. Але ён не здагадваўся й не прызнаваўся. Тады яго білі — палкай па нагах, ботам у грудзі, не давалі спаць трое сутак.
А пасьля пачалі шыць шпіянаж на карысьць Польшчы. I прыплялі да яго дзядзьку Аўтуха, што жыў за вёскай на хутары і не ўступаў у калгас. А ён з тым Аўтухом па сутнасьці і гутарыў усяго адзін раз летась, як прыяжджаў зь Менску да хворага бацькі. Тады хадзіў пазычыць каня, каб зьезьдзіць да доктара. Ды дзядзька Аўтух каня ня даў, сказаў узяць у калгасе, а яму трэба пасьпець звазіць сена, бо зьбіралася на дождж. I гаворкі ў іх было якіх пяць хвілін. I вось цяпер за тыя хвіліны — расплата. Абодва — да вышэйшай меры.