Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 229
Перейти на страницу:

33. Курылы. Кунашыры

Далёкаўсходні адрэзак майго жыцьця застаўся ў памяці як штось звыродлівае, маларэальнае, парадаксальнае…

З аднаго боку — звычайная армейшчына, службовая задубянеласьць і муштра. Але, накладзеныя на тамтэйшыя экзатычна-адмысловыя абставіны, інакшыя прыродныя ўмовы, яны ня толькі прыгняталі людзкія натуры, але і душылі іх сваёю выключнасьцю, непадобнасьцю на ўсё ранейшае, звыклае эўрапейскае.

Пасьля даўгога чыгуначнага падарожжа ўздоўж усяе Далёкаўсходняй магістралі, месячнага чаканьня ў казармах Другой рэчкі пад Уладзівастокам (тых казармах, дзе ў канцы 30-х гадоў быў перасыльны лягер і дзе скончыў сваё жыцьцё паэт Восіп Мандэльштам), пасьля марскіх вандровак у душных твіндэках грузавых суднаў па Японскім моры ўбачыў нарэшце месца свайго прызначэньня — пасёлак Галаўніно на паўдзённым канцы вострава Кунашыра. Тады ўжо быў не адзін, а з жонкаю Надзеяй Андрэеўнай, нядаўняй выпускніцай Гарадзенскага пэдінстытуту, якая мусіла выправіцца са мной у нязьведаны далёкі шлях.

Галаўніно выглядала з мора як група раскіданых на беразе нізенькіх драўляных дамкоў на фоне велічнай, зарослай лесам гары тутэйшага вулкану зь японскаю назвай Цяця-яма. (Яма — па-японску якраз гара.) У бок мора тырчэла драўляная збудоўка пірсу, на якім стаяла некалькі салдатаў, яны паказалі, дзе месьціцца штаб палку, куды мне і належала завітаць. На тым дзікім, гарыстым, парослым хвояй ды бамбукам востраве мне суджана было змэнчыць аж тры гады майго не старога яшчэ жыцьця.

Для жыльля была прызначаная цесная каморка ў драўляным, з дошак, як і ўсё тут, дамку, дзе замест крэслаў ці табурэтак служылі скрынкі, вечка адной зь якіх, прымацаванае ў падваконьні было сталом. На сярэдзіне каморкі месьцілася жалезная печка з праіржавелымі трубамі, выведзенымі ў падстольле. Аднойчы праз тыя трубы загарэўся гонтавы дах, што (на шчасьце) было заўважана гаспадаром, які якраз ішоў з казармы на сьняданак. Дом стаяў на самым беразе затокі, ззаду пад прызбу заўжды пляскаліся хвалі Ціхага, або Вялікага, акіяну. Затока ўвогуле была мелкаводная, зарослая марскімі водарасьцямі, якія ў адліў тоўста высьцілалі чорны ўзьбярэжны пясок. Часам мора выглядала нават прыгожым, асабліва ў пагодныя дні. Але пагодных дзён было ня надта багата, болей бушавалі вятры, у сьцюдзёную пару мяло сьнегам — замятала пасёлак да ягоных жалезных комінаў. Непрытульна выглядаў Вялікі акіян, а з другога боку сурова высіліся засьнежаныя горы на японскім востраве Хакайда, за якім было зноў мора і затым ужо Азіяцкі мацярык і далёка-далёка Эўропа. Беларусь мроілася ў няўяўнай далечы, ад якой часьцяком сьціскалася сэрца. I ня толькі ў мяне. Часам здараліся выпадкі самагубства, асабліва сярод маладых салдатаў і нават маладых афіцэраў. Тады некаторыя дзівіліся — чаму так? Што прычынай? Хто іх пакрыўдзіў? Я дык разумеў, чаму. Жахлівая адарванасьць ад звыклага побыту, адзінота, выкінутасьць з цывілізаванага (эўрапейскага) сьвету былі тою псыхалягічнай прычынай, што некаторым чуйным натурам не давала жыць. Тутэйшае паднявольнае салдацкае існаваньне рабілася нясьцерпным. Нейкім сродкам ад таго псыхалягічнага сіроцтва было б сяброўства, зямляцтва. Але ў мяне быў усяго адзін зямляк, салдат Барсукевіч, родам зпад Горадні, зь якім мы зрэдчас перакідваліся роднымі словамі. Ды хутка лёс разлучыў нас і з Барсукевічам.

На той час яшчэ ўзьнікалі нейкія літаратурныя памкненьні, пабудзілася паўзабытая тэма вайны. Напісаў дватры апавяданьні на беларускай мове, якія паслаў у Менск на адрас часопісу «Полымя», каб перадалі Міхасю Лынькову. Прозу гэтага аўтара любіў з даўняй пары, і, думалася, ягоная ацэнка будзе спрыяльнай. I праўда, даволі хутка (за якіх, можа, тры месяцы) атрымаў адказ — падрабязны разбор на некалькіх старонках. Як цяпер прыпамінаю, апавяданьні былі даволі слабыя, і Міхасю Ціханавічу спатрэбілася нямала такту, каб нешта сказаць па сутнасьці і не параніць аўтарскага самалюбства. Аўтар адчуў тое і болей не пісаў. Доўга не пісаў наогул.

Руцінная вайсковая служба ўвогуле была, як і ўсюды: заняткі, нарады, догляд зброі і тэхнікі. Ну і, вядома ж, палітпадрыхтоўка — сьвятая справа ўсёй Савецкай арміі. Але якраз руціннымі заняткамі мы меней за ўсё і займаліся, бадай усё першае лета пайшло на перавозку боепрыпасаў. Вялізныя акіянскія сухагрузы ці ня кожны тыдзень паяўляліся на нашым рэйдзе, і мы на лодках-кунгасах згружалі зь іх скрынкі (тысячы скрынкаў) самых розных боепрыпасаў, вазілі іх углыб востраву ў адмысловыя баясховішчы. Мяркуючы па ўсім, камандаваньне рыхтавалася да новага Порт-Артуру. Якраз усчалася карэйская вайна, і аднойчы нас, падняўшы па трывозе, вывелі на ціхаакіянскае ўзьбярэжжа. Адразу ж пачалі капаць-акопвацца, а затым будаваць болей грунтоўныя ўмацаваньні (бліндажы, бункеры, агнявыя пазыцыі, НП ды КП). З дня на дзень чакалі нападу амэрыканцаў. Начальства патрабавала дасканаліць абарону, перакрываць збудаваньні лесам ды глыбей закопвацца ў зямлю. А лесу не давалі, лясніцтва лавіла і штрафавала самавольшчыкаў, што секлі піхты ды хвоі. Афіцэры лаяліся, плацілі штрафы, а начальства патрабавала, каб усё было збудавана паводле статуту інжынэрнай службы. I так восень, зіму і лета. I зноў восень…

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)