Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Маім калегам па сакратарыяце быў Георгі Цьвятніцкі, чалавек трохі старэйшага за мой веку, сталы жыхар Горадні, вельмі дасьведчаны, выхаваны на старой расейска-польскай культуры. Ня маючы вялікай адукацыі, ён ведаў некалькі моваў і наогул ведаў усё. Калі ў каго ўзьнікала якое пытаньне (апроч, вядома, марксызму-ленінізму), на якое не было адказу ў БСЭ, зьвярталіся да Георгія Аляксеевіча, той, падумаўшы, адказваў. Апроч таго, ён, можа, адзіны ў тагачаснай рэдакцыі дасканала разьбіраўся ў паліграфіі, рабіў вёрстку палос, разьметку шрыфтоў і ў гэтым сэнсе быў чалавек незаменны.
Большую частку майго рабочага часу адбіраў пераклад на беларускую мову расейскіх матар’ялаў, перададзеных па тэлетайпе агенцтвам БелТА. Усе яны былі не малыя памерам — розныя пастановы, прамовы, канешне, з адзнакай «тэрмінова ў нумар», і мне даводзілася іх дыктаваць Станіславе Фадзееўне — ці не адзінай у рэдакцыі машыністцы, што ведала беларускую мову. Часам пісаў што-небудзь з драбноты па разьдзелу інфармацыі. Тады ж у выхадны накрэмзаў першае апавяданьне пра апошні дзень вайны. Намесьнік рэдактара А. Салаўёў прачытаў і сказаў: очань значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ў нейкія ўласныя здольнасьці. Але наступнае апавяданьне напісаў ня хутка. Прычынай таму зьявілася немалаважная акалічнасьць.
У тыя гады, як заўжды на пачатку лета, пачыналіся вайсковыя зборы запасьнікоў, і я атрымаў позву. Пайшоў да намесьніка рэдактара — што рабіць? Той кажа: дамо паперку, ідзі да ваенкама, прасі, каб вызвалілі. Пайшоў да ваенкама, аддаў паперку. Той незадаволена бурчыць: «Усе прыходзяць, суюць паперкі — асвабадзіць. А каго я пашлю? Мне 140 чалавек трэба набраць, што — сам за вас пайду?». I сядзіць з паперкай і ручкай, вагаецца, што напісаць? Я адчуваю, што вырашаецца мой лёс, і кажу:
«Калі ня вызваліце, дык рэдактар сказаў, будзе званіць у абкам». (Вось гэтага ня трэба было казаць, але зробленага ня вернеш.) Палкоўнік кідае ручку, паперку і крычыць:
«Што — у абкам? Пляваць мне на ваш абкам, у мяне во — загад міністра абароны, я яго выконваю. Усё! Iдзі. Пайдзёш на зборы!»
Гэтыя некалькі неабдуманых словаў вызначылі сутнасьць майго жыцьця на шэраг наступных год.
Назаўтра пайшоў на зборы — палатачны лягер у лесе непадалёк ад вёскі Грандзічы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралі ў мяне тры летнія месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкі, заняткі па артылерыі: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая… На пачатку восені — экзамэны, якія «шэньціла» мне здаць на пяцёркі. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вуліцы знаёмага афіцэра, які камандаваў намі на зборах, той пытаецца: «Ну што, Быкаў, гуляеш?» — Гуляю, кажу. — «Павестку яшчэ не атрымаў?» — Якую павестку? — «Хутка атрымаеш». Сказаў і пайшоў. I праўда, празь дзень выклікаюць у ваенкамат — расьпішыцеся. Выпіска з загаду міністра абароны аб залічэньні лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА. Праз тры дні яўка ў часьць. Ну, што рабіць? Пайшоў да адказнага рэдактара, той моўчкі разьвёў рукамі. Давялося зьбіраць «кружку, ложку, кацялок». На гэты раз паехаў далей — у Слонім. У сьвеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з пэрспэктывай перарасьці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысьціся было немагчыма.
Армію знайшоў амаль той самай, якою пакінуў два гады таму. Усё тое ж бязладзьдзе, нагнятаньне небясьпекі з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынялёў. (Да паловы зімы хадзіў у ватоўцы з прышытымі афіцэрскімі пагонамі на плячох.) I незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасьці. Усе статуты, інструкцыі, загады былі засакрэчаныя. Калі для заняткаў патрэбна было якое настаўленьне (а яно патрэбна было кожны дзень), трэба было ўранку атрымаць яго пад расьпіску ў сакрэтнай часьці, а ўвечары здаць. Узьнікала шмат блытаніны, і некалькі афіцэраў пагарэлі на тым. Адзін наш камбат, каб кожны раз ня бегаць у штаб па статут, што-нішто выпісаў зь яго ў свой блакноцік, які затым згубіў на занятках у полі. Праўда, блакноцік ня быў зарэгістраваны, і камбат асабліва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзьлеску калгасьнік і зрабіў, як ён думаў, добрую справу — у кірмашовы дзень адвёз блакноцік у Слонім.
Там вельмі хутка вызначылі, каму ён належыць, і празь які месяц з камбата зьнялі пагоны.
Зіму я прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў зноў у бабкі ў Альбярціне. Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сьцюжу. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца, і Быкаў атрымлівае новы загад: адправіцца на Далёкі Усход.